Віхры на скрыжаваннях
- Автор: Федосеенко Владимир Константинович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- ISBN: some
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Віхры на скрыжаваннях». Краткое содержание книги:
Валодзю стала няёмка ад свайго запытання. Ён замаўчаў і толькі падумаў, як падобна Валя на сваю маці. І, напэўна, яна таксама добрая. Ён яшчэ не зразумеў, што так горка кранула жанчыну, а ўжо шкадаваў і яе, і Валю.
- Гэта было летась, - пачала свой расказ жанчына. - Я стаяла на вуліцы каля свайго двара і не заўважыла, як з вулачкі на кані выскачыў бургамістр Бадзягін. Спыніўся насупраць мяне і пытае: «Ты тут жывеш, Тацяна Мікалаеўна?» Я адказала, што тут. Конь не стаяў на месцы, бургамістр яшчэ нешта сказаў, але я не пачула. Тады ён саскочыў з каня і запрасіў мяне ў маю хату. Спачатку ён мяне намёкамі запалохваў, што я, маўляў, жонка лейтэнанта Чырвонай Арміі, бальшавіцкая сям'я, значыць. Расказаў, што ён ужо мяне ведае і для аховы нашай сям'і хоча спыніцца тут на кватэры. Але я зразумела яго, бо ведала, які ён гад і як да нашых людзей адносіцца. Не з добрым намерам ён хоча спыніцца ў мяне. Я па сваіх, па мужу кожны дзень слёзы пралівала... А ён тут жыць будзе. Не, кажу, пан, не туды вы трапілі. Я сама сваіх дзяцей буду глядзець... Вось з тае пары мне і не было жыцця. Праз некалькі дзён ужо прыязджаюць двое немцаў з паліцэйскімі. Яны будуць вобыск рабіць, рацыю шукаць. Але ніякай рацыі яны не шукалі, а корпаліся ў скрыначках, знайшлі залаты пярсцёнак, яшчэ маці мая мне падарыла, забралі, два адрэзы на касцюм, бялізну мужаву ўзялі. І трэба ж было Галі падысці да немца ў той час, калі ён узяў яе вышытую льняную сукеначку. Дзяўчынка выхапіла сукенку з рук у немца. Той, нібы ашалелы звер, кутым ботам калі ўдарыў у пазваночнік, дзіцё і ўпала... Упала і вось не падымаецца. Іншы раз спрабую яе паставіць на ногі, дык яны ледзь кратаюцца. Галя была бацькава любіміца, а як добра ў школе вучылася. А цяпер чытае і чытае. Іншы раз закрые кніжку і сама сабе кажа: «Навошта добрае сэрца і душа таму чалавеку, які знаходзіцца ў падпарадкаванні ворага? Шкадаваць толькі што народжанае цялё, што коўзаецца мяккімі капыткамі на падлозе, або не выкідаць на двор кошку, што мурлыкае тут ля добрага сэрца пад коўдрай, або тых курэй, што захаваны пад печчу - і ўсё. Можа, і патрэбны кожнаму розум і добрая душа, але ж у першую чаргу гэта патрэбна людзям, у падначаленне да якіх трапляюць другія людзі...»
Я ўжо зусім баюся за яе. Валю прасіла, каб тая вінтоўку ёй прынесла. Гэта ж добра, што Бадзягіна знішчылі, а так бы ён не даў нам жыцця.
Валодзя маўчаў. Хлопец нават не прызнаўся, што гэта ён забіў бургамістра. А сядзеў і думаў, што ў кожнага чалавека, напэўна, цяпер сваё гора, і яго ўраз голай рукою не адвядзеш.
- Каго ж Галя хоча забіць, што вінтоўка спатрэбілася?
- Немцы ў нашай хаце доўга не затрымліваюцца. Толькі даведаюцца, што дачка хворая, і адразу за дзверы. А вось перакладчык, наш, расейскі, той амаль кожны дзень бывае. Спачатку мы баяліся яго. Галя ўсё казала, каб было чым - забіла б, а цяпер яна ўжо лепш да яго адносіцца. Сапраўды, перакладчык цікавы чалавек, можа, ён і вам спатрэбіцца. Аднекуль даведаўся, што дачка ў партызанах, што муж камандзір Чырвонай Арміі. Прыходзіць да нас і адно нясе, каб сустрэцца як з партызанамі. Пытае, калі Валя дадому прыйдзе. Галя верыць яму, а я баюся. Ён у самога генерала служыць. Малады яшчэ, бацькі ў Маскве жывуць. Яго, параненага, немцы ў палон узялі, вылечылі, а цяпер ён у іх... Вунь ён бяжыць, напэўна, да нас.
- Вы скажыце, што я радня, з Нівак.
- Да нас ідзе, добра, што ты так апрануты і без зброі.
У вячэрняй сіняве за акном прамільгнуў чалавек. Валодзя крыху разгубіўся, бо яму, бяззбройнаму, даўно не даводзілася сустракацца з ворагам. Ён механічна ўсунуў рукі ў кішэні штаноў, але хуценька выняў. Толькі цяпер адчуў, што плечы ў яго лёгкія, не цісне ні адзін рэмень, - хлопец нібы голы.
Адчыніліся дзверы, і ў хату ўвайшоў перакладчык. Ён прывітаўся, асабіста працягнуў руку Валодзю і назваў сваё прозвішча - Данілаў. Валодзя яшчэ ніколі не бачыў такога перакладчыка. Звычайна гітлераўцы бралі нашых людзей, якія ведалі нямецкую мову, не на пастаянна, а на асобныя выпадкі. Пагэтаму перакладчыкі знаходзіліся не на зайздросным становішчы. Яны насілі сваю цывільную вопратку і атрымлівалі іншы раз падачку. А Данілаў здзівіў хлопца. Ён быў апрануты ў афіцэрскую нямецкую форму, з левага боку на рэмені вісеў пісталет. Сінявокі бландзін гадоў дваццаці пяці, высокі, стройны. Калі ён чым і адрозніваўся ад арыйцаў, дык гэта жывымі рухамі і шырокімі жэстамі. Ён хуценька прайшоў да Галі, сказаў ёй нешта, вярнуўся і запытаў:
- Адкуль у вас гэты малады чалавек?
- Гэта мой пляменнік, здалёк.
- А ён падобны на вас. Запаліце вы лямпу, усё газы шкадуеце, я прынясу яшчэ.
- Ат, мы загаманіліся, і я забылася пра святло.