Віхры на скрыжаваннях
- Автор: Федосеенко Владимир Константинович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- ISBN: some
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Віхры на скрыжаваннях». Краткое содержание книги:
- Дык мы дамовіліся дакладна, я буду на вас спадзявацца, Валодзя. А Тацяне Мікалаеўне вялікае дзякуй за тое, што ў вашай хаце я сустрэўся з такім чалавекам. Я пайду, бо хочацца пабыць аднаму, каб яшчэ і яшчэ раз прадумаць усё да дэталькі.
- Але ж асноўны напрамак вы не зменіце?
- О, не! Спакойнай ночы.
Данілаў лёгка пайшоў з хаты. А Тацяна Мікалаеўна адразу ж пачала дакараць Валодзю, што ён так хутка яму адкрыўся. Перакладчык можа вярнуцца, арыштаваць яго і прымусіць весці паказваць гітлераўцам, дзе партызаны. А ў генерала гэткая сіла!
- Навошта яму вяртацца, ён бы мог мяне цяпер арыштаваць, у яго пісталет, а я з голымі рукамі.
- А вёску немцы не стануць паліць?
- За што?
- Калі генерала заб'юць.
- З ім яго служака і расправіцца, а людзі тут ні пры чым. Калі б гэта зрабілі партызаны ў адкрытым баі або падпольшчыкі, тады б гітлераўцы і вёску знішчылі. А цяпер вам баяцца няма чаго.
- Няхай бы ўсё так гладка атрымалася.
- Для мяне ўдалая аперацыя - гэта жыццё. Ну, буду спадзявацца, два дні - не так доўга чакаць.
- Ты ў атрад пойдзеш?
- Не, вінтоўка мая дома. Я заўтра пайду, каб узброенаму ва ўмоўленае месца прыйсці ў час.
- Мы засядзеліся. Давай я табе тут на канапе пасцялю.
- Не, у вас, можа, які сенавал ёсць?
- Ляжаш у хаце і пераспіш.
XI
Жнівеньская росная раніца туманам ахутала слабадскія прысады. Асабліва згусціўся туман абапал канавы, да падстрэшша схаваў лазеньку, нібы ўтапіў кусты на балоце. Нават дабраўся да вокнаў Карабанчыкавай хаты, хаця яна і стаіць на ўзвышшы. Толькі блішчаць мокрыя правады над дахам ды нясмела выглядаюць з лісця вялікія яблыкі-шлапакі. Усёмагутнае сонца сваімі праменнямі дзе-нідзе крыху рассейвае гэтыя наземныя хмары, сям-там праразае іх, а дзе глядзіць на зямлю, як праз матавае шкло.
Данілаву сёння не спалася, і ноч здавалася вельмі доўгай. Цяпер ён з ложка глядзіць праз акно на дах Карабанчыкавай хаты. І гонтавы дах чамусьці здаецца яму цяпер пузатым павуком, які вісіць на павуцінках-правадах над сівой прорвай. Амаль усю ноч не спаў Данілаў, думаў, хваляваўся, што не давялося ўчора пагаварыць з палоннымі - нельга было адлучыцца з вёскі. У вёсцы няма ні старасты, ні соцкага, ні паліцая, і толькі праз перакладчыка можна было пазнаёміць сялян з загадамі генерала. А людзі знаходзяць усялякія прычыны, каб ухіліцца ад выканання любога загаду. Невыпадкова генерал сказаў, што, відаць, партызанскія агітатары добра папрацавалі тут. «Гэта ж нечувана, - здзіўляўся ён, - каб з сямісот двароў ледзь сабралі пяцьдзесят падвод на падвозку лесу да ўмацаванняў». А людзі ўмела адмаўляліся. Яны не гаварылі, што не жадаюць дапамагчы германскаму войску, а наадварот, яны б ахвотна гэта зрабілі, але ж у аднаго партызаны кола знялі з калёс, у другога конь кульгае, паноў падвозіў - дык недзе стрэмку пад капыт загнаў, у трэцяга хамута няма... Давялося збіраць у каго што ёсць, каб арганізаваць абоз. І тут жа ўзнікла яшчэ адна праблема - хто ж будзе фурманам на падводзе. Зноў вялікія няшчасці, толькі ўжо з імі, з людзьмі. Аднаго партызаны ўдарылі - дык ён і цяпер рукі ўзняць не можа, другі глухі, што ні гавары, а ён стаіць, як пень, трэці наогул вар'ят - меле нейкую бязглуздзіцу...
«Ужо амаль тры гады акупацыі з яе «усёмагутнай» гебельсаўскай прапагандай, а ніхто з нашых людзей не хоча добраахвотна галаву падстаўляць, каб ярмо надзелі», - думаў Данілаў.
Ён устаў з ложка, абыякава закінуў коўдру, якая смярдзела пасля апрацоўкі ў дэзкамеры хлоркай і конскім потам, і падумаў: «Не, лепш у зямлі ляжаць, чым тут, няхай гэта будзе апошняя пакутная ноч на чужым ложку, у чужой хаце, бо недзе праклінаюць гаспадары, якіх сілай выгналі адсюль».
Хаця галава ў Данілава была цяжкая, нібы налітая свінцом, але ж планы ў яго былі ясней за промні сённяшняга сонца. Учора ўвечары ён паставіў у бульбоўніку каністру з бензінам, які выкарыстае ноччу. Зараз забяжыць да генерала, потым праедзе на матацыкле па вёсцы і памчыць у лес, дзе працуюць палонныя.
У генерала ўжо было некалькі старшых афіцэраў, калі зайшоў перакладчык. Яны спынілі размову, але гэта не з'яўлялася папярэджаннем, што Данілаў павінен пакінуць іх. Ніхто ў прысутнасці генерала не мог папрасіць перакладчыка пачакаць за дзвярамі. Іншы раз у такіх выпадках Данілаў сам спрабаваў пакінуць пакой, але генерал адразу ж вяртаў яго і запрашаў сесці. Гэтым ён нібы падкрэсліваў, што сакрэтаў ад перакладчыка ў яго няма, хаця Данілаў ведаў, што ўсе важныя пытанні вырашаліся ў яго адсутнасць. А ў апошні час ніякіх размоў аб становішчы на фронце або ў Германіі ён не чуў. Але Данілаў ведаў не толькі тое, што прачытваў у скупых газетных зводках: гэта быў немінучы крах гітлераўскай арміі.