Белая муха, забойца мужчын
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Год: Галіяфы
- ISBN: 9789857140077
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Белая муха, забойца мужчын». Краткое содержание книги:
Па той бок сьцяны расколіну заўважылі не адразу, а калі заўважылі, адтуль пачуўся трыюмфальны сьціснуты рык.
«Эй, там, на пароходе! — крыкнуў нам з-за сьцяны малады гістэрычны голас. — Видели чудо? На стену посмотрите, братушки!»
«Видим! Видим, сынок!» — крыкнуў у адказ Міхаіл Юр’евіч.
«Так чего сидите? Ломай ее, ребята!»
І мае браты па няшчасьці кінуліся выконваць загад.
«Стучите по краям, — павучаў з-за сьцяны папоўскі голас. — По краям ее, родимую, сама пойдет!»
Засяроджана малаціў татуіраванымі кулакамі ў кветачкі дарагіх шпалераў Міхаіл Юр’евіч. Біў нагой у цьвёрдым чаравіку Цімур, паддаваў плячом Рыгор, грукаў, нібы прасіў, каб яму адчынілі, Паўлюк. Віталік узяў крэсла і, выцягнуўшы плечы, працаваў каля самай столі. З таго боку сьцяны таксама наваліліся — усёй сваёй першабытнай абшчынай.
«Талакой яе, талакой! — паўтараў задаволена, пабліскваючы вачыма, Рыгор. — Як продкі вучылі! У мяне ўсе прадзеды зь сялянаў, блакітнай крыві ніхто ня меў, да работы мы прывучаны!»
Сьцяна абыякава паддавалася. Расколіна паволі расла, сыпаўся тынк, запахла рамонтам.
«Гэй, як там цябе, немец, давай памагай! Шнэлер, шнэлер, матка-яйка-млека!» — махнуў на немца вольнай рукой Рыгор.
Кунцэ нехаця паплёўся да сьцяны. Але і ягонай масы не хапіла, каб скончыць справу. І тут яны заўважылі мяне.
«Так, а это что такое? — абурыўся Міхаіл Юр’евіч і нават спыніў працу. — Ты чего сидишь, сынок?»
Усе павярнуліся да мяне, забыўшыся на момант пра сваё пачэснае заданьне.
«Ты чего, из этих? — падміргнуў мне злавесна Віталік. — Или тебе здесь, блядь, понравилось?»
«Встать! — залямантаваў Міхаіл Юр’евіч. — Сюда — и давай-давай-работай! Или своими же руками, блядь, кончу на месте! Я за него головой поручился перед серьезными людьми, а он тут жопу греет!»
Я падняўся і падышоў да сьцяны, прываліўся да яе, націснуў, вяла ляпнуў па кветачках кулаком.
«Вот так, — супакоіўся Міхаіл Юр’евіч. — Да посильнее давай. Молодец, писака».
Шпэцль правёў мяне невідушчымі вачыма — яго ніхто і не зьбіраўся запрашаць, на Шпэцля даўно махнулі рукой: пустое месца з мокрым ілбом і сьлінай на падбародзьдзі, але раптам ён, Шпэцль, падскочыў, разагнаўся і тым самым спацелым ілбом сваім ударыў проста ў цэнтар сьцяны, у самую расколіну. Ніхто і войкнуць не пасьпеў ад зьдзіўленьня — а расколіна нечакана разышлася па швах, і на падлогу пасыпалася драўлянае пілавіньне разам з кавалкамі цэмэнту і тынку.
З досыць прасторнай адтуліны да нас па двое, па трое, зь цісканінай і радасным мацюганьнем палезьлі суседзі — і дзіўна было бачыць новых людзей і жанчын пасьля амаль трохдзённага зьняволеньня, дзіўна было бачыць, што існуюць іншыя чалавечыя твары апрача цынічных абліччаў тэрарыстак і абрыдлых ужо за гэты час маіх таварышаў.
Першае, што яны зрабілі, гэта палезьлі да нас цалавацца. Я паспрабаваў ухіліцца ад гэтага ганаровага абавязку, але мяне дагнаў мажны мужык з ланцугом на шыі і, схапіўшы ў жалезабэтонныя абдымкі, прысмактаўся да вуснаў. Недзе я чуў, што цалуюць тройчы — але ён зрабіў гэта разоў пятнаццаць, кожнага разу адрыгваючы. Краем вока я назіраў, як Міхаіл Юр’евіч ціскаецца зь нейкім доўгавалосым юнаком, рукі іхныя спляліся, а целы жарсна прытуліліся адно да аднаго, бы ў нейкім павольным танцы. На Цімуры вісела адразу некалькі кабетаў, Паўлюк цалаваўся з Рыгорам, Віталік ляжаў на падлозе, а на ім поўзалі двое дзядкоў, мацалі яго, як быццам шукалі на целе Віталіка блох або кашалёк. На калені беднаму Шпэцлю ўселася кабета гадоў пяцідзесяці, і на твары Шпэцля была такая асалода, што мне падалося, зараз ён намочыць штаны. Кунцэ абдымаўся з папом у доўгай расе, крычалі дзеці, пранізьліва, так што вушы закладвала — дзяцей было ўсяго трое ці чацьвёра, але яны ўвесь час насіліся сярод нас, з разяўленымі ратамі, сьветлавалосыя дэцыбэлы з позіркамі дэбілаў. А нашы жанчыны абступалі ўсё новых і новых мужчын, гладзілі іх па румяных шчоках і шорсткіх бародах, абвівалі іхныя шыі сваімі лебядзінымі рукамі, і ва ўсім гэтым было столькі жарсьці, што і я на імгненьне паддаўся агульнаму ачмурэньню, зь якога нас вывеў аглушальны і рэзкі стрэл.
Са столі пасыпаўся анёльскі цукар. Усе застылі на месцах, падціснуўшы хвасты. Апасьліва паглядзелі на дзьверы — у пройме стаяла Джэк Патрашыцель з Фалічным Сымбалем у руках і з пагардай абводзіла позіркам нашую оргію яднаньня.
«Я нядаўна высьветліла, што гэтая штука, — патлумачыла Джэк Патрашыцель, павёўшы ствалом, — можа страляць адзіночнымі. А можа і чэргамі. В порядке живой очереди, так бы мовіць».
Усе змрочна маўчалі, зачараваныя чорнай зрэнкай, якая глядзела на нас спакойна і дзелавіта: на ўсіх разам і на кожнага паасобку.