За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
А гэта ўжо маці спявае — ціхенька-ціхенька, тоненькатоненька, i ад зрэбнай яе кашулі, вышытай чорнымі i чырвонымі нітамі, пахне хлебам i аерам...
I двор княжы бачыцца Алексу, ды так выразна. Сядзяць па пакоях людзі, працуюць — i апоннікі, што ткуць дарагія тканіны i завесы, i ручачнікі, што ткуць ручнікі, якія пасля выбельваюць у ранішніх росах. Мітусяцца розныя ключнікі, слугі — міласнікі... A ім, дружыне, мала клопату пра гэта. Яны з гіканнем ды галёканнем бягуць з дзідамі ды шаблямі па полі, вучацца сячы ворага ды калоць яго... Прыпыніцца на полі селянін, паглядзіць з-пад рукі ды, зноў уздыхнуўшы, возьмецца за работу — некаму ж трэба карміць і апранаць вояў ды княжую дружыну. Пашанцавала, што не ў сям'і смерда нарадзіўся, не ў полі гібець усё жыццё — так думаў некалі Алекса, гледзячы на чыю згорбленую постаць. Ну што ж, i праўда — горай за ўсё селяніну, смерду. Не выплаціць падатак — у рабства. А памрэ, не маючы сына,— уся ягоная маёмасць пераходзіць да князя па «праву мёртвай рукі». Не раз бунтавалі смерды супраць гэтага права, у лясы далёкія ўцякалі. Але ж куды ты ўцячэш ад суровага Брачыслава, з якім нават сам Яраслаў кіеўскі стараўся жыць абыходліва i мірна? I лілася кроў смердаў, лілася на тых жа высокіх пясчаных валах, высокіх,— каб народ, якога збіралі на кару, бачыў i вучыўся быць паслухмяным. Цякла кроў густа, i, можа, не ад гліны, а ад той крыві паверхня валаў чырвоная?!
А яшчэ тырчаць часам пасля дажджоў з вала то абгарэлыя галаўні, то косці нейчыя — не го чалавечыя, не то жывелы; а то нож іржавы ці дзіда вылезе. Чужое, былое невядомае жыццё кіпела некалі тут, а паспрабуй здагадайся — што было? Якія людзі жылі, куды пайшлі?
I кружыць, кружыць чырвоная каламуць, такая ж чырвоная, як кроў смердаў на полацкіх валах, як гліна на дарогах у асенні імжысты час, калі ідуць, месячы яе, воіны...
...А ў Бярозы на галаве вянок з пралесак, вянок беларужовы, i сама яна — як краска. Як многа даюць чалавеку багі — ляцець па крутой горцы, узяўшыся за рукі, гайдацца на арэлях i скакаць вакол кастрышча, налітаму маладой, дзёрзкай сілай! Цела гнуткае, падатлівае, гарачыня б'е ў галаву, туманіць яе хмелем i надзеяй... Яшчэ трохі — i ўзляціць ён у сінюю вышыню, дастане Дажбога за крысо каптана, раскажа аб радасці — праз тры месяцы вяселле.
Праз тры месяцы — калі пройдуць дажынкі, калі жыта ляжа снапамі ў адрыну, авёс i ячмень запоўняць дубовыя бочкі i скрыні. Калі бацька дакуе ўсе мячы для будучага паходу. Калі... калі...
Чырвоным моракам зацягваецца ўсё навокал...
...Калі ён адкрыў вочы i зноў убачыў старога, ён падумаў, што, мабыць, апынуўся на тым свеце i гэта сам пасланец багіні Мары, што адурманьвае людзей пітвом з макавага зерня i забірае нябожчыкаў. Але чужаземная вопратка i гаворка, якую ён ледзь разумеў, пакой i рэчы — усё ўпэўнівала Алексу ў тым, што ён на гэтым свеце i што ўсё навокал — рэальнае i сапраўднае. Але ён не хацеў гэтай сапраўднасці — душа яго была змятая i скручаная, як старое рыззё. Можа, i ад таго не зацягваліся раны, нягледзячы на клапатлівы догляд?
Але даўжэлі ночы, прахалода раніцай клалася на выпаленую жоўтую траву, буйнелі i як наліваліся сілай зоркі — на доўгія асеннія вечары, каб асвятляць смертным ix заблытаныя i горкія дарогі,— i душа юнака нібы таксама налівалася жыццём i крэпасцю. Перастала прыходзіць у гарачачныя сны Бяроза, пустата i холад замяніліся жывой цікаўнасцю да ўсяго навокал. Асабліва палюбіў ён хадзіць у дальні канец запыленага, запушчанага садзіка, дзе пад кустамі, падобнымi на вербавыя, струменіўся ручаёк, які тут называлі арыкам. Гадзінамі ён сядзеў на цёплым, мяккім узлобку, апусціўшы босыя ногі ў ваду, i бяздумна слухаў, як струменіцца i ціха шапоча аб нечыМ вада. Падыходзіла Пацімат, ціха звонячы металічнымі бранзалетамі, ставіла побач лалі — паднос з ежай, часцеи за усе гэта быў хабіс — любімае тут блюда з фінікаў, мукі i масла — i нячутна адыходзіла прэч. Ён без смаку еў прытарнае, нялюбае яму варыва, зноў моўчкі сядзеў, ляніва варушачы нагамі ў вадзе. Чужы твар глядзеў на яго з люстра вады. Пасля нехаця клыпаў па зарослай сцяжынцы да тэрасы, у адведзены ім з лекарам пакой, падаў на жорсткія, выцвілыя падушкі i засынаў неспакойным, пакутлівым сном.
Але аднойчы — гэта было ўжо на зыходзе лета — Алекса нібы ачуняў. Ён імкліва падняўся, нялоўка захінаючы халат, патупаў у дом. Жанчыны, што сядзелі на тэрасе i дзялілі рэчы — відаць, зноў абмывалі i хавалі нябожчыка,— з цікавасцю паглядалі на яго, калі ішоў насустрач — доўгі, худы, ён здаваўся яшчэ болей бялявым i бледным i быў падобны на здань. Хуткай паходкай ён прайшоў міма i ўварваўся ў пакой, дзе Нармурад раскладваў па торбах засушаную траву.