Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Калісьці гэта быў вельмі прыгожы парк. Сцяжынкі між роўна падстрыжаных кустоў утваралі ромбы і віньеткі, і лёгка было ўявіць, як па іх рухаюцца-плывуць пані і паненкі ў доўгіх сукнях, падобных да перавернутых чарак з каляровага шкла. Дзіва, што новым гаспадарам хапіла густу не вынішчаць старыя прысады. Дарэчы, наўрад ці ўзрадаваліся б былыя гаспадары, інсургенты і патрыёты, што ў іхніх сценах атабарыўся расеец, ды яшчэ, здаецца, замяшаны ў брудныя палітычныя справы... Калыванаў якраз і з’ехаў займацца палітыкай, губернатарам нацэліўся стаць.
Гадзіннікі стаялі ў памяшканні цокальнага паверха, аніяк не падобным да музейнае залы. Хутчэй да велізарнай лабараторыі. Прынамсі, незразумелай мне апаратуры тут мелася багата. У другім канцы пакоя, дзе цямнелі вялікія, нібыта гаражныя, дзверы, збліснуў лакавы бок старога аўтамабіля... Ах так, Віталь казаў пра майстэрню па рамонце антыкварнай тэхнікі... Аркадзевы гадзіннікі я пазнала адразу — яны стаялі ля сцяны і нагадвалі цяпер не рыцараў, а палонных. Прафесар Зміцер Патапавіч ледзь не носам тыцкаўся ў кожны з іх, аглядаючы. Астатніх гадзіннікаў было дзясяткі тры... Адны падобныя да маленькіх храмаў, другія — простыя і змрочныя, як труны, трэція — нібыта дзіцячыя забаўкі. Юрась так і кінуўся да іх, нібыта да аднойдзеных сардэчных сяброў. Я заўсёды зайздросціла тым, хто займаецца сваёй улюбёнай справай, хаця і сама калісьці была сярод такіх шчасліўцаў. Цяпер — толькі назіраць... Вось Юрась пяшчотна дакранаецца да старога дрэва... Вось ён нешта заўважыў на бакавой сценцы, і пагляд зрабіўся, як лязо. Прыгаворвае скрозь зубы... Упэўнена адчыняе дзверцы механізма, асцярожна кратае нешта ўнутры... Прысутныя, уся «доследная каманда» на чале з Янчыным, моўчкі назіралі за ягонымі рухамі, нібыта родзічы хворага чакалі прысуду цуда-лекара. Нават прафесійна-іранічны «псіх» Макс пасур’ёзнеў. Нарэшце Юрась павярнуўся да нас. Твар ягоны ззяў, як ва ўдалага рыбара.
— Можам павіншавацца! Гадзіннікі з вежы — усе тут! Вось гэты, з караблём... Гэты, з крыжам і ружамі... І той, чорны, з рыцарам... Калыванаў усе ў Польшчы за адным разам купіў, так? Я каталог аўкцыёну бачыў. Не паспеў Аркадзь паўдзельнічаць... Наконт гадзінніка з месяцам я не ўпэўнены, надта ж пашкоджаны, але хутчэй за ўсё — і ён належаў таемнаму Бернацоні...
Ахоўнікі, знаёмыя нам ужо Ігар і Анатоль, кінуліся паводле Юрасёвых указанняў перастаўляць патрэбныя экспанаты. Лішнія гадзіннікі беражліва і паспешна, як паважаных, але надакучлівых гасцей, адпраўлялі за дзверы. Урэшце ў пакоі іх засталося дванаццаць... Віталь Янчын абняў былога вучня.
— Дружа, ты геній! Каб ты ведаў, які кавалак працы зараз адолеў!
Юрась асцярожна вызваліўся з абдоймаў.
— Гэта мог зрабіць для вас любы антыквар.
— А нам любога не трэба! — Янчын захіхікаў, але абарваў смех і амаль строга дадаў.
— Цяпер прафесар патлумачыць вам тое-сёе. Дасць, так бы мовіць, агульны накірунак.
Зміцер Патапавіч наставіў на нас свае акуляры-лінзы, нібыта сумняваўся, што мы можам нешта зразумець з ягоных слоў, і загаварыў гэткім жа занудным, як усё ягонае аблічча, голасам.
— Высновы мае носяць пакуль гіпатэтычны характар. Дык вось... Перад намі доказ таго, што стэрэатыпы наконт прагрэсу — усяго толькі ілюзія. Нашыя продкі валодалі такімі сакрэтамі тэхнікі, якія нам толькі сняцца. Нічога новага, панове, мы не вынаходзім. Толькі ўспамінаем тое, што было добра вядома прашчурам. Гэтыя гадзіннікі маюць сакрэт, які пакуль я раслумачыць не магу.
Прафесар паставіў на маленькі столік насупраць гадзінніка «Чорны Ганс» звычайную шклянку, перамераў рулеткай адлегласць, пасунуў шклянку на пару міліметраў, яшчэ... Нешта пакруціў унутры гадзінніка. Металічны званар падняў свой молат і ўдарыў у звон... Гук быў нечакана пранізлівы, непрыемны, аж зубы занылі... Званар ударыў яшчэ раз, яшчэ... Раптам шклянка на стале пачала тонка вібрыраваць.
— Вось так,— прафесар пераможна абвёў усіх паглядам, нібыта давёў складаную тэарэму.
— Ну і што? — сярдзіта прагаварыў Янчын.
Прафесар здзекліва зірнуў на Віталя скрозь свае лінзы.
— Для вас, можа, і нічога дзіўнага, а вось для навукоўца — надзвычай. Вось што пра гэтыя гадзіннікі гаворыцца ў адным старажытным дакуменце...— Прафесар дастаў з кішэні зашмальцаваны, складзены ўчацвёра аркушык, падобны да ліста ад колішняй каханай, які носяць пры сабе і перачытваюць, настальгуючы. Зміцер Патапавіч разгарнуў ліст і зачытаў: «І які б сасуд, шкляны, або парцалянавы, ні паставіць у іх кола, ён будзе разбіты іх голасам».