Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні

Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:

У кнігу вядомай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай увайшлі гатычны раман «Скокі смерці», у якім журналістка Ганна Барэцкая і рэстаўратар Юрась Дамагурскі разгадваюць таямніцу сярэднявечных гадзіннікаў, аповесць «Ночы на Плябанскіх млынах», дзе міфы і легенды Мінска пераплятаюцца ў запамінальную містычна-рамантычную карціну, цыкл «Старасвецкія міфы горада Б*», што спалучае антычныя міфы і рэаліі старасвецкага беларускага мястэчка, а таксама апавяданні, у якіх дзейнічаюць і паўстанцы Каліноўскага і Касцюшкі, і нашы сучаснікі. Героі Людмілы Рублеўскай вырашаюць адвечныя праблемы выбару паміж годнасцю і бяспекай, каханнем і здрадай, захаваннем гістарычнай памяці і абыякавасцю. У кнізе ёсць і прыгоды, і містыка, і гумар, і псіхалагізм, і развагі над лёсам Беларушчыны.
1 ... 48 49 50 51 52 53 54 55 56 ... 209
Перейти на страницу:

Войска Вялікага князя ўязджала ў горад няспешна, без асаблівай урачыстасці. Мо з сотню чалавек моўчкі назіралі за шыхтам, стоячы ля дамоў, вокны якіх былі забітыя накрыж. Яркія ўборы прыхадняў нібыта ганьбілі жалобную цёмную вопратку гараджанаў. На цнатліва белай паверхні першага снегу заставаліся чорныя сляды, і здавалася, што чужынцы нясуць за сабой гэтую чарнату, вядуць яе ў апусцелы горад, чые вуліцы былі яшчэ нечапана белымі. Чуваць было толькі, як стукаюць па бруку падковы коней ды пабразгвае вупраж. Ды яшчэ — вар’яцкае «Хе-хе-хе» княскага блазна Карэйвы, хударлявага, пачварна сагнутага ў крук — блазан і на кані сядзеў не па-людску, а амаль лежачы, у адмысловым сядле, падобным да залачоных ночваў. Усё княства ведала, што Карэйва пасмейваецца ўвесьчасна, нібы жаба квакае. Сагнула Карэйву пасля таго, як пабыў у лёхах замка аднаго з магнатаў, ды не як госць. За што небараку гэтак катавалі, ніхто не ведае. Розум востры, наколькі можа быць вострым ва ўбогага вар’ята, і блазан умеў пацешыць сваіх гаспадароў. Але, можа, менавіта гэтае пахехекванне ўрэшце надакучыла Вялікаму князю, які падарыў былога ўлюбёнца пану Лаўрыну Рожы — новаму войту Старавежску. Вось і ён, Рожа, у срэбным жупане, у гарнастаях і дыяментах. Аблічча шырокае, спрэс у шнарах. Прабіўся да высокай пасады нялёгка, не з багацеяў. Ад простага воя шлях прайшоў. Княскі хорт, гатовы перагрызці горла за гаспадара нават святому. Побач — ягоны верны хорт, соцкі Баркун, падобны да мядзведзя. Гэты не меў літасці, напэўна, нават да ўласнае калыскі.

Чужынцы ехалі праз горад. Некаторыя старавежцы шапталі скрозь сціснутыя зубы праклёны... Ляцяць каршукі на падлу... Іншыя — іх было больш — паглядалі з надзеяй. Хіба горай будзе? А раптам — да лепшага новая ўлада? Самім усё роўна не акрыяць.

Перад уездам на пляц з ратушай, там, дзе пачыналася варта, выстаўленая Гервасіем Бернацоні, гасцей чакалі. Ацалелыя ад пошасці і скокаў смерці радавітыя гараджане жадалі перамоваў. Лаўрын абвёў вачыма тых, хто перагарадзіў яму шлях: тузіны тры... Няшмат вас, панове. Погляд звыкла вылучыў тых, хто заслугоўваў увагі. Малады шляхціц з чорным віхорам, які выбіўся з-пад шапкі з дыяментавым «гузам», глядзіць дзёрзка, непакорліва; таўсматы пан з доўгімі сівымі вусамі і прыжмуранымі, нібы ад нянавісці, вачыма. І руку ўпёр у бок, а другая на дзяржальне шаблі...

— Вітаем у нашым горадзе пасланцаў Вялікага князя!

Бач, гаспадары аб’явіліся! Лаўрын грозна нахмурыўся.

— Я ваш новы войт. Увечары я вас выслухаю. А зараз — сыдзіце з дарогі.

Вочы маладога шляхціца гарэлі сінім халодным полымем, нібыта зоры ў мароз.

— Наш горад яшчэ жывы! І ягонае магдэбургскае права не адмененае! Ёсць сем чалавек з гарадской рады. Вось — бурмістр, пан Варава Ляскевіч.

Сівавусы ганарыста кіўнуў галавой.

— Ляскевічы заўсёды абіраліся ў раду. Яе ж абірала капа, веча... А рада абірала войта. І не іначай.

Шляхта за спінай сівавусага ўхвальна загула.

Лаўрын пасміхнуўся ў вусы. Бач, вадзіцца ўздумалі... Але заядацца не выпадала. Рожа быў стары ваяка, пры княскім двары за трыццаць гадоў нагледзеўся ўсялякага... Уменне весці перамовы не менш важна, чым жалезная пальчатка на руцэ, якой трымаеш цяжкі меч. Рожа няспешна злез з каня — хай бачаць, што ён не вораг. Але прыніжацца таксама нельга — стопчуць адразу.

— Хіба ў Старавежску гэтак прынята вітаць гасцей? — цяпер голас новага войта гучаў мякка, як поступ коткі, што падбіраецца да птаха.— Вялікі князь хоча дапамагчы вашаму гораду ў бядзе. У яго няма інакшых мэтаў.

Хрыплы смех блазна Карэйвы парушыў урачыстасць словаў.

— Хе-хе-хе! Схіліце хвост ды пад мост, ягамосці! Важныя ў вас госці! Паздароў, Божа, паноў, што няма ні коней, ні кароў, адныя мігдалы нябёсныя, дый тыя зямлёй пахнуць. А мы вам пернікаў прывезлі. Смачныя, княскія! Хе-хе-хе!

Новы войт злосна зірнуў на блазна — што з дурня возьмеш.

— Мне загадана ягонай мосцю ўсяляк ратаваць і адбудоўваць горад, спрыяць, каб ён зноў насяляўся і гандляваў, і прымнажаў славу княства.

— І пастаўляў князю вояў для патрэбных толькі яму звадак! — выкрыкнуў сінявокі рыцар.— І аддаваў на княскі суд, хто князю не ўгодзіць! У халопы месцічаў запішаце.

— Магдэбургскае права ў нас ніхто не забярэ! — крыкнуў стары шляхціц.

— А навошта князь свайго біскупа прысылаў? — азваўся яшчэ адзін.— Мы не папісты! Гэта толькі князь можа веры мяняць, як вужака — скуру. Ганьба!

1 ... 48 49 50 51 52 53 54 55 56 ... 209
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)