Белая муха, забойца мужчын
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Год: Галіяфы
- ISBN: 9789857140077
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Белая муха, забойца мужчын». Краткое содержание книги:
Пэўне, яна сказала гэта, каб паказаць, што за ёй стаіць сапраўдная сіла. Але я не паверыў. За Босай было толькі пятнаццаць мадмазэль на сундук мерцьвяка. Пятнаццаць даведзеных да адчаю дзевак. А за намі была Гісторыя і Дзяржава. І Дзяржава цярпліва чакала, калупаючыся ў носе, пакуль мы разьбіраліся паміж сабою, на чым стаіць сьвет.
«Как ты думаешь, чем это все кончается?» — прамовіў ласкавы голас у мяне пад вухам.
Гэта быў Кунцэ, які падышоў да мяне нячутна, і паклаў мне на плячо тоўстую руку. Мяне перасмыкнула. Я адчуў, што зараз зноў заплачу.
«Чем-чем, — адказаў я, не абарочваючыся. — Вас чапаць ніхто ня будзе, вы ж іншаземцы. Там, за мурамі, ужо і пасол, відаць, бегае. Валнуеццо».
«Я люблю убивать зубр, — задуменна сказаў Кунцэ. — Расскажи мне про книги, где есть зубр. Если приеду домой жиф-здороф, найду, буду читать. Я всегда хочу знать, кого убиваю. Если бы все знали, кого убивают, будет меньше страдания. Только охота, спорт».
«Кніга… — працадзіў я скрозь зубы. — У нас ёсьць ня кніга, а песьня. Песьня пра зубра. Па вялікім рахунку, яе мусіць ведаць кожны беларус. Яе вывучаюць у школе — каб адразу ж забыць…»
«О, говори, пожалуста, по-русски, — паморшчыўся Кунцэ. — Я совсем не понимаю муси-веда и рахунок».
«Хорошо! Песня про зубра — это ты понимаешь?» — сказаў я злосна.
«Да», — ён задаволена кіўнуў, аблізнуўшы пульхныя вусны.
А мяне было ўжо не спыніць. Да вырашальнай гадзіны заставаліся ўсяго толькі вечар і ноч, раніцай скончыцца тэрмін ультыматуму, пра які я дагэтуль ня меў ніякага ўяўленьня, мы сядзелі ў Замку зь немцам, які прыехаў забіваць зуброў, і я расказваў яму пра Мікалая Гусавіянуса зь ягонай лацінай, пра пасольства ў Рыме і Вітаўта — і пачуцьцё нерэальнасьці таго, што адбываецца, апанавала мяне настолькі, што я ўжо ня верыў ва ўласнае існаваньне. Мне падавалася, што ніхто з нас ніколі ня жыў тут, што не было ніякай Краіны Замкаў, і ніякай Босай, і Міколы Гусоўскага не было, што нас усіх прыдумаў нейкі бяздарны пісьменьнік, нейкі графаман, якому ніколі не было цікавае рэальнае жыцьцё, і ён вырашыў змайстраваць са сваіх комплексаў і страхаў іншае, такое, дзе яму будзе зручна займацца самападманам…
Я расказваў яму пра не цікавую нікому з маіх суайчыньнікаў паэму, гэтую даўгую і незразумелую беларусам «Carmen de statura feritate ac venatione bisontis«, напісаную сынам палясоўшчыка для рымскага Папы, незразумела жорсткую, шматслоўную, паталягічна энцыкляпэдычную, працятую патрыятычна-паляўнічым азартам, а сам падумаў пра тое, што ў ёй на дзіва мала жанчын. Іх там амаль няма.
Я добра ведаў гэты тэкст, заняткі ў Шляхецкім клюбе не прайшлі дарма, кожны чалец клюбу мусіў прачытаць беларускі пераклад мінімум двойчы — у паэме вялося пра нашых продкаў, і мы часам чыталі яе на памяць, уголас, палохаючы мірных менчукоў, што сядзелі, прыснуўшы, за сваімі сушы, зычным дэклямаваньнем. Жанчыны і зубры… Вядома, галоўны жаночы пэрсанаж у гісторыі Гусоўскага — каралева Бона, якой ён напісаў празаічнае прысьвячэньне. Гусавіянус называе яе «найвучонейшай», так, але вучыць яе жыцьцю, як сапраўдны мужчына — выяўляючы ўсю сваю куртуазнасьць і ўсю іранічнасьць: «Мне добра вядома, найсьвятлейшая пані, якога вялікага шчасьця ты зычыш гэтаму каралеўству і як шмат разважаеш і дбаеш аб паляпшэньні ягонага становішча…»
Гэта ён ёй так зубы загаворвае. А на самой справе ня верыць, што баба можа кіраваць каралеўствам. Вось палясоўшчык — так… Як там было далей? Інтанацыі павучальныя, бацькоўскія, настаўніцкія….
«Але я сапраўды не ўяўляю, чым ты можаш яму дзейсна дапамагчы. Калі ж ты праявіш сябе добразычлівай, схільнай да апякунства навукі і мастацтва, тады ад іх будзе і дзяржаве вялікая карысьць, а высокая слава імя твайго распаўсюдзіцца такім чынам яшчэ вышэй з ухвалай тваіх выхаванцаў. Бо што можа быць больш цудоўным і вартым тваіх продкаў і тваёй найславуцейшай з арагонскага дому сям’і, больш дасканалым з усіх формаў дабрачыннасьці, калі на іх грунтоўна глядзець і ў мірны час, і ў вайну, і ў справе рэлігіі? Але і яны ніколі не напоўнілі б землі сьвету гэткай агромністай славай жыцьця і подзьвігаў з прыязьню ўсяго пакаленьня і не паказалі б сябе ў такім дзівосным сьвятле ў розных выпрабаваньнях лёсу перад нашчадкамі, калі б іх уласная вучонасьць і ўласьцівая гэтаму роду асаблівая прыхільнасьць да вучоных мужоў ня ўзьнеслі б іх на такую вышыню, што яны былі ўслаўлены звонкай лірай вялікіх талентаў; таму мне застаецца заслужана маўчаць пра іх, асабліва тут, дзе я падпарадкаваны непазьбежнаму закону выказвацца сьціпла.