Белая муха, забойца мужчын
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Год: Галіяфы
- ISBN: 9789857140077
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Белая муха, забойца мужчын». Краткое содержание книги:
Часам у таксіста пачынала гаварыць рацыя, стомленым, начным жаночым голасам, хрыпатым, неразборлівым, рваныя словы, абыякавыя інтанацыі, як у радыё. І гэта таксама было часткай начной паездкі — чуць гэты загадкавы жаночы голас і пачувацца пасажыркамі, выпадковымі ўдзельніцамі дзіўнай гульні…
І ў нейкае імгненьне адна зь дзяўчат узяла другую за руку. Не таму, што ім важна было паказаць сьвету, што яны разам — а таму, што ноч была чароўная, поўная неспадзяванак і рознакаляровых шкельцаў, якія сьвяцілі ў вокны і разьбіваліся насьмерць, варта машыне было прамінуць чарговы навіслы над зямлёй будынак… І вось яны ўзялі адна адну за рукі. Проста ўзяліся за рукі. І адной зь дзяўчат падалося, што таксіст ім падміргнуў. А другой — што ён усьміхнуўся. Як ён мог заўважыць іхныя рукі? Але цалкам магчыма, што не было нічога, ні ўсьмешкі, ні падміргваньня, бо твару яны ня бачылі, толькі цёмную пляму, і гэтая пляма праз хвіліну сказала, адвярнуўшыся да акна: «Да вы, девчонки, не переживайте. Все нормально. Вы из этих, да? Или чисто меня подразнить?»
Дзяўчаты ня ведалі, што ім адказаць, і з сорамам зразумелі, што нэрвова сьмяюцца. Тонка, нэрвова і зусім па-дзявочаму.
«Вижу, что из этих, — задаволена сказаў таксіст. — Лесбияночки. Я таких возил уже. У вас же какой-то клуб был, да? Закрыли, да? Не, я нормально отношусь. Если девчонка с девчонкой — это ничего. Красиво даже бывает…»
Ён пачакаў адказу і пабарабаніў пальцамі па стырне. Машына збочыла ад праспэкту налева і цяпер стаяла на чырвонае, на пераходзе — абсалютна пустым.
«Может, вам музычку включить?»
Уключыў. Ноч імкліва апала некуды, пад колы, пад сядзеньні, якія раптам зрабіліся такія мулкія. Засталася адна цемра — і пранізьлівыя, калючыя агні, якія больш ня радавалі вока, а калолі, як лямпы. Тысяча няўтульных лямпаў. Горад спыніўся, замёр, выставіўшы паўсюль агароджы.
Таксі зноў рушыла.
«А как вы вообще жить собираетесь, а, девчонки? Нет, мне интересно просто. Вот зачем вы живете на свете? Во всем какой-то смысл есть, а у вас? Не, не хотите, не отвечайте, мне-то что, я вас отвезу — и у каждого опять своя жизнь, свои проблемы…»
Таксі запаволілася, дрэвы запоўнілі машыну сваімі ценямі, дзяўчаты ўжо ня бачылі твараў адна адной, былі толькі рукі, счэпленыя так моцна, што іхная воля не магла іх расчапіць.
«Молчите вот… Молчаливые такие девушки пошли. Пошли-поехали. На такси поехали… Он сказал поехали…» Мармычучы гэтую бязглузьдзіцу, таксіст дадаў хуткасьці, абагнаў нейкі заблукалы аўтобус і дастаў вольнай рукой тэлефон.
«Так точно, — сказаў ён, і ў голасе пачулася ўсьмешка. — Да, жди».
І таксі зноў разагналася, ня горш, чым на праспэкце. Дзяўчаты на заднім сядзеньні намагаліся расчапіць рукі — але нічога ў іх не выходзіла. Быццам зачараваў хто. Яны былі настолькі гэтым занятыя, што не заўважылі, як машына павярнула зусім ня там, дзе трэба, ня там, дзе, праехаўшы ўсяго некалькі прыпынкаў, можна было здалёк, нават праз начную цемру, пабачыць белы дах іхнага нядаўна адрамантаванага дому.
«Вы, девчонки, понятное дельце, можете мне не верить, — сказаў таксіст. — Но я точно знаю, что это лечится. Я сам видел, все лечится. Простыми народными способами. Лекарства нам незачем, лекарства нам ни к чему, почему-да-почему, по качану, по качанчику…»
Цяпер яны імчалі ў адваротны ад іхнага дому бок. Не закрываючы рот, таксіст гнаў у незнаёмы дзяўчатам на заднім сядзеньні раён: крывыя дамы, высокія брамы, чорныя, наглуха задраеныя, як люкі, вокны. Машына спынілася. Ля высокага плота іх чакалі некалькі мужчын, якія адчынілі дзьверы з абодвух бакоў.
«Добро пожаловать», — сказаў адзін.
«Удачи!» — сказаў таксіст і зьехаў, міргнуўшы фарамі.
У цёмным непрыкметным доме, за высокай брамай, за жалезным плотам дзьвюх дзяўчат вучылі, як правільна жыць у Краіне Замкаў.
Вучылі, што такое любоў і ў чым сэнс жыцьця.