Віхры на скрыжаваннях
- Автор: Федосеенко Владимир Константинович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- ISBN: some
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Віхры на скрыжаваннях». Краткое содержание книги:
- Што гэта ты мелеш? Забіць... - сказаў Сяргееў.
- Мы так дамовіліся між сабой. Ён злачынца, за што ён забіў Валодзю?
- Разбярэмся, а самасуд чыніць нікому не дазволім, - сур'ёзна папярэдзіў камбрыг.
- Цяпер разбярэцеся, калі ён махнуў немаведама куды. Можа, яшчэ вас прыйдзе біць, - крыва ўсміхнуўся Анатоль. - Я вас прашу: дазвольце нам з ім разлічыцца.
- У-у, якія вы героі, з камандзірам роты самі будуць разлічвацца.
- Не самі, таму я і бег да вас па дазвол.
- Малайчына, Анатоль, што прыбег, але ж Шаблін нікуды не ўцячэ. Нам ужо вядома, што ён паехаў, і за ім таксама паехалі. Адпачні, хутка ён будзе тут, - усміхнуўся Сяргееў. - Што ж ты не папярэдзіў нас, што з Валодзем так здарылася?
- Мы ўсе думалі, што яго павялі да вас. Але хутка вярнуліся канваіры і сказалі, што Байкач хацеў уцячы і яго забілі. Гэта ж глупства, бо Валодзя, каб надумаўся ўцякаць - дык уцёк бы яшчэ з лагера. Тады ж адразу кудысьці паехалі і ўжо некалькі сутак у лагеры не з'яўляюцца. Мы хацелі даведацца, дзе труп Валодзі, каб пахаваць, але няма ў каго нават запытаць.
- Вось што, Анатоль, сядай на майго каня і паедзеш у штаб злучэння. Нічога нікому сам не гавары, а толькі перадасі камандзіру мой ліст. Адтуль павінен прыехаць з табой партызан Цімохін. Пойдзем - я напішу.
Камбрыг адазваў убок Сяргеева. Яны аб нечым параіліся і разышліся.
Партызанаў у атрадзе было мала. Некаторыя паехалі выконваць баявыя заданні, некаторыя - на ўборку. Толькі стукалі ў майстэрні немец Фрыдрых і яго памочнікі. Яны ўжо заканчвалі працу па пераабсталяванні некалькіх дзесяцізарадных вінтовак на ручныя кулямёты. Недзе ціха рыпаў баян.
Анатоль сеў на мяккі мох ля сасны і задумаўся: «На нашым баяне граюць, а як любіў слухаць музыку і спяваць Валодзя. Добра, што пра ўсе здарэнні начальства ведае. Валодзю не вернеш, але ж будзе расплата і за яго смерць. Так павінна быць, так будзе... А навошта партызан Цімохін тут, якога выклікаюць са штаба злучэння? Доўга нешта піша Сяргееў. Лепш было б, каб ён адправіў мяне па Шабліна...»
Да зямлянкі малады партызан падвёў засядланага каня. Выйшаў камісар, узяў каня за павады і накіраваўся да Анатоля.
Зубёнак устаў і пайшоў насустрач.
- Вось пакет, сядай і... хутка вяртайся, - сказаў Сяргееў.
Анатоль заўважыў, што камісар задуменны і наогул не хоча многа гаварыць. Хлопец моўчкі ўскочыў на каня і паехаў.
Баявыя дзеянні выхоўваюць у чалавека актыўнасць, трымаюць яго ў напружанні, і смерць байцоў у барацьбе з ворагам за перамогу ўспрымаецца як заканамерная з'ява. А вось унутраныя незвычайныя падзеі ў падраздзяленні чалавеку-камандзіру кладуцца на душу гнятучым цяжарам. Сяргееў, аблізваючы перасохлыя губы, панура ішоў да калодзежа, каб глынуць сцюдзёнай вады.
X
Сын слухаў расказ маці і заўважаў, як у душы яна імкнецца стрымаць жудасную трывогу. Маці гаварыла не так, як заўсёды, гладка, а са шматлікіх думак выбірала галоўныя і выказвала іх запытальнымі словамі. Чаго партызаны двое сутак сядзелі каля іх двара? Ці ён дамовіўся тут сустрэцца з імі ды не прыйшоў? Чаму сын так апрануты і з такой зброяй? І ўсё чаму, чаму, чаму?.. Валодзя шкадаваў маці, і яму не хацелася расказваць ёй пра ўсё, што здарылася. Быў бы ў яго тут які старэйшы сябар, ён бы параіў, ці расказваць яму пра сваё становішча маці ці не. Што лепш? Як ёй будзе лягчэй - жыць у няведанні і здагадках ці ведаць пра ўсё, што напаткала яе сына. Марыля ахарактарызавала сыну партызан, якія прыходзілі да яе, і Валодзя ўжо ведаў, хто гэта быў. Ён так і меркаваў, што засады на яго будуць, і матчына паведамленне толькі пацвердзіла яго здагадкі. Што рабіць? Можа б, маці што падказала разумнае? Але не... Валодзя наперад ведае, як яна вырашыць: схавацца ў суседні хлеў, дзе некалі лячыўся паранены Сяргееў, і чакаць Чырвонай Арміі. Яна толькі так можа параіць. Але адна справа быць параненым фізічна, калі скаваны рухі, і зусім іншая прымусіць маладога здаровага чалавека ляжаць у цемры, хаця і на мяккім ложку.
- Сыночак, чаму ты так задумаўся? Навала гэта, можа, скора сыдзе адсюль. Нешта немцы хуценька з вёскі нашай выбраліся. Кажуць, у Слабаду наехала многа, траншэі капаюць.
Маці падышла да сына, узяла яго за плячо і доўгімі загарэлымі пальцамі ласкава церабіла выцвілую сарочку.
- Не трэба, мама, гэта рубашка брудная. Я памяняў на гімнасцёрку з адным чалавекам і не ведаю, можа, той быў хворы.
- Што, сынок, з табой здарылася, скажы мне?