Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
— А нічога не паробіш,— меланхалічна пракаментаваў Віталь, які сядзеў наперадзе, побач з шафёрам, маўклівым маладым чалавекам у скуранцы, з чорнымі прылізанымі валасамі і вузенькімі вусікамі на манер акцёраў нямога кіно.— З такімі хоць па-добраму, хоць па-злому — вынік адзін...
Кіроўца няспешна азірнуўся, ацаніў сітуацыю — відаць, паедзем не хутка, уздзеў навушнікі плэера і загайдаўся ў толькі яму чутным бадзёрым рытме. Маўляў, мая справа маленькая, разбірайцеся, паны, самі.
А Юрась раптам прыціснуў да сябе Стэлу, якая рвалася з яго рук, і моцна пацалаваў... Яна прыціхла, абхапіла яго тонкімі рукамі... Потым Юрась крыкнуў у бок машыны:
— Пачакайце мяне хвілінаў дваццаць!
І павёў некуды сваю нервовую прыгажуню.
— І навошта гэта яму? — шчыра азваўся Віталь. І распавёў мне гісторыю Юрасёвага шлюбу.
...Мой былы муж не любіў журналістыку, затое цягнуўся да мастакоўскага свету, як грэшнік да крыжа. Вось у адной вясёлай майстэрні, сярод недамаляваных карцінаў і старажытнай керамікі Юрась і напаткаў сваю Стэлу. Таленавітую і дзіўную. Будучы рэстаўратар — ён вучыўся на другім курсе вучэльні — не спяшаўся сыходзіць з майстэрні, якая і належала чароўнай Стэле — бацька, вядомы мастак, паспрыяў. Настрой гаспадыні між тым сапсаваўся. З ейных цёмных самотных вачэй без дай прычыны паліліся паэтычныя слёзы... Астатняя публіка неяк вельмі хуценька разбеглася... Мусіць, ведалі, які «цырк» пачнецца. І Юрась атрымаў задавальнення напоўніцу. Наркаманка са стажам у час «ломкі». Калі Юрась зразумеў, што за лекі вытанчаная Стэла збіраецца ўпароць сабе ў вену, учыніў «мудра» — выхапіў шпрыц ды выкінуў праз акно. Мастачка паспрабавала адправіцца ўслед за сваім «ратункам»... Юрась з апошніх сілаў утрымліваў яе на падаконні, а прыгажуня несамавіта лаялася... Ды яшчэ трапіўся ёй пад руку мастыхін — вострая металёвая лапатка, якой счышчаюць фарбу з халста... Вось так і ўпрыгожыліся твар і рукі майго былога мужа шнарамі.
Дзесьці пад раніцу дзяўчына апрытомнела... І што першае зрабіў Юрась, парэзаны вострым лязом, як пасля бойкі з тузінам адмарозкаў? Правільна, прапанаваў выйсці за яго замуж. Ясна, чаму: збіраўся стаць выратавальнікам. Але нават гэты легкадумны рамантык не ўяўляў, з чым сутыкнецца.
Ён пераспрабаваў усё. Звычайных дактароў і гіпнатызёраў, вазіў да святароў, аднойчы ўгаварыў пажыць разам у скіце дзесьці ў Карэліі... Але вера мелася толькі ў ім. Звярнуўся аднойчы і да былога выкладчыка. Віталь якраз ладзіў чарговую рэкламную кампанію свайго гаспадара — хоспіс ды наркалагічны цэнтр.
— Ніхто ёй не дапамог і не дапаможа,— зазначыў мой суразмоўца.— А без «дозы» загнецца... Вось Юрась і зарабляе на «дурноту».
— Ён купляе жонцы наркотыкі?!! — жахнулася я.
Віталь меланхалічна паціснуў плячыма:
— Калі не выбрацца з балота, застаецца квакаць. А шкада хлопца! Светлая галава, хаця з дзівацтвамі. У палітыку палез, калі гэта было яшчэ модна. За адным апазіцыянерам партфель насіў... Пасля пасварыўся... Каб яму добрага дарадчыка ды кіраўніка — абапіраючыся на такіх людзей, адказных, палкіх — шмат можна дасягнуць. Але ж вось — згас чалавек, звузіўся... Я такіх лёсаў шмат бачыў.
Ад пачутага мне зрабілася ніякавата. Ніколі не мела блізкіх стасункаў з наркаманамі. Ведала, што ў Менску яны збіраліся ў кавярні «Пінгвін», цяпер пераробленай у безаблічную рэстарацыю з марскім назовам. А мой сябра паэт вадзіў мяне па маленькіх кавярнях... Я запомніла з неахайнай купкі заўсёднікаў «Пінгвіна» дзяўчыну з нібыта размытымі дажджом рысамі твару, у якой хіпоўскую павязку на галаве ўпрыгожвалі рыбацкія мармышкі. Вочы ў дзяўчыны з мармышкамі былі светлыя, і здавалася, з нейкай празрыстай плёнкай... Сябра грэбліва патлумачыў: «наркаманка». Але да Стэлы грэбліва ставіцца я не магла.