Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Белая муха, забойца мужчын
Белая муха, забойца мужчын - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Белая муха, забойца мужчын

Электронная книга - «Белая муха, забойца мужчын». Краткое содержание книги:

Новы раман Альгерда Бахарэвіча — гісторыя жаночай банды, «дзевак без цара ў галаве», якія кінулі выклік патрыярхальнаму грамадству. Хто яны: тэрарысткі, вар’яткі, мастачкі? Або проста прывіды мінулага, з якімі нечакана сустракаецца галоўны герой кнігі?
1 ... 52 53 54 55 56 57 58 59 60 ... 69
Перейти на страницу:

Галіна Вітольдаўна Бабец, дырэктар замкавага комплексу ў выгнаньні, ад інтэрвію адмаўлялася, і яе ўпартасьці і гераізму пазайздросьціў бы любы генэрал — а неўзабаве яна і зусім перастала адказваць. Так ёй параілі зрабіць людзі са спэцыяльных службаў: замест размоваў з журналістамі Галіне Вітольдаўне давялося весьці зусім іншыя гутаркі, распавядаючы ў дэталях, як адбываўся захоп — а да таго ж складаць фотаробат Босай і Джэка Патрашыцеля, апісваць Фалічныя Сымбалі, прыгадваць асаблівыя прыкметы. Усё гэта так стаміла дырэктарку, што яна пачала блытацца ў паказаньнях — і яе на нейкі час таксама залічылі ў падазраваныя. Недвухсэнсоўна слабы пол Галіны Вітольдаўны наводзіў сьледчых на роздумы… Адзін зь іх нават высунуў вэрсію, што Галіна Вітольдаўна, як той павук, трымала ў руках усе ніткі пачварнае змовы — а Босая была толькі цацкай у яе руках. На шчасьце, для таго, каб належным чынам разьвіць гэтую цікавую тэорыю, у сьледзтва не хапіла фантазіі.

Зрэшты, праўдзівай інфармацыі ў прэсы было вобмаль — здавалася, Босая гуляе з журналістамі, ставячыся да прапагандысцкай кампаніі па-дзявочаму легкадумна. Так, яна напісала ў сацыяльных сетках пра тое, што разам з паплечніцамі ўчыніла захоп Замка, цалкам усьведамляючы наступствы свайго ўчынку — то бок узяла на сябе адказнасьць. Так, усім было патлумачана, што банда, якая такім нахабным чынам парушыла законы краіны і грамадзкі спакой, складаецца з адных жанчын. Так, слова «фэмінізм» прагучала, і нават слова «радыкальны» — але людзі і жанчыны Краіны Замкаў рашуча адпрэчылі такую пастаноўку пытаньня: «Што за лухта! У нас няма ніякага фэмінізму! — сказалі яны дружна як адзін. — І не было ніколі. Наш народ ня мае такой традыцыі. У нас здаровая нацыя, толькі з бачкоў крыху падпсаваная, падгнілая, але калі ножычкам асьцярожна абрэзаць — можна ў салат!»

І яны, вядома, мелі рацыю. Большасьць заўжды мае рацыю і да хлебу надзённага ёй дастаецца салат «Цэзар». Галоўнае, каб сярод большасьці была хаця б адна жанчына, якая будзе прадстаўляць інтарэсы Евы на тым няспынным судовым працэсе, што завецца Гістарычным. Легчы дзеля легітымнасьці на яго ложа — сьвятая справа, абавязак сапраўднай кабеты.

Ніякага фэмінізму тут не было, бо не магло быць. Дзеўкі былі, а фэмінізму не было — таму што гэта было слова ня з нашага лексыкону. У беларускай мове не магло існаваць слова «фэмінізм». І на гэта былі нават фанэтычныя падставы: кожнаму, хто калі-кольвечы вучыў беларусіш, хаця б раз у жыцьці казалі, што гук «ф» не ўласьцівы нашай жытне-баравой мове. Беларусы змагаліся з гэтым гукам як маглі, цягам многіх стагодзьдзяў, упарты гук лез на нашую зямлю, але яго праганялі, віламі, цапамі і мячамі, грабелькамі і саўкамі, шуфлямі і газонакасілкамі. Беларусы нішчылі паганы гук, трушчачы яго на часткі, ператвараючы ў «хв», у «п», у пыл: Хведар, хвартух, картопля. «Фэмінізм» гучаў вусьцішна і быў чужы чульліваму беларускаму вуху. «Хвэмінізм» — гэта было сьмешна і бяскрыўдна.

Таму ніхто тут не казаў пра «хвэмінізм» — няма сур’ёзнай зьявы, няма слова, а няма слова — няма праблемы.

Праўда, потым высьветлілася, што відэа, якое запісала Босая, нарабіла ў сеціве шуму. Ануча на сьцяне, белая з чырвонай плямай, твар маладой жанчыны, па-мусульманску прыкрыты, вочы зь нездаровым бляскам, голая рука, што зь нежаночай цьвёрдасьцю трымала скрадзены ў Замку кінжал ля горла разгубленага чалавека гадоў сарака, які мямліў у камэру дзіўны, няўцямны тэкст. Тэкст, які яго, відавочна, прымусілі завучыць на памяць, прыгразіўшы адрэзаць яйцы…

Усё гэта зрабіла ўражаньне. Са стакгольмскім сындромам усё было ясна, але тут было і нешта іншае, для чаго не існавала звыклых тлумачэньняў. Мужчына, каля горла якога блішчэў кінжал, гаварыў бязглуздыя рэчы. Пра тое, што ён не адчувае да тэрарыстак ні злосьці, ні пагарды, пра тое, што яны — адзіныя вольныя людзі ў Краіне Замкаў, пра тое, што Наша Вялікая Гісторыя — гэта танны сэрвіз, які дораць на вясельле, пра тое, што ён просіць улады выканаць усе патрабаваньні бандытак.

Тысячы камэнтатараў на самых розных форумах абмяркоўвалі гэтае «кіно» — і дзевяцьсот дзевяноста зь іх сыходзіліся на думцы, што тых дзевак трэба стэрылізаваць, пастрыгчы і адаслаць на папраўчыя работы ў салігорскія шахты. Калі яны не пасьпеюць перайсьці граніцы, вядома, — граніцы Эўразьвязу або здаровага сэнсу, калі нікога не пасьпеюць забіць або зьнявечыць, бо ў такім разе іх абяцалі проста разарваць на часткі. Якія часткі?

1 ... 52 53 54 55 56 57 58 59 60 ... 69
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)