Віхры на скрыжаваннях
- Автор: Федосеенко Владимир Константинович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- ISBN: some
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Віхры на скрыжаваннях». Краткое содержание книги:
Нямецкія афіцэры цяпер глядзелі на яго з раўнівай зайздрасцю, амаль так, як некалі глядзеў палонны Данілаў на снаваўшага перад ім гітлераўца. Тады ў вачах Данілава нямецкія афіцэры выглядалі як пераможцы, а цяпер наадварот, яны расейскага чалавека вачамі змяраюць з ног да галавы, нават прыкідваюць шырыню плячэй. Панура сядзяць у крэслах і глядзяць на яго знізу. А ён стаіць - высокі, стройны, праўда, яшчэ ў іхнім мундзіры і ботах. Па душэўным, рэўнасным імкненні яны гатовы былі яго распрануць, але разважлівасць стрымлівала іх ад дурных учынкаў.
Генерал запрасіў перакладчыка сесці, а сам працягваў чытаць нейкія паперы. Данілаў глядзеў на генерала і думаў, што гэта ў апошні раз: глядзеў на яго прабор, ад якога сыходзілі гладка прычасаныя сівыя валасы, на яго вушы з прырослымі мочкамі, на нізкі, нібы ў акулы, разрэз губ, на яго кволыя плечы.
Раптам генерал схапіў з носа акуляры і ўдушліва закашляўся. Тлусты палкоўнік, які сядзеў побач, устаў з крэсла і памкнуўся да свайго камандзіра, нібы хацеў чым дапамагчы. Але генерал адкашляўся і з усмешкай сказаў:
- Не хопіць мяне на ўсю вайну, туман з'есць. Загінем у гэтай Беларусі: пяскі ды балоты. Мне горнае сухое паветра трэба.
- А ў нас тут ззаду гор нідзе няма, - сказаў Данілаў.
- Чаму ззаду? - надзеў акуляры і прыжмурыўся генерал. - Дык наперадзе ёсць Урал.
- Так, там паветра добрае, я быў на Ўрале.
- Ты нешта засумаваў, Данілаў. Яшчэ пабываеш. Не трэба падаць духам, а ўмацаванні лепшыя рабіць, каб час выйграць. У Берліне робіцца такая зброя, што калі ўдарым - дык ва ўсёй Расеі ніводнае акно не ўцалее. Толькі горы і застануцца.
- Няхай Бог дапамагае. А інакш, хаця і застануцца вокны - дык мне праз іх не глядзець.
Афіцэры крыху ажывіліся, павярнуліся да перакладчыка і з задавальненнем хацелі паслухаць яго меркаванні, бо яны якраз адпавядалі іх настрою: калі і давядзецца глядзець на свет, дык праз якія ж вокны? Але Данілаў не распаўсюджваўся.
Генерал зноў пачаў гаварыць, але ўжо пра асабістыя цяжкасці. Раней сапёрная дывізія зусім іншым займалася, а цяпер што робіцца... Мясцовых улад у размяшчэнні дывізіі няма, а нарыхтоўка хлеба і іншых прадуктаў харчавання, мабілізацыя (як яны называлі) працаздольных людзей у Германію - усё павінны рабіць яны. Генерал падкрэсліў, што асабліва можа праявіць сябе ў выкананні гэтых задач перакладчык.
- Я вось сёння вырашыў і афармляю ліст, каб цябе, Данілаў, узнагародзіць крыжам для Ўсходніх народаў.
- Служу фюрэру і яго вялікай Германіі! - устаў перакладчык.
- Хайль Гітлер! Хай Гітлер, - перагаркнуліся ўсе перад Данілавым.
Моўчкі ўсеўшыся ў свае крэслы, гітлераўцы не зводзілі вачэй з перакладчыка.
«Раней яны так не цягнуліся за дапамогай да здрадніка», - падумаў Данілаў.
- Сёння, - пачаў генерал, - ты з нашым лекарам пройдзеш па хатах і складзеш спіс, каго мы павінны адправіць зараз жа. Хламу не ўлічваць! Пасля мы паставім вакол гэтай вёскі вартавых і збяром людзей. А навакольныя вёскі будзем акружаць, браць хлеб і асабіста загадваць, каму яго везці на станцыю. Такім чынам мы адбяром патрэбных нам рабочых, і яны не зразумеюць, што назад не вернуцца.
Данілаў імгненна падумаў, што ён у такім выпадку не пагаворыць з палоннымі, і ўся аперацыя можа праваліцца.
- Пан генерал, - пачаў перакладчык, - не трэба забываць і пра галоўнае. Сёння пяцьдзесят падвод паехала ўжо на вывазку лесу. Там самыя моцныя людзі, іх трэба ўзяць на ўлік. Ды яны ўпершыню паехалі на такую работу, ім трэба растлумачыць усё. А нам дзень добра арганізаванай працы - гэта поспех. Давайце перапіс зробім заўтра. Ранічкай, калі ўсе будуць у сваіх хатах, я пачну.
- Заўтра ў нас плануецца выезд у Дубовую Граду, - прачытаў на карце генерал.
- Я да выезду перапішу, а што мы зробім у Дубовай Градзе - чуткі не так хутка сюды дойдуць. Па іншых вёсках яны могуць разляцецца хутчэй.
- Добра, згодзен.
- Можна ісці?
- Так.
Данілаў хуценька выйшаў з хаты і пайшоў да сябе ў двор. Там ён агледзеў свой матацыкл, засунуў глыбей у нос люлькі сумку з падрыхтаванымі гранатамі, сеў, ліха выехаў са двара і памчаў па вуліцы. Туман ужо рассеяўся, і за матацыклам доўгім хвастом цягнуўся пыл. Сонца свяціла Данілаву ў спіну, і ён увесь час рэзаў свой цень. Раптам цень знік: пачалася лясная дарога са свежа выбітымі каляінамі.