Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй
Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй

Электронная книга - «Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй». Краткое содержание книги:

Назва гэтае кнігі мае на ўвазе проціпастаўленне двух магістральных тэкстастваральных прынцыпаў, якімі кіруецца эстэтычная сістэма Алеся Разанава, абазначаных як медытатыўны і разумова-рацыяналістычны. У кнізе даследуецца і сістэмна класіфікуецца шырокі корпус паэтычных тэкстаў А. Разанава (ад першага зборніка да найноўшых), вызначаецца уплыў творчасці паэта на сучасны літаратурны працэс.
1 ... 55 56 57 58 59 60 61 62 63 ... 72
Перейти на страницу:

Другі спосаб («адваротны») заснаваны на перастаноўцы гукаў, што складаюць дамінантную рыфму, у адваротным парадку. Тут, гэтак жа сама, як і пры простым рыфмаванні, дакладная перадача гукавога складу дамінантнай рыфмы не абавязковая: «дым» – «мытня» (чаргаванне па глухасці – звонкасці [т]/[д]); «горад» – «дарога», «дарагі»; «дуб» – «буда», «буду», «будуецца», «будучы» і інш. Варта адзначыць, што ў майстэрстве гульні з адваротнасцю слова А. Разанаў, бадай, пайшоў далей за свайго рускага калегу, майстра паліндрому27, А. Вазнясенскага. Сярод беларускіх паэтаў маладой генерацыі найдалей як прадаўжальнік гэтай традыцыі сягнуў Віктар Жыбуль з сваімі паліндромнымі вершамі і паэмамі [49].

Пры «анаграмным»28 ці змяшаным спосабе слова, што рыфмуецца, утрымлівае поўны ці амаль поўны набор гукаў ключавога, размешчаных у адвольным, часам часткова адваротным, парадку: «жалеза» – «залежы», «праца» – «шпацыр», «акно» – «ікона».

Прапанаваная класіфікацыя спосабаў рыфмавання ў вершаказах досыць умоўная. Тут мы паказалі найбольш частыя варыянты алітэрацыйных і асанансавых чаргаванняў, што скарыстоўваюцца ў розных творах. У межах аднаго вершаказу ўсялякая сістэмнасць разбураецца, чытач становіцца сведкам бліскучай імправізацыі, гульні з гукам, што адкрывае нечаканыя сэнсавыя адценні слоў і паняццяў. Паэзія, паводле А. Разанава, «у адрозненне ад жывапісу, не здольна «зафіксаваць» менавіта гэтае дрэва, менавіта гэтую птушку, менавіта гэтага чалавека. Але затое яна здольна на іншае – «фіксаваць» работу душы, якая спасцігае свет» [102, 219].

Ніжэй прапануецца размежаванне трох структурных тыпаў вершаказу. Так, вершаказы першага структурнага тыпу створаны пераважна на матэрыяле слоў беларускай мовы і паводле страфічнай пабудовы набліжаюцца да версэту. У творах другога тыпу ў якасці дамінантнай рыфмы, поруч з беларускімі, выступаюць лексемы іншых моў. У гэтых творах паэт больш лаканічны: страфа заўжды адпавядае аднаму сказу. Вершаказы з разнамоўем хаця і вызначаюцца большай структурнай замкнёнасцю параўнальна з першым тыпам адкрываюць для гэтай аўтарскай формы шырокія абсягі для выяўлення нечаканых семантычных адценняў у «сферы гукасэнсу». У вершаказах трэцяга тыпу ў якасці ключавых выступаюць альбо семантычна блізкароднасныя пары слоў, альбо пары слоў з амбівалентнымі значэннямі. Прадэманструем усё гэта на прыкладах.

Ад самых першых вершаказавых формаў можна бачыць, што «суадгуканне» словаў не заўсёды падпарадкавана дамінантнай рыфме. Пэўныя лексемы ўнутры тэксту могуць рыфмавацца міжсобку. Такую рыфму знаходзім у выніковым сказе вершаказу «Камень»: «І кожны раз, калі жыццё распачынаецца нанова, яно распачынаецца не ab ovo (з яйка), а з каменя» [101, с. 24]. Акрамя самастойнасці рыфмы «нанова – ab ovo», звернем увагу на тое, што, праз увядзенне лацінскага выразу, гукапісальны эксперымент А. Разанава выходзіць за межы вузкамоўнага кола праблематыкі. У тым жа творы маецца абыгрыванне гукавых адценняў слоў з яшчэ дзвюх старажытных – індыйскай (санскрыту) і габрэйскай – моваў: «У камені спіць імя абсалюту – аум, альбо, паводле іншай транскрыпцыі, амін» [101, с. 24]. Як бачым, у адным сказе праз асэнсаванне архетыповых прыкмет ключавога слова адбываецца прыцягненне дыскурсу адразу трох рэлігійных ведаў – будысцкай («аум»), хрысціянскай («амін») і язычніцкай («камень»).

У звязку з толькі што працытаваным варта правесці наступную паралель. Як вядома, у розных рэлігійных практыках надзвычай вялікая нагрузка прыпадае на вербальны складнік – на тое, што называецца сілай слова (у малітве, мантры, замове і г.д.) ці трансцэндэнтнымі гукамі. Напрыклад, адэпты вучэнняў, што арыентуюцца на традыцыі старажынай індыйскай кнігі «Веды», падчас медытацыі прамаўляюць пэўныя ведычныя вершы, у якіх, як лічыцца, заключаны нейкі боскі код («імя абсалюту»), што валодае цудадейнымі ўласцівасцямі [гл.: 83]. Можна сказаць, што творчасць А. Разанава (хаця і без прывязкі да пэўнай рэлігіі) таксама скіраваная да пошуку вербальных кодаў, першасных значэнняў слоў, што сціраюцца-дэвальвуюцца ў працэсе іх камунікатыўнага развіцця з яго непазбежным клішаваннем. Пры гэтым, калі казаць пра тэкстастваральныя прынцыпы, паэтава даследаванне архетыпаў праз вершаказы не валодае медытатыўнасцю (як квантэмы, пункціры ці паэмы 1970-х), а, хутчэй, сягае да навуковага (а не інтуітыўнага) спосабу спазнання рэчаіснасці.

1 ... 55 56 57 58 59 60 61 62 63 ... 72
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)