Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Легенду гэтую чула я і раней, хаця з меншымі падрабязнасцямі. Нейкім пракаветным жахам веяла ад яе... Былі тут некаторыя дэталі, што не стасаваліся з адцягненым палётам народнай фантазіі. Залатыя валасы смерці, «дзыгары», якія існавалі, як высветлілася, цалкам рэальна... Не варта забывацца, што ратуша — гэта сімвал волі, магдэбургскага права... Менскую ратушу знеслі па асабістым загадзе расейскага цара Мікалая І менавіта для таго, каб не нагадвала гараджанам пра былыя вольнасці і незалежнасць...
Рэальна існаваў і Баркуноў славуты продак, соцкі Баркун. Ён прыехаў у Старавежск разам з войтам са смешным прозвішчам Рожа, якога прызначыў кіраваць горадам Вялікі князь. Было гэта адразу пасля Вялікай Пошасці. Я хуценька пачала накідваць для артыкула Аркадзеў радавод, не шкадуючы рамантычных адценняў. Дадавала і звесткі з Аркадзевай біяграфіі, клапатліва раздрукаванай у некалькіх асобніках — мецэнат і фінансавы геній. Што ж, святая справа — сказаць добрае слова пра нябожчыка. Трэба ж такому здарыцца: толькі сустрэліся праз адзінаццаць гадоў — і некралог пішу. Бедны Аркадзь. Юрася падтрымліваў, мне дапамогу абяцаў. Дый так, лічы, дапамог, хоць вось у такіх трагічных абставінах — столькі грошай зараблю, жыву на ўсім гатовым у нечувана шыкоўных умовах... Я ўспомніла, колькі разоў Аркадзь, калі быў старастам нашага курса, дапамагаў мне хаваць «сачкаванне» з лекцыяў, як частаваў мяне на кожным перапынку булачкамі — пакуль я не звязалася з Юрасём... І ў маім тэксце з’явіўся яшчэ адзін вытанчаны эпітэт пра высакароднага мецэната.
А вось наступная папка змусіла мяне ўздрыгнуць. Гэта быў перакладзены на сучасную нямецкую мову стос пратаколаў Пражскай інквізіцыі 1437 года. Судовая справа Гервасі Луіджы Бернацоні, абвінавачанага шматлікімі сведкамі ў вядзьмарстве. Уладальнік гадзіннікаў!
Я ніколі раней падобных дакументаў не чытала. Нават у гістарычных раманах кшталту «Тыля Уленшпігеля» «садысцкія» старонкі прагортвала. Што ж, праца ёсць праца... Але ўжо праз дваццаць хвілінаў я ледзь не самлела. Паказанні сведкаў нагадалі блёкат. Хаця падсудны нікога не назваў сваім смяротным ворагам — гэта быў адзіны спосаб адвесці чыесьці паказанні,— але жывёльная нянавісць, магчыма, спароджаная страхам, лучылася з кожнага слова. Не дзіва — сведкі, відаць, шчыра верылі, што няшчасны лекар можа адным паглядам аддаваць чалавека ва ўладу нячыстага. Нават на суд яго прывялі з чорнай павязкай на вачах.
«Мы, суддзі і радцы, уважаючы вынікі працэсу, які вядзецца супраць цябе, Гервасі Бернацоні, лекарскага звання, фларэнціец, які жыве ў Празе, прыйшлі да высновы, што маецца дастаткова доказаў таго, што ты займаўся валхваваннем і чараўніцтвам, і супраціўнымі Богу чарамі, з дапамогай вядзьмарскіх машынаў змушаў людзей слугаваць сабе і Д’яблу і быў верным наступцам ерэсіярха Яна Гуса, праклятага Святой Царквою. Мы маем таксама сведчанні, што пятнаццаць год таму ты, Гервасі Бернацоні, быў абвінавачаны ў валхваванні і вядзьмарстве святой інквізіцыяй горада Фларэнцыі, але ўцёк ад расследвання і справядлівага суда. Таму ўладай, дадзенай нам Госпадам, пастанаўляем, каб аддаць цябе допыту пад катаваннем. Мы абвяшчаем і пастанаўляем, што ты мусіш быць катаваны сёння ж, у тры гадзіны папоўдні».
Пратаколы фіксавалі ўсё з вар’яцкай падрабязнасцю. Гэтак жа, як будзе рабіцца на нашай зямлі праз пяцьсот гадоў. Перад допытам падсуднаму тры дні давалі толькі святую ваду з кропляй воску ад грамнічнай свечкі. Потым распранулі і агледзелі яго цела ў пошуку знакаў д’ябла, якія надзялялі ведзьмакоў моцай вытрываць катаванні. Мніхам падаліся падазронымі некалькі плямак на плячах, і іх адразу праверылі распаленым жалезам. Лекар адчуў боль, і падазрэнні наконт плямак былі прызнаныя беспадстаўнымі. Потым падсуднага пагалілі — лічылася, што праз валасы д’ябал таксама падтрымлівае сувязь з ахвярамі. Каб пазбавіцца валасоў да самых каранёў, галаву аблілі спіртам і падпалілі. Потым паклалі пад пахі і на спіну падсуднага кавалачкі серы і таксама падпалілі. Потым кат звязаў яму рукі за спінай вяроўкай і падвесіў яго за тую вяроўку да столі... Гэта у славянаў называлася «дыба». А паколькі на ўсе ўгаворы лекар «няістава ўпарціўся», каты прывязалі да яго ног чыгунныя грузы і пакінулі вісець на выкручаных руках да вечара... Але, мабыць, досыць... Пытанні кшталту «Ці прызнаеш ты, Гервасі Бернацоні, што ў трэцюю ноч пасля Вялікадня праляцеў у вялікім чорным гаршку над домам шаноўнага купца пана Гамулкі, і ад таго ў пані Гамулкавай пачаліся заўчасныя роды, і нарадзіла яна чарнявае д’ябалятка, падобнае да цябе» перамяжаліся цытатамі з Бібліі («чыя душа схіляецца да магаў і валхвоў, і з імі блудзіць, супраць таго хачу я ўзняць меч свой і нізрынуць са статку народа свайго»). А таксама дэталямі пра вывернутыя суставы, струменьчыкі крыві з-пад пазногцяў раструшчаных пальцаў і стогны катаванага. Ад якога, аднак, не дабіліся ні слова прызнання віны. Як несумненная праява д’ябальскага ўплыву было адзначана, што катаваны не крычаў і не плакаў, толькі «стагнаў, падобна зверу».