Віхры на скрыжаваннях
- Автор: Федосеенко Владимир Константинович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- ISBN: some
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Віхры на скрыжаваннях». Краткое содержание книги:
У Данілава заблішчалі вочы, распраміліся плечы, і ён з шумам удыхнуў паветра, а выдыху доўга не рабіў. Валодзя крыху напалохаўся і ўжо ў думках шукаў, што сказаць, каб змякчыць свае парады. Але Данілаў пачаў:
- Я магу камандзіра дывізіі знішчыць, а што далей, куды кінуцца?
У Валодзі мільганула думка забраць перакладчыка, палонных, узброіцца і групай дзейнічаць да прыходу Чырвонай Арміі. Гэта найлепшае выйсце і для яго і для ўсіх.
- Добра, калі вы жадаеце, дык адразу можаце быць у партызанах. Я не хацеў прызнавацца, што магу гэта зрабіць, каб не падвесці вас. А калі вы яшчэ і генерала знішчыце, дык вам могуць і ўзнагароду даць. Вельмі добра было б, каб і палонныя з вамі ўцяклі. А як вы гэта можаце зрабіць?
- Мне гэта лёгка... Я ў генерала вочы і вушы. Побач з домам, у якім размяшчаецца ён са штабам, жыву і я, праз адну ноч стаю на варце. Праўда, не адзін, а з немцам. Трэба толькі знішчыць напарніка і закідаць гранатамі штаб, дзе спіць генерал. Толькі куды тады бегчы?
- Мы дамовімся.
Тацяна Мікалаеўна сядзела збоку на ўслоне і чула ўсю размову. Цяпер яна ўстала, затапталася каля Валодзі і ўшчыпнула яго за руку.
Данілаў заўважыў гэта, зморшчыўся і сказаў:
- Не бойцеся, не трэба так. Мне вас таксама можна баяцца. Я ж усё расказаў вам. Не перашкаджайце, прашу.
- Вы ўцягнеце Валодзю немаведама ў што.
- Я ўжо ўцягнуты, цётка, - адказаў Валодзя.
Тацяна Мікалаеўна ўздыхнула і зноў села.
- Толькі вось як палонных вывесці... Хаця... Яны жывуць зусім блізка ад штаба, ля канавы ў лазні, і там адзін вартавы немец. У прылазніку сядзіць. Яны могуць скруціць яго, а самі да мяне... Я буду чакаць, заўважу і пачну дзейнічаць. Пакуль яны падбягуць, будзе ўсё зроблена. Сапраўды, гэта ідэя. Мы групай захопім штабныя дакументы, сцяг і... а вось куды?
- Штаб размешчаны ў Карабанчыкавай хаце, цётка? - звярнуўся Валодзя да Тацяны Мікалаеўны.
- Ага.
- Правільна, гэта недалёка ад лазні. Я буду чакаць адзін або з партызанамі ля балота ў кустах, супраць штаба. Калі будзе пагоня, ускочым у балота - і нас не возьмуць.
- Лепш, каб хто быў з партызанаў.
- Нічога, я сам партызан і буду са зброяй.
- Вы партызан? Дык, можа, знарок і прыйшлі сюды? Адзін чалавек абяцаў перадаць Валі, і яна павінна была прыйсці на сувязь да мяне.
- Не, я выпадкова. І калі мы ўсё гэта зробім?
- Чакайце. Заўтра я на матацыкле паеду да палонных, дзе яны будуць працаваць, пагавару з некаторымі, там у мяне ёсць хлопцы на прыкмеце надзейныя. Ды ўсе яны вераць мне, паважаюць. Толькі не ведаю аднаго новенькага. І ноччу трэба заступаць на варту. Але я папрашу, каб мяне падмянілі, так можна. Паслязаўтра я зноў наведаю палонных. Дамовімся, каб яны ўзялі з сабой сякеру. Ноччу аглушаць у лазні немца - і да мяне. Фактычна гэта будзе праз адну ноч, калі не лічыць сённяшняй.
- Хаця... вы лепш ведаеце свае абставіны, а мне здаецца, што аперацыя можа атрымацца. Не ўпусціце моманту захапіць зброю, якая трапіць вам. Скажыце, вас не западозраць, што вы часта наведвалі гэты дом?
- Не. Я ўжо ў многіх тут бываў. Але ўяўляю, што атрымаецца. Тут ёсць заўзятыя фашысты. Яны імкнуліся адцерці мяне ад генерала, але той не слухаў іх. Ды яму са мной на нашай зямлі лепш арыентавацца: давесці які загад да сялян, даведацца аб настроі людзей. Ён часта ў мяне пра гэта пытаў.
- Скажыце, а генерал не думаў тут рабіць блакаду на партызан?
- Не, ён ад гэтага ўхіляецца, кажа, што ў яго ёсць канкрэтнае заданне, за выкананне якога зверху заўсёды спытаюць. Праўда, ён атрымлівае амаль кожны дзень сакрэтныя дакументы. Да нашых людзей ён ставіцца жорстка. Спачатку хацеў выселіць усіх з вёскі. Але яму жлобінскі камендант параіў не рабіць гэтага. Бо партызаны тады могуць абстрэльваць з артылерыі, блакаваць усе подступы так, што нікуды і нагой не ступіш. Ёсць яшчэ загад: нашай дывізіі забіраць у сялян хлеб. Але генерал чакае, пакуль пройдзе ўборка, каб потым кінуцца па вёсках і за некалькі дзён вывезці хлеб.
- Вось дзе можна будзе паваяваць, толькі патрэбна многа мін. Ах, калі б вы захапілі ўсе дакументы, якія ёсць у штабе! Там, напэўна, і карта ўмацаванняў будзе?
- Прыкладна я ведаю, дзе будуць рабіць збудаванні - на паўночным баку Слабады ад высоткі, у якую ўпіраецца шлях з балота, і з паўднёвага боку паўз чыгунку аж да лясных масіваў. Я і карты ўсе захаплю, калі мне дапамогуць палонныя.
Валодзя ў думках забягаў наперад і ўжо ўяўляў, як ён патрасе перад носам у Шабліна сцягам гітлераўскай дывізіі. Толькі спачатку ён заедзе да Сяргеева, які, зразумела, прачытае Валодзю мараль. Але ж у душы будзе радавацца за яго. Так усю сваю віну перад камандаваннем Валодзя загладзіць адным махам. Групу цяпер ён збярэ значна большую і яшчэ паспее фашыстам нанесці адчувальныя ўдары. Валодзя так даверыўся Данілаву, што і кроплі сумнення не ўзнікала, каб перакладчык мог быць здраднікам. Ён у думках кідаў на чашу вагаў і той фактар, што Данілаў ужо ясна бачыць перамогу нашай арміі і свой лёс можа правільна вырашаць на тым шляху, на які ён цяпер ступіў. Лепшага выйсця са свайго становішча ў яго не можа быць, бо час расплаты не за гарамі і змыць ганебную пляму можна толькі подзвігам.