Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй
- Автор: Івашчанка Анатоль
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: БНТУ
- ISBN: 978-985-525-021-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй». Краткое содержание книги:
«Рэчы» шмат у чым перагукаюцца з «Заваёўнікамі», у тым ліку – у роздуме над «апошняй мэтай», выяўленні сапраўдных жаданняў, прызначэння людзей, якія, як заўжды, «не ведаюць, што дзеяць». Пар.: «Яшчэ мы не здзейсненыя, і змены трывожаць наш розум: мы нават не ведаем, што нам належыць думаць і што – жадаць» [108, с. 192] («Рэчы-V») і: «Ніхто не ведае вашай апошняй мэты, і нават вы самі» («Заваёўнікі»-ІV).
Лірычны герой «Рэчаў», Ян, – знаходзіцца на шляху пошуку. Дзеля выйсця з-пад улады свету рэчаў, ён прыходзіць да ідэі «нябыту», што проціпастаўляецца блізкаму ў гучанні (і не менш) ілюзорнаму па сутнасці слову «набыткі». Гэтая ідэя, блізкая да дэкадансавай ідэі «Nihil» («Нішто»), займае для Яна месца вярхоўнага боства, да якога ён скіроўвае сваю «малітву»:
Прыйдзі і ўсталюй сваё валадарства і выбаві нас з абдымкаў нашых набыткаў, н я б ы т!.. [108, с. 193].
Паняцце «нябыт», што рыфмуецца з «набыткамі», на нашую думку, тут не тоеснае смерці фізічнай. Гэтае слова ўздымаецца да абстрактнага сімвалу не-бытавога (ня-быт) і мае на ўвазе метамарфозу да светапогляду чалавека, які жадае пазбавіцца спажывецкага меркантылізму, «улады рэчаў». Падобны матыў адмаўлення ад мірскіх законаў заўважаўся і ў традыцыйных вершах А. Разанава, і ў паэмах сярэдзіны 1970-х, і ў версэтах («Sumus ne simus»). Пошук Яна грунтуецца на адмаўленні рэчавасці. Гэта алегарычнае ўвасабленне пошуку вандроўніка, якому наканавана ўвесьчасна знаходзіцца ў дарозе (прыгадаем «вандроўныя» пункціры, дзе самамэтай ёсць ужо не столькі пошук, як назіранне, сам працэс): «Ён штосьці шукае, але калі пытаюцца – што, адказаць не можа: тое, што ён шукае, напэўна, нельга ні ведаць, ні мець» [108, с. 195].
Відавочна, што рэчавасць і яе творчае асэнсаванне займае паэта цягам усёй яго творчасці і ў розных жанрах (найболей – у вершаказах). Бо «рэчы» – гэта тое, з чаго складаецца рэчаіснасць (найбольш вычарпальнае даследаванне рэчавасці як сімвала і яе адбітак у свядомасці змешчана ў кнізе Аляксея Лосева [65]; беларускі мастацтвазнаўца Юрась Барысевіч працягнуў распрацоўку праблемы рэчавасці ў кнізе сваіх філасофскіх эсэ «Alter Nemo» [18, с. 32 – 41]; творчае даследаванне рэчавасці адбываецца ў лірычнай прозе Барыса Пятровіча (гл. нізку мініяцюр «Непатрэбныя рэчы» [89, с. 268 – 305])). Здолець выявіць, зразумець рэч, паспрабаваць намацаць першасныя сэнсавыя канатацыі пэўнага архетыпу азначае лепей спасцігнуць рэчаіснасць, светабудову. Нездарма апошняя з кніг, дзе сабраныя разам і «мірна» суіснуюць амаль усе (апроч зномаў) эксперыментальныя формы, завецца «Рэчаіснасць». Аднайменны версэт з фармальнага гледзішча разбурае ўсталяваную ў пачатку – сярэдзіне 1990-х гг. полістрафічнасць жанру, вяртаючы яго першапачатковыя рысы – меншую ступень празаізацыі і лаканічнасць поруч з большай ступенню падтэкставасці. На прыкладзе версэтаў апошніх гадоў можам канстатаваць парабалічнасць у развіцці жанру, вяртанне да яго ранніх узораў (версэты «Падзея», «Пажары», «Навальніца», «Узвышша», «Кожны» і інш. з кнігі выбранага «Лясная дарога» [108]).
Гаворачы пра версэт як пра «паэзію думкі», мы ні ў якім разе не адмаўляем творчасці А. Разанава ва ўласна «паэтычнасці», сведчаннем чаму – шырокае скарыстанне адпаведных прыёмаў (інверсія, градацыя, усе віды паралелізму, гукапіс, рытміка-інтанацыйная арганізацыя), што былі разгледжаны вышэй. Гэтым словазлучэннем мы не пярэчым і тэзе Г. Кісліцынай пра перабольшанасць уяўленняў што да «складанасці» гэтай паэзіі: «Здаецца, няма таго філасофскага паняцця, якое б не паспрабаваў акрэсліць А. Разанаў. Між тым складанасць яго паэзіі часта толькі вонкавая, і той, хто ўзяў на сябе працу заглыбіцца, хутка адчуе, што няма ў яго творах разумовасці, абстрактнасці, якая асацыіруецца звычайна з працэсам пазнання» [56, c. 70].