Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Рожа нават брывом не зварухнуў на дзёрзкасць. Яшчэ не час. Між тым дзесьці ў канцы вуліцы пачуліся радасныя выкрыкі. Лаўрын задаволена пасміхнуўся, нават не азіраючыся, ведаў: гараджане ўбачылі абоз, які ехаў за войскам — калёсы, гружаныя мяхамі з зернем, бочкамі з медавухай... Цяпер горад адданы князю. І фанабэрыстыя шляхцюкі, якіх абышла сваёй увагай нават смерць, застануцца пры сваіх крыўдах і без усялякае моцы. Такія ёсьцека ў кожным горадзе, які належыць князю. Гэта нават добра — вось яны, гарладзёры, крычаць, пустасловяць, а велікадушны ўладар ім даруе ад магутнасці і справядлівасці сваёй. І просты нямудры чалавек ведае: бяда, калі гэтыя задзіракі да ўлады дабяруцца. І яшчэ больш любіць магутнага справядлівага князя. І заўсёды ёсць каго звінаваціць у нястачах і бедах дзяржавы. Услых Лаўрын прамовіў, аднак, іншае.
— Мы — адзін народ, пане-браце. Слова гонару — я буду бараніць вольнасць Старавежску гэтак жа, як вы, панове.
— Хе-хе-хе! — зноў зайшоўся хрыплым смехам кручок-Карэйва, і рэхам прагучэла карканне варон, што кружылі над пляцам, быццам чорныя багі смерці пяшчотных сняжынак, якія апускаліся на горад.
Не, сапраўды, ад гэтага дурня варта пазбавіцца...
— Кожнае каліўца волі дарагое ліцвінскаму сэрцу,— сурова прамовіў сівавусы.— Таму без супраціву не вытапчацца ніводнае. Чаму дасланы князем лекар Бернацоні не пускае нас да ратушы?
— Італіец — вядзьмак! — выкрыкнуў нехта са старавежцаў.— Гэта з-за яго пачаўся шал! Ён д’ябальскія скрынкі сюды прывёз!
Пан Ляскевіч падняў руку і спыніў крыкі, што ўсчаліся пры адной згадцы пра лекара.
— Мы не можам звінаваціць пана лекара ў нашых пакутах, бо доказаў не маем. Мы ведаем толькі, што апошнім часам пан Бернацоні выратаваў шмат хворых, што міласэрна адведваў дамы, пазначаныя смерцю, куды шмат хто не насмеліўся б занесці і кроплі вады ці кавалка хлеба нават дзеля выратавання ўласнае душы. Але выявілася, што лекар гвалтам трымае ў вежы дзяўчыну... Магчыма, гэта мая дачка Анэта.
Голас Ляскевіча здрыгануўся. Рожа недаверліва хмыкнуў:
— Адкуль такія звесткі?
— Пан Багуслаў Радчыц бачыў дзяўчыну ў акне ратушы.
Сінявокі шляхціц ступіў наперад:
— Гэта была яна, Анэта! Мая нявеста! Я пазнаў бы яе нават тады, калі б яна ператварылася ў аблачыну ці ў птушку!
Рожа прымірэнча падняў далоні.
— Добра, добра, не гарачыцеся, пане-браце! Тут з’ясаваць патрэбна. Што за дзяўчына, ці сваёй воляй там, ці ёсць яна ўвогуле... Вядома, гвалт над паненкай — ганьба. Князь такога не даруе. Калі лекар у падобным вінаваты — адкажа горлам. Будзеце мець ягоную галаву на палі. А пакуль прашу ягамосьцяў саступіць дарогу.
— Мы пойдзем з вамі ў ратушу! — гэта крыкнуў Багуслаў. Рожа, не спяшаючыся, сеў на каня і толькі тады адказаў, амаль ласкава, як несвядомым дзецям тлумачаць, чаму нельга хадзіць далёка ў лес.
— На жаль, пакуль не прыбудуць у Старавежск мошчы Святога пакутніка Віта, пакуль на пляцы наш шаноўны біскуп не зладзіць чын выгнання шатана, пакуль не пройдзе хросны ход вакол ратушы ды ўсяго горада,— вялікі князь загадаў нікога са старавежцаў на пляц не пускаць. Каб не ўзбудзілася зноў шаленства. Так, панове, падумайце самі, што, калі вы зноў паляціце карагодам? Вы ж маглі падхапіць тое насланнё! Наблізіцеся да вежы, тут вас мара і апануе.
— Хе-хе-хе! І будуць панове скакаць, скакаць, танчыць, як лялечкі на вяровачках...— пранізлівым голасам пракрычаў Карэйва. Старавежскія шляхцюкі, амаль усе, апусцілі вочы, згодна заківалі, і застарэлы страх лёг ценем на іхнія твары. Як лёгка кіраваць тымі, хто аднойчы смяротна спалохаўся. Малады Радчыц і сівавусы Ляскевіч яшчэ нешта крычалі, абураліся, але соцкі Баркун падаў знак, і старавежцаў ветліва, але рашуча адсунулі ўбок. Частка княскіх вояў засталася, каб узмацніць ахову, а новы войт са світай рушыў да вежы, над якой усё яшчэ лунаў сцяг незалежнага горада — са срэбным коннікам на барвова-белым полі.
— Хе-хе-хе! — вар’яцкі смех блазна слаўся над пляцам разам са смярдзючым дымам ад вогнішчаў. Чорныя сляды разразалі напалам бялюткае покрыва першага снегу.
— Анэ-эта! — адчайна крычаў малады шляхцюк, ірвучыся праз ахову да ратушы.— Анэ-эта!
— Анэ-эта!
У дзверы настойліва стукалі. Я падхапілася з ложка. Сэрца шалёна білася. Спатрэбілася некалькі хвілінаў, каб прыпомніць, што я знаходжуся ў маёнтку Пятра Калыванава, а за дзвярыма гучыць голас Юрася.
— Анэта, уставай! Праз пяць хвілінаў сняданак!
Мог бы і раней мяне пабудзіць... Добра, што я даўно ўжо не марную час на касметыку. Запляла касу, улезла ў джынсы і швэдар... І, замест таго, каб ірвануцца да свецкага жыцця, павольна падышла да акна... Унізе чарнелі дрэвы старога парку. Ноччу першы снег прыцярушыў зямлю, і голле скрыжоўвалася на белым фоне, як саржавелая зброя. Але ў гэтым адчувалася не злосць, а нейкая безнадзейнасць, нібыта самі драўляныя воі ведалі, што іх бітва даўно не мае сэнсу, і пераможцаў не будзе. Ды аднойчы дадзенае слова гонару змушала іх зноў і зноў сыходзіцца ў змаганні.