Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Бернацоні прымружыў вочы, нібыта дзяўчына знаходзілася ад яго далёка-далёка.
— Вось як, бамбіна... Ты любіш свой горад? Магчыма, ты любіш яго нават так, што можаш за яго памерці?
Анэта з выклікам паглядзела ў цёмныя вочы лекара.
— Многія больш вартыя за мяне аддавалі жыццё за гэты горад.
У вачах італьянца не заўважалася насмешкі.
— Так, дона, так... Велічыня чалавека суразмерная таму, за што ён здольны памерці. Гэта можа быць усяго толькі ягоны дом, з нажытымі ім дабром і дзецьмі, з улюбёнай ружовашчокай матронай, а можа быць — ягоны народ... Яго вера... Яго Гасподзь... Калі ж нехта больш за ўсё на свеце даражыцца сабою — ён такі малы, што вочы Неба абмінаюць яго, як нявартую парушынку... У цябе вялікая душа, дона.
Лекар адышоўся і працягваў разважаць, нібы спрачаючыся сам з сабою:
— А вось усё чалавецтва... Якое ёсць, якое будзе. Стракатае, забыўлівае, асуджанае знішчаць самое сябе, як скарпіён у коле вуголляў... Ці варта паміраць за чалавецтва? Хіба можна ашчаслівіць яго — усё? А, дона?
Анэта спалохана паціснула плячыма — у такія хвілі Бернацоні нагадваў ёй вар’ята...
— Не ведаеш? Вось і я не ведаю... Калі для адных гэта будзе шчасцем, для другіх — жахам... Няхай ашчасліўленых станецца больш... Але, магчыма, тыя, хто застаўся ў абдзеленай меншасці, больш вартыя? Адзіна вартыя? — Лекар падышоў да гадзінніка з фігуркай смерці, што адсякае галаву каралю, дакрануўся да застылага ў жаху бронзавага ўладара, які ўкленчыў перад страшнай госцяй.— Калі я толькі яшчэ вучыўся лекаваць, і замест залатога ланцуга на маёй шыі заўсёды матлялася хустачка чарговай прыгожанькай сіньёры, што засумавала ў высакародным замужжы,— вох, які я быў блазнюк! — я засвоіў, што часам, каб выратаваць чалавека, трэба адняць ад яго цела невылечна хворую частку. Гэта балюча, і чалавек застанецца калекам... Але ён будзе жыць. Здараецца, варта пазбавіцца добрага, разумнага, памяркоўнага караля, каб яго народ змог паўстаць супраць ворагаў. Пральецца шмат крыві, але краіна ажыве. А калі дзеля шчасця краіны належыць ахвяраваць адным горадам... Гэта праўдзіва? А, дона?
Анэта разумела, што ад яе не чакаюць адказу. Разважаць пра такія складаныя рэчы з дзяўчынай... Але яна адказала.
— Гэта бязбожна!
— Вось як? — Бернацоні быў угневаны.— Не табе судзіць. Мая любая Італія ляжала ў руінах, таму што кожны горад хацеў быць асобным каралеўствам, і ўсе ваявалі з усімі.
Але Анэта крыкнула, нібыта глыток свежага паветра вярнуў ёй былыя сілы, аж галуб спалохана ўзляцеў пад скляпеністую столь.
— У нашым горадзе жылі шчаслівыя людзі! Мы нікога не чапалі. Толькі бараніліся. Гасподзь выпрабоўвае нас, але не дасць знікнуць! Я не хачу болей слухаць вашыя гадзіннікі! Я хачу выйсці з вежы! Можа быць, нехта з маёй сям’і жывы...
Так, яна больш не сядзе сярод яго гадзіннікаў, ад голасу якіх то млосна, то непрыстойна весела, нібыта ад чары віна... А лекар пытаецца пра яе адчуванні і нешта падлажвае ў хітрых механізмах... Дае выпіць адвар... І зноў заводзіць гадзіннікі.
— Ніхто, акрамя смерці, не чакае цябе,— лекар гаварыў вельмі спакойна.— Ты застанешся тут, пакуль не прыедзе новы войт, прысланы князем. Тады я перадам цябе пад ягоную ўладу. А зараз — час піць адвар...
У пакой, нібыта падслухоўвала пад дзвярыма, увайшла рыкуння, ключніца Марцэля, высокая немаладая кабета з тварам, нібыта выразаным з дрэва, з глыбока запалымі вачыма, падала дзяўчыне кубак з чырвонага венецыянскага шкла. Чырвоны колер мусіў дадаваць сілы зёлкам.
— Не!
Бернацоні толькі прыўзняў бровы.
— Той, хто адмаўляецца лячыцца — грашыць, бо лекара стварыў Бог. Пі!
— Не буду! Ад вашых напояў я нібыта ў воблаку...
— Ты што, думаеш, я цябе атручваю? — усміхнуўся лекар.— Глядзі...— Ён адпіў з кубка.— Бачыш? Гэта ўсяго толькі зёлкі. Ну!
Марцэля паднесла кубак проста да вуснаў Анэты, зірнула ненавісна... Адкуль гэтая нянавісць? Дзяўчына адчула: не вып’е — увальюць у рот... Як вар’ятцы... Прысмак чорнай арабіны... Звязвае ў роце...
— Правядзі сіньярыту ў яе пакой.
Анэта павольна рушыла ў маленькі пакойчык, хутчэй — нішу, завешаную цяжкім сінім палатном, якая межавала з гасцёўняй. Услед даляцеў вясёлы голас лекара:
— Ты яшчэ не з усімі маймі гадзіннікамі пагутарыла, донна!
— Не хачу-у-у!
— Не хачу-у-у!
Эльфійская каралеўна па імені Стэла адчайна, як спалоханае дзіця, тузанула Юрася за рукаў.
— Ты нікуды не паедзеш!
Я сядзела ў машыне Віталя Аляксандравіча, якая мусіла адвезці нас у Калыванаўскія ўладанні, да старавежскіх таямніцаў, і рабіла выгляд, быццам мяне больш за ўсё на свеце цікавіць шэрая цагляная сцяна за акном. Чаго кабета ўсхадзілася? Можа, да мяне раўнуе? Каб яна ведала, наколькі беспадстаўна. Юрась між тым пакорліва выйшаў з салона. Нешта не памятаю, каб ён гэтак жа слухаўся маіх капрызаў. Я зірнула. Яны стаялі наводдаль, абодва ў чорным, як дзве пацямнелыя ад часу статуэткі на засланым залацістым абрусам стале. Юрась нешта гаварыў, супакойваў, гладзіў жонку па бліскучых, як чорны шоўк, валасах, а Стэла ўсё гэтак жа адчайна чаплялася за яго. Нарэшце спадар рэстаўратар палез у кішэні сваёй паношанай курткі, дастаў грошы... Стэла прагна схапіла іх, палічыла... І зноў нешта адчайна загаварыла. Юрась адмоўна пакруціў галавою. Раптам жанчына замахнулася на яго, Юрась перахапіў яе тонкую руку, здавалася б, занадта далікатную нават для таго, каб рваць кветкі... Мінакі пачалі зацікаўлена азірацца. Я разгублена назірала за брыдкай дзеяй.