Белая муха, забойца мужчын
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Год: Галіяфы
- ISBN: 9789857140077
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Белая муха, забойца мужчын». Краткое содержание книги:
О, гэта ведалі ўсе, кожны чалавек ведае, з чаго складаецца жанчына, «из чего же, из чего же, из чего же сделаны наши девчонки?» Жанчына складаецца з рукі, каб мяшаць суп, зь дзіркі, каб засоўваць туды які-небудзь больш сэнсоўны, чалавечы орган, з задніцы, каб яе мацаць, і з голай нагі, якую так прыемна сузіраць у сьпякотныя летнія дні, калі над горадам смог і хочацца халоднага піва. На гэта і прапаноўвалася разарваць мярзотных дзевак, і раздаць часткі тым шчасьліўчыкам, якія перамогуць у нашых конкурсах «Вышылета зь Віялетай» і «Беларусь — Краіна Замкаў».
Мудрыя дзяржаўныя мужы, між тым, ламалі сабе галовы, што ім рабіць. Патрабаваньні тэрарыстак нельга было выконваць ні ў якім разе — бо гэта было зусім ня мудра і не па-дзяржаўнаму. Гэта магло падарваць прэстыж краіны.
Дый былі б там нейкія прыстойныя патрабаваньні… Грэх адзін. Адпусьціць ашалелую карову. Пасадзіць на яе месца некалькі гвалтаўнікоў: дый не гвалтаўнікоў ніякіх, а нармальных хлопцаў, у якіх усё жыцьцё наперадзе, ну падумаеш, адзін раз спэрма ў мазгі ўдарыла, з кім не бывае, не псаваць жа ўсё жыцьцё маладому чалавеку? Дазволіць пару підарскіх вечарынак. Але далей ішлі ўжо зусім ненармальныя рэчы. Вось гэта, напрыклад: дазволіць жанчынам з вышэйшай адукацыяй мець зброю.
Астатняе ўжо было поўнай бязглузьдзіцай: зьнесьці ў краіне ўсе помнікі і засадзіць тыя месцы кветкамі і дрэвамі. Увесьці ў школьныя і ўнівэрсытэцкія праграмы абавязковае штодзённае вывучэньне твораў Джонатана Сўіфта. Выпусьціць навукова-папулярны адукацыйны фільм для дзяцей і моладзі пра тое, як Айцы Нацыі самаапладняюцца, каб яе нарадзіць. Увесьці ў ВНУ курс жаночай гісторыі сьвету — быццам гісторыя, Вялікая Гісторыя, мае пол. Брэд какой-та.
І собіла ж здарыцца гэтай гісторыі з Замкам акурат у такі час, калі мудрым дзяржаўным мужам было важна прадэманстраваць сваю надзвычайную мудрасьць у дачыненьні ня толькі да людзей, але і да… Да кабет, вядома ж, да іх. У самы разгар году, што быў абвешчаны ў Краіне Годам будучай маці Траіх Дзяцей, у час, калі ўвесь народ Краіны Замкаў як адзін чалавек зьвярнуў увагу на праблемы мацярынства і выхаваньне дзяўчат, неўзабаве пасьля знакамітай прамовы галоўнага зь дзяржаўных мужоў пра тое, што ніводная жанчына да сарака гадоў ня будзе сёлета рэпрэсаваная і ён дае слова мужчыны, што выканае гэтае абяцаньне — Босая і яе банда падкінулі справядлівым дзяржаўным мужам такі брыдкі сюрпрыз.
Урадавая прэса маўчала, як крынічнай вады ў рот набраўшы, але ўрад бамбавалі пытаньнямі іншаземцы. Асабліва галоўнага дзяржаўнага мужа.
Аднак гэты муж меў свае пляны адносна тэрарыстак. Тры дні ён ім міласьціва даў, дэманструючы сваю гуманнасьць і цывілізаванасьць, і ў размове з замежнымі пасланьнікамі набраў нямала пунктаў, урачыста паабяцаўшы, што пастараецца вырашыць праблему без адзінай кроплі крыві. Але ў вузкім коле сваіх людзей ён распарадзіўся ўзяць дзевак Босай жывымі і кожную, чуеце, кожную пакласьці перад відэакамэрай і ўсыпаць ёй трыста бізуноў, а потым прыгнаць роту салдатаў і хай навучаць гэтых сучак любові. А фільм зрабіць у трох копіях: адну яму, адну прадаць за мяжу, каб папоўніць дзяржаўны бюджэт, а трэцюю паказваць усім, хто паспрабуе расхістаць асновы Краіны Замкаў, дзе ніводная жанчына ніколі не зазнавала несправядлівасьці і не зазнае.
Трэба аддаць належнае мудрасьці ўсіх дзяржаўных мужоў, нават самых захудалых. Зь дзеўкамі Босай спрабавалі гаварыць: з выкарыстаньнем самых гуманных мэтадаў псыхалягічнага ўзьдзеяньня і найноўшых тэхналёгій — такіх, як звычайны скайп.
З тэрарысткамі гаварылі псыхолягі ў белых халатах. Белыя калготкі паслалі белыя халаты ў белыя сьнягі небыцьця (вядома, кажучы фігуральна).
З тэрарысткамі гаварылі шмадзетныя маці — і вярнуліся, як гаспадарчага мыла зьеўшы, да сваіх дачок, забараніўшы ім хадзіць у цёмную пару сутак каля бэзавых кустоў.
З тэрарысткамі гаварыла нават дэпутатка Раброва, адзіная жанчына ў народным сходзе Краіны — і была абпляваная дзеўкамі Босай проста праз экран, што было прызнана цудам і прыцягнула ўвагу вядучых распрацоўшчыкаў кампутарных сыстэм новага пакаленьня.
Да тэрарыстак нават прыехаў са сталіцы знакаміты пісьменьнік Міхась Барадаўкін. Седзячы на плястыкавым крэсьле перад раскладзеным на капоце машыны казённым ноўтбукам, ён выціраў пот з ілба і ўзіраўся ў захутаныя нечым белым твары самых сапраўдных фашыстак, зь якімі яму на дзяржаўнае даручэньне трэба было правесьці выхаваўчую гутарку.