Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Гэты Бернацоні быў, відаць, магутнай асобай. Пра Яна Гуса, свайго колішняга патрона, ды Гераніма Пражскага, спаленага вучня Гуса, паўтараў: — «Яны былі Божыя людзі». Уяўляю, як лютавалі каты. Звычайныя, перапалоханыя людцы, якія шчыра верылі, гэтак жа, як іх паслядоўнікі наступных стагоддзяў, што робяць святую справу і адзінаборнічаюць не са спакутаваным зняможаным вязнем, а з магутным таемным ворагам. У камеру да Бернацоні манахі заходзілі абавязкова па некалькі чалавек, прычым спінай уперад, мелі пры сабе соль, асвечаную ў Вербную нядзелю, і штохвілі хрысціліся і чыталі малітвы.
Бернацоні спалілі толькі праз год ад пачатку працэсу. Ён так і не раскаяўся.
Я прагартала свае выпіскі. Самае цікавае для мяне тычылася паказанняў сакратара Бернацоні, нейкага Энрыке, які, «паглядзеўшы на прылады для ўразумлення», цалкам прызнаў і сваю віну, і свайго гаспадара, і нагаварыў столькі, што вогнішча мусіла распаліцца ад аднаго Божага гневу. Асабліва пра «д’ябальскія машыны, якія пан па-блюзнерску прыпадобніў апосталам», і якія «званілі голасам д’ябальскім», і пан вазіў іх за сабою паўсюль, а потым згубіў па волі Божай у далёкім барбарскім горадзе.
Напэўна, гэта і былі старавежскія гадзіннікі. Энрыке сцвярджаў, што гаспадар-вядзьмак нікога да тых машынаў не дапускаў, наладжваў іх сам. Ставіў у кола, «апосталамі называючы», і такім чынам утвараў «уваход у чысцец», і адтуль вылятала нячыстая сіла, якая крышыла ўсё навокал. У тыя моманты пан загадваў усім, хто быў у доме, закладваць у вушы васковыя шарыкі. Але ўсё роўна «туга на душы» змушала ліць слёзы раскайвання. Бернацоні некалькі разоў загадваў свайму сакратару садзіцца між гадзіннікаў, але той кожны раз губляў прытомнасць ад іх «д’ябальскага звону».
Сакратара прыгаварылі толькі да пажыццёвага заключэння. Па святах ён мусіў «хадзіць у тыя дамы, дзе грашыў, і бічаваць сябе», а таксама бічаваць сябе перад уваходам у кожны храм, і насіць на адзежы нашытыя «шафранавыя крыжы» на знак свайго ведзьмакоўскага мінулага.
Я не надта верыла ў злавесную сілу лекаравай механічнай калекцыі. Яшчэ нядаўна на вуліцах Еўропы мінакоў ахоплівала масавая істэрыя ад відовішча страшнай прылады — парасону, або жанчыны ў нагавіцах. Ну а паравоз або аўтамабіль увогуле маглі напалохаць да смерці. Лекар проста апярэджваў свой час. Вядома, фокус з сасудамі, якія самі па сабе разлятаюцца на кавалкі, мог напалохаць каго заўгодна. Хаця ці так ужо гэта неверагодна? Мая сяброўка, самавітая сямейная кабета (у адрозненне ад мяне), жонка ваеннага і маці дваіх сыночкаў-мацакоў, расказвала, як яе малодшанькі любіў у дзяцінстве барабаніць. Стукаў аднойчы палачкай па стале, на якім красавалася ваза, купленая гаспадарамі падчас службы ў Чэхіі, стукаў, стукаў... А ваза раптам і разляцелася на драбнюткія кавалачкі — як рассыпалася! «Рэзананс...»,— тлумачыла сяброўка, падрослы сынок якой барабаніць ужо ў самадзейным рок-гурце.
Я адсунула паперы і зняможана апусціла галаву на стол. Чаму людзі такія лютыя адно да аднаго... Як мне цяпер пазбавіцца ад жахлівых карцінаў, што раздзіраюць уяўленне? Відовішчы сярэднявечнай інквізіцыі змяняліся сюжэтамі з сутарэнняў НКВД. Ян Гус, Геранім Пражскі... Беларускія паэты і пісьменнікі Алесь Дудар, Валерый Маракоў, Кузьма Чорны, Уладзімір Дубоўка... Пяцьсот гадоў — і ўсё тое ж: ахвяра курчыцца ў невыноснай пакуце, каты нязмушана абедаюць у суседнім пакоі... Нават катаванні не змяніліся. Божа, будзь літасцівы да майго розуму... Мне здавалася, падыму галаву — а нада мной, як на малюнку Гойі, грувасцяцца пачвары мінулага...
— Ну што, Ганначка, начыталіся?
Псіхолаг Макс стаяў проста за маёй спінай і белазуба ўсміхаўся. Вось ёлуп, павінен жа разумець згодна сваёй прафесіі, што нельга гэтак да людзей падкрадацца, бы кадук апоўдні... Макс, аднак, згасіў мой гнеў тым, што паставіў перада мной кубак кавы і спакусны бутэрброд. Я раптам адчула, што страшэнна галодная — гадзінаў пяць, мусіць, прамінула!
— Сілкуйцеся... Я ведаю, дакументы не з простых. Дазвольце, прысяду?
Шэрыя вочы псіхолага глядзелі вельмі сур’ёзна і даверліва.
— Цікава, якія сны вам сняцца? Напэўна, часта бачыцца мора?
— Чаму вы так вырашылі? — здзівілася я, адпіваючы каву, зусім някепска звараную.