Віхры на скрыжаваннях
- Автор: Федосеенко Владимир Константинович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- ISBN: some
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Віхры на скрыжаваннях». Краткое содержание книги:
- Нічога, рашыў пайсці ў другі атрад. Зіна замуж выйшла...
- Дык ты пагэтаму? А я раней даведалася і нават рада была. Ты яшчэ малады, вайна закончыцца, і будуць у цябе дзеўкі, сынок.
- Мух у хаце многа, - Валодзя махнуў рукой над сталом.
- Я прынесла некалькі мухамораў, спякла іх, але ж няма цукру, няма малака, дык на ваду не лезуць. Завешвала вокны, выганяла колькі разоў, але ніяк не адбіцца. Ды, сынок, чорт іх бяры, бяды б толькі такой.
- Мама, я вінтоўку пакуль што пакіну дома, дзе-небудзь у падстрэшшы, а ты дай мне пераапрануць штаны, хоць якія падраныя, а пілотку я здыму таксама, ты захавай яе. Мне трэба ва ўсім цывільным быць, каб немцы не затрымалі.
- Куды ж ты пойдзеш?
- Пакуль... пакуль не сцямнела. Пра мяне нікому нічога не кажы.
- І Зіне, калі запытае?
- А як Зіна запытае?
- Яна ж тут, у сваёй маткі. Кажуць, прыехала дамоў. Я, праўда, з ёй не размаўляла. Падумаеш, сына майго прамяняла. Я нават і не вітаюся.
- Та-ак, не кажы ёй пра мяне нічога. Тады мне трэба хутчэй адсюль ісці, і каб ніхто не бачыў.
Маці прынесла штаны, кепку. Валодзя пераапрануўся, паабяцаў, што хутка зноў зойдзе дадому, і пайшоў з хаты. Пад павеццю захаваў вінтоўку і агародамі накіраваўся да балота. Прайшоў крыху, спыніўся і азірнуўся на вёску. Малінавым колерам запаліла сонца шыбы ў вокнах яго роднай хаты. Яны свяціліся ласкава, мяккім цяплом абдавалі душу хлопца. Не інакш, як маці прытулілася да акна і не адрывала вачэй ад сына. А на даляглядзе за вёскай астраўкамі на вогненнай гладзі стаялі свінцовыя хмаркі. На адной з іх, нібы на партызанскім аэрадроме, загарэліся па краях кастры. Сонца заходзіла. Валодзя павярнуўся і пакрочыў у напрамку да яго. У час заходу сонца часта нібы ўзнімае зямную прыгажосць і паказвае яе на небе. Такая прыгажосць даступна больш шырокаму колу людзей, чым зямная.
Вось перад Валодзевым позіркам узняліся высокія горы з глыбокімі ярамі і густым зараснікам вакол іх. А там, ніжэй, быццам слон уцякае ад ляснога пажару, вялізныя кусты бэзу зацвілі на ружовым фоне. Але ўся гэта прыгажосць паўстае ў жывым уяўленні чалавека. Толькі ніхто не можа ўбачыць, як змяняюцца думкі, як змяняецца душэўны стан чалавека.
Хлопец спяшаўся ісці ўслед за сонцам, і яно яшчэ не паспела схавацца за зямлю, як ён ступіў у цяністы сад каля вёскі Слабады. Цяпер Валодзя ўжо захваляваўся: ці пазнае яго цётка Голубіха, Валіна маці. У вёсцы было ціха, толькі зрэдку адтуль даносіўся гул машыны ды чуліся выкрыкі на нямецкай мове.
«А гэта адкуль? - падумаў Валодзя. - На ўскраіне саду палаткі стаяць. Няўжо ў сямістах хатах гітлераўцам не хапіла месца? Але гэта лепш, можа, і ў Валінай хаце немцаў няма. Тады ўсё будзе добра. Пасланцы Шабліна сюды за мной не пойдуць».
Валодзя па баразне, каля градак, падышоў да хаты, пераступіў невысокі плоцік і юркнуў у сенцы, бо па вуліцы ішлі варожыя салдаты. Пастукаў у дзверы. Чуцён быў тупат ног, але ніхто не адзываўся.
Хлопец пачакаў. Вось адчыніліся дзверы, і перад ім паўстала жанчына.
- Вы Валіна маці? - нясмела запытаў Валодзя.
- Так, - адказала жанчына і здзіўлена паглядзела ў твар хлопцу.
- Вы мяне не пазналі, а я вас...
- Праходзь, праходзь, чаму ж не пазнала, - сказала Голубіха і здзіўлена працягвала глядзець на Валодзю.
- У вашай хаце немцы не стаяць?
- Не. Ты з Дубовай Грады, сын Байкача?
- Ага.
- З маёй Валькай разам вучыўся. Я ведаю, яна нядаўна пра цябе расказвала.
Валодзя падумаў, што жанчына ўсё пра яго ведае, і запытаў:
- А калі Валя была дома?
- Ды як ты ў Жлобін хадзіў.
- А-а.
- Як гэта ты так смела ходзіш то ў Жлобін, то сюды?
- Так трэба, - павесялеў Валодзя.
- Ну, як мая дачка там, расказвай?
Валодзя акінуў позіркам хату.
- Тут нікога няма чужога. У спальні мая меншая, Галька, ляжыць. Усё кніжкі чытае. Я пачула стук у дзверы ды хутчэй да яе, каб кніжкі схаваць, яны ж савецкія.
Валодзю не было чаго новага паведаміць пра Валю, і ён сказаў, што жыве яе дачка па-ранейшаму.
- Сядзьце, паешце, - запрасіла жанчына хлопца да стала.
Валодзя сеў. Са спальні пачуўся голас:
- Мама, хадзі сюды!
Жанчына выйшла. А Валодзя задумаўся, чаму дзяўчына не выходзіць адтуль. Няўжо ёй не цікава было паслухаць пра сястру. Але пачуў, што маці ёй расказвае пра Валю і пра яго, і заключыў, што Галя хворая. А калі прыйшла жанчына, ён запытаў:
- Чаму Галя не выходзіць са спальні?
- А што, Валя не расказвала табе, якое няшчасце ў нас?
- Не.
- Ой, дзеткі мае...
Жанчына ўздыхнула, і яе чорныя вочы адразу ж напоўніліся слязьмі. На чыстым, прыгожым твары з'явілася больш зморшчынак. Яны паглыбіліся ў кутках вачэй, губ. Чорная з ледзь прыхопленай сівізной пасма валасоў выехала з-пад белай хустачкі і прыкрыла высокі лоб.