Белая муха, забойца мужчын
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Год: Галіяфы
- ISBN: 9789857140077
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Белая муха, забойца мужчын». Краткое содержание книги:
Іх хацелі зрабіць карыснымі. Іх хацелі зрабіць такімі, каб яны маглі бяз страху езьдзіць уначы па вялікім горадзе, залітым агнямі. Іх вучылі бясьпецы жыцьцядзейнасьці. Іх хацелі зрабіць дзяўчатамі, якія не маўчаць, калі ў іх пытаюцца пра нешта мужчыны са стырном у руках.
Калі б яны пайшлі дамоў пехатою, дык дайшлі б толькі ўраньні. А так апынуліся там ажно ўвечары.
Іх вучылі, што такое любоў. І адну зь іх навучылі, а другая была тупая. Нічога зь яе так і ня выйшла, адна мярзота бязмозглая. Лячылі, лячылі, ды не далячылі, лекавалі, лекавалі, ды ня вылекавалі. Толькі і навучылася ў жыцьці, што страляць ва ўпор па жывых мішэнях. Хіба гэта годны занятак для жанчыны?
Наўрад ці. З глузду можна зьехаць, думаючы пра ўсё гэта, праўда?
Каб не звар’яцець, у нас на кожны выпадак ёсьць лічылка.
Годны занятак для чарцянятак, годны занятак для голых пятак, годны для матак, нягодны між кратак: годны, нягодны, годны, нягодны, го.
25. Carmen de Bisonte
Са страхам, гнюсным страхам здрадніка я вяртаўся ў нашу вязьніцу — Босая загадала мне вярнуцца туды, і мне нічога не заставалася, як паслухацца. Гэтым разам я ішоў паўз цяністыя, пустыя калідоры адзін, без канвою, ішоў і думаў пра яе іранічныя, кінутыя праз плячо словы: «Даць табе зброю — дык ты сам першы і застрэлішся… Закаханыя белыя гетэрасэксуальныя мужчыны заўжды б’юць не туды».
Мне здавалася, што ў мяне ўсё напісана на твары: гэтая шчасьлівая ноч, першая шчасьлівая ноч за доўгія гады папяровага корпаньня і генэалягічнага гніеньня, раніца сярод жаночых ног, мая недарэчная сьляза, за якую я сябе ненавідзеў — тая самая пошлая «скупая мужская», якая ператварылася ў сапраўднае румзаньне, на вачах ва ўсёй банды. Не ва ўсёй, вядома… Колькі іх было ў Замку? Па маіх падліках, чалавек пятнаццаць, ня болей. Пятнаццаць дзевак, зь якіх я ведаў хіба толькі шасьцярых. Як яны будуць бараніцца? Замак вялікі… Пятнаццаць чалавек на сундук мерцьвяка… Пятнаццаць дзевак супраць усёй Краіны Замкаў.
Дзіва, але калі я ўвайшоў у нашую вязьніцу, прыкрываючы твар рукой, ніхто нічога не заўважыў. Мужчынская частка вязьняў была занятая абмеркаваньнем становішча і не зьвярнула на мяне ніякай увагі. Яны сядзелі за сталом і наліваліся крывёй гераізму. Група гарманальна нестабільных істотаў з паталягічнай прагай подзьвігу.
«Мы далжны ўсё зьдзелаць самі, — даводзіў Рыгор на мове суседзяў, меркавалася, што ім за сьцяною ўсё чуваць. — Далжны асвабадзіцца да таго, как нас перастраляюць тут па аднаму».
«Как маленьких зубров, — дадаў Кунцэ. — Я тоже хочу пострелять. Только охота, ничего личного».
«Молодец немец, — сказаў Міхаіл Юр’евіч. — Настоящий мужик!»
«Да всем на нас наплевать, Михаил Юрьич, — сказаў Цімур. — В нормальной стране давно б уже спецназ послали. А эти боятся Запада. Выборы на носу, вот и виляют… Хотят сухими из воды выйти… Не получится…»
«Они хотят нас красиво освободить, — падаў голас Віталік. — Краси-и-иво, понимаешь? И вообще, им там видней, если не штурмуют, значит, есть причины. Значит, есть шанс, что гестаповки сдадутся без боя! Ну не хочу я подыхать из-за дурости! Не хочу. Лично я готов отдать свой подвиг кому-нибудь другому. С кем махнуться?»
«А я за тебя головой поручился… — з бацькоўскай прыкрасьцю сказаў Міхаіл Юр’евіч. — Сынок…»
«Кончайте ныть, белорусики, — сказала сьцяна. — Русские не сдаются. Попляшем еще. Эх, братушки… Как же вы допустили? С вашим-то порядком?»
«Да они всегда так, — прамовіла сьцяна іншым голасам, басавітым, прыгожым, нутраным. — Только вид делают, что братья. А сами чуть что — в кусты. Нам поднасрать — милое дело, да? А мы ж вас как родных…»
«Это случайность, господа! — заявіла гаспажа Ацтэцкая. — В семье не без урода! В каждой стране могло случиться. И не надо нам здесь рассказывать, мы к вам всегда с любовью, у меня сколько экскурсий было с россиянами — одни хорошие отзывы, люди всегда хотят еще приехать, все довольны! Просто не повезло… С кем не бывает…»
І яна маркотна ўсхліпнула, узяла са стала халодны бяляш, пачала засяроджана жаваць.
Рэч у тым, што на трэці дзень запасы замкавай рэстарацыі «Пан або прапаў» скончыліся — двое сутак натоўп людзей і жанчын еў па найвышэйшым разрадзе, і вось «Пан» нарэшце «прапаў». Цяпер нас кармілі кепска разагрэтымі піцамі са сьлядамі абмаражэньня, бледнымі бясформеннымі беляшамі зь мясцовага бістро і рознымі кандытарскімі акамянеласьцямі. Мо таму настрой у маіх братоў па няшчасьці штохвіліны пагаршаўся. У пакоі насьпяваў бунт.
Я сядзеў ля акна і глядзеў на пусты двор. Відавочна, тэрарысткі рыхтаваліся да ранішняга ўварваньня на іх тэрыторыю. У нетрах Замку адчуваўся рух, дзесьці чуўся тупат і сьмех. А можа, нас і праўда перастраляюць, калі Ультыматум не падзейнічае? Ці змогуць яны забіць таго, хто сядзеў сёньня раніцай у іх пад нагамі, плакаў і глядзеў, як яны пераадзяваюцца? Джэк Патрашыцель зможа. Яна падавалася мне самай лютай з усіх. А вось Босая… Здаецца, у яе быў нейкі плян. У яе не магло ня быць пляну. І гэтая зброя… Уначы мімаходзь, жартам, я запытаўся ў яе, дзе даюць такія Фалічныя Сымбалі, у якім жэнсавеце. І замест адказу атрымаў падазронае, няўцямнае, абыякавае: «У мяне шмат знаёмых кабет, у самых розных кутках сьвету… Ты нават не ўяўляеш, на што здольныя жанчыны».