Віхры на скрыжаваннях
- Автор: Федосеенко Владимир Константинович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- ISBN: some
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Віхры на скрыжаваннях». Краткое содержание книги:
Сініцын уторкнуў сякеру ў сасну, кінуў запытальны позірк на сяброў. Але тыя нават жэста ніякага не зрабілі.
Перакладчык хуткім крокам пайшоў уперадзе, а за ім, ледзь паспяваючы, ішоў палонны. Данілаў не ўлічыў, што Сініцыну цяжка ісці: у чаравіках жа падэшвы драўляныя, не гнуцца.
Прайшоўшы па лесе метраў дзвесце, перакладчык спыніўся, стаў і палонны.
Данілаў зрабіў да яго крокі два і сказаў:
- Вось што, таварыш, я ўстанавіў сувязь з партызанамі і сёння ноччу думаю пайсці да іх. Толькі не бойся, я не бяру цябе, як кажуць, на бога.
- Ды я ўжо нікога не баюся, - адказаў Сініцын.
- Гэта добра. Але ж я хацеў бы, каб ты пагаварыў са сваімі хлопцамі і мы пайшлі б разам.
- Я думаю, што ўсе хочуць вырвацца з палону, і гэта не сакрэт нават для самога Гітлера. А калі вы так хочаце нас купіць, дык гэта вельмі ўжо агідна. А як практычна можна зрабіць, каб пайсці?
- Давай прысядзем, я ўсё раскажу - па парадку, як думаю.
Нядоўга яны сядзелі на тоўстым карэнні ля сівога пня. Данілаў гаварыў напаўголаса - хутка, канкрэтна і ясна. Можа, яны б пасядзелі і больш, але агледзела іх старая сарока і як пачала стракатаць! Падлятала зусім блізка, выцягвала шыю, глядзела адным чорным вочкам на людзей і нібы сварылася. Данілаў нават не вытрымаў, дастаў пісталет і выстраліў. Тады толькі яна змоўкла і паляцела прэч.
- Пойдзем, - першым устаў палонны, - бо яшчэ падумаюць, што вы мяне забілі.
- Сапраўды, я, дурань, і не падумаў пра гэта. Значыць, усё ясна? Гавары з хлопцамі асцярожна і пераканаўча, каб ні ў кога не закралася думка, што купілі цябе. Так, а яшчэ, ледзь не забыўся, трэба паведаміць сялянам, што тут працуюць, каб усе маладыя, працаздольныя пакінулі ў бліжэйшыя два дні вёску. Будзе аблава, і каго схопяць, пагоняць у Германію. Толькі сам сялянам не гавары, а каб хто іншы з вашых. Маўляў, нямецкі шафёр прагаварыўся.
- Добра, аб усім дамовіліся цвёрда.
- Чакаю вас, - адказаў перакладчык і павярнуў на дарогу да матацыкла.
Хутка па лесе разнёсся прарэзлівы трэск матора. Данілаў спяшаўся. Трэба неяк непрыкметна забегчы да Тацяны Мікалаеўны і расказаць аб намерах немцаў, а яна ў сваю чаргу хоць сваякоў папярэдзіць.
На душы ў Данілава было трывожна і адначасова радасна. Яму хацелася спяваць, і, можа, ён бы і заспяваў, але ж немцы так не робяць перад выкананнем якой-небудзь сур'ёзнай справы. Воляй-няволяй, а наклаў нямецкі парадак свой адбітак і на перакладчыка. Данілаў, сцяўшы зубы, ехаў па лясной дарозе. Цяпер яму не страшны лес, як быў раней, не баіцца ён і партызан. І чаго яму баяцца, калі ён сышоў з агіднага шляху - службы ў ворага. Хаця ён душой ніколі і не быў на такім шляху, але ж служыў... А сёння ён лічыць, што служыць на партызан. Праўда, пакуль што так лічыць асабіста ён, і невядома, які б мог атрымацца фінал, каб цяпер захапілі перакладчыка партызаны.
Перад вачамі Данілава мільганулі ў прасвеце дарогі поле і некалькі крайніх хат Слабады.
«Хаця б не з'явілася ідэя ў каго-небудзь узмацніць ахову штаба пасля сённяшняй вылазкі партызан», - раптам падумаў перакладчык.
Сам генерал не пойдзе на гэта, каб не зганьбаваць гонар старога германскага афіцэра. Але ж ёсць служакі, якія доўгі час прыглядаліся, нават нюхалі Данілава, пакуль ён увайшоў у давер'е. І то больш за ўсё ў давер'е да генерала. На гэтым давер'і і вялікай неабходнасці перакладчыка для штаба Данілаў і трымаецца ўвесь час.
Матацыкл спыніўся на ўзгорку каля светлага прыгожага дома, у якім была размешчана сталовая. Данілаў увайшоў унутр. Быў ужо позні час абеду, але за сталом яшчэ сядзелі двое знаёмых перакладчыку афіцэраў. Данілаў абыякава махнуў ім рукой, прывітаўся. Тыя ў адказ кіўнулі галовамі, і адзін з усмешкай сказаў:
- Вось хто не баіцца партызан, адзін лётае па лесе.
- А дзе вы тых партызан бачылі?
- Дык яны ж сёння нашу дывізію пашчыкаталі крыху, што, не чуў?
- Не толькі чуў, але і бачыў параненага шафёра. Там салдаты кажуць, што прайшло двое партызан, па слядах вызначылі. Дык хіба гэта партызаны і ці нам такой сілы баяцца?
- Якая там ні сіла, але можа міну ля парога паставіць - і капут. А смерць - яна ўсё роўна смерць: ці ты загінуў ад расейскіх «кацюш», ці ад самаробнай партызанскай міны. Кажуць, што шафёр нават заўважыў перад сабой дашчаную скрынку, але не змог машыну спыніць. Мы вось сядзім і разважаем, што, напэўна, партызаны не паспелі яе замаскіраваць і, відаць, былі там недзе побач, калі падарвалася машына, - гаварыў усё той жа афіцэр.
- Няма каго баяцца, - сеў за стол перакладчык.
- Яно-то так. Але ж крыўдна, калі ты загінеш у глыбокім тыле, - сказаў другі афіцэр.
Данілаў замоўк, але падумаў: «Узяло, выйду сёння жывым - дык я сюды з партызанамі прыйду».