Белая муха, забойца мужчын
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Год: Галіяфы
- ISBN: 9789857140077
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Белая муха, забойца мужчын». Краткое содержание книги:
«Дзяўчаты, — сказаў жаласьліва Міхась Барадаўкін. — Мілыя мае дзяўчаты. Я Міхась Барадаўкін, я пішу вершы, якія ведае ўвесь народ. Той народ, які вас выкарміў, выпаіў малаком мацеры. Паслухайце хоць раз Свайго Паэта!»
«Такіх ня знаем», — суха прамовіла дзеўка з шалёнымі каровінымі вачыма і выключыла скайп.
Наступную спробу Міхась Барадаўкін зрабіў празь некалькі гадзін. Ён думаў неўпрыкмет зьехаць дамоў у сталіцу, туды акурат ішла падарожная міліцэйская машына — але яго перахапілі на паўдарозе няветлівыя людзі ў пінжаках, прыцягнулі пад белы ручкі да манітора і зноў вывелі на сувязь.
«Приказ держать вас тут, пока не уговорите», — з смурной зласьлівасьцю сказалі пінжакі. Сталі вакол яго кругам, упіўшыся вачыма ў дзевак, якія зноў зьявіліся ў маніторы, крыху зьдзіўленыя, што бачаць перад сабой той самы спацелы пажылы твар.
«Дзяўчаты! — урачыста сказаў Міхась Барадаўкін, цяжка дыхаючы. Было горача і неяк ненатхнёна (добрае слова, адзначыў сам сабе паэт). — Заклікаю вас падумаць пра нашы народныя традыцыі, якія заўжды трымаліся на жанчынах, вось на такіх самых, як вы. У нашай старадаўняй краіне жанчына заўсёды была храніцельніцай дамашняга ачага, надзейнай апорай мужчыну, ягоным верным двухногім таварышам і слугой. Што сталася б з нашай Бацькаўшчынай, калі б не спрадвечны закон палавой сэгрэгацыі? Апеты ў нашым старадаўнім фальклёры. Колькі існуе прымавак пра вас, жанчын, пра ваш розум і вашую бязьмежную цярплівасьць? Ня мела баба клопату — купіла парася, баба хрома — сядзі дома, курыца ня пціца, баба не чалавек, баба з возу — каню лягчэй…»
Тут Міхась Барадаўкін нутром адчуў, што кажа нешта ня тое, асекся, закусіў губу, выцер пот і склаў смаркатку ў нагрудную кішэнь са значком Саюзу пісьменьнікаў.
«Дзяўчаты, мілыя мае дзяўчаты! — усклікнуў ён, адвярнуўшыся ад экрана і зьвяртаючыся хутчэй да мужчын у пінжаках, чым да ненавісных дзевак. — Богам прашу, вы ж маці, кожная з вас носіць пад сэрцам радзімы кусок, паслухайце мяне! Я ўжо стары чалавек і з вышыні сваіх гадоў хачу сказаць: кіньце вы гэтыя апасныя ігрышчы, адпусьціце людзей! А, і баб таксама адпусьціце! Дзетак малых пашкадуйце! У вас жа ёсьць дзеткі?»
«Не», — коратка адказала адна з тэрарыстак і выключыла Міхася Барадаўкіна, выключыла бесцырымонна і груба, быццам яго і не існавала, быццам не напісаў ён некалькі тамоў кніжак пра Бацькаўшчыну і яе аднаполых бацькоў.
Больш тэрарысткам ніхто не званіў. Замак ашчэрыўся зброяй. Кола машын і людзей вакол яго зрабілася яшчэ вузейшым і няўхільна працягвала сьціскацца. Да канца гісторыі, у самым цэнтры якой я апынуўся, заставаліся адзін нядоўгі вечар і адна доўгая, доўгая, доўгая ноч.
27. Вялiкi народ
Нашыя суседзі за сьцяной, відаць, увесь дзень спалі, ачомваючыся ад гулянкі — а цяпер, з надыходам цемры, зноў распачалі баляваньне. Гэта нагадвала адначасова правіныцыйную дыскатэку, зьезд нацыянал-эўразійскай партыі, новае ўзяцьце Бэрліну і рытуальныя танцы скіфаў пасьля захопу багатай здабычы — і мае браты па няшчасьці, што былі задрамалі, паўздымалі цяжкія галовы, заварушыліся, з зайздросьлівай тугою ўзіраючыся ў непрыступную сьцяну.
«Во дают», — сказаў Віталік.
«Нам бы так», — уздыхнуў Паўлюк.
«Великий народ», — сутаргава зглынуўшы сьліну, пацьвердзіў Міхаіл сьвет Юр’евіч.
«Могли бы и мы потанцевать, — з папрокам сказала Жанчына ў Зялёным. — Завидую тем, кто вот так, в последние минуты перед атакой… Может, завтра нас всех уже не будет в живых».
«Мужчины! — набраўшыся сьмеласьці, усклікнула Віталікава жонка і сама спалохалася ўласнага голасу, пачырванела і дадала ўжо цішэй: — Пригласите дам на танец! Или у нас дамы приглашают кавалеров?»
«Да какие они мужчины… — сказала гаспажа Ацтэцкая. — Что они могут… Тряпки…»
«Папрашу вас не абражаць паноў! — запярэчыў пакрыўджана Рыгор. — Усяму свой час, на ражон лезуць толькі тыя, у каго малако на губах…»
«Да тише вы, вашу мать! — крыкнуў Цімур. — Смотрите!»
Усе недаверліва павярнуліся туды, куды ён паказваў. Да таго месца, дзе сьцяна ў кветачкі, якая дрыжэла ад конскага тупату нашых суседзяў, плаўна пераходзіла ў размаляваную анёлкамі столь, пышную, аздобленую вяршковымі атынкаванымі завіткамі.
Адтуль, прарастаючы ва ўсе бакі тонкімі шчупальцамі, па сьцяне толькі што пайшла расколіна.
Доўгая і страшная расколіна, што пабегла ўніз, да падлогі, расколіна, якая рабілася ўсё шырэйшай — з кожным стукам, з кожным ударам нябачных капытоў, якія чуліся з суседняга пакоя.
«Есть! — глуха прамовіў Міхаіл Юр’евіч. — Пошла, родимая!»