За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
Але Нармурад не паслухаўся, абмінуў мужчыну, што ззаду слаў яму праклёны, пагражаючы кулаком, i заехаў у знаёмую хаціну. I з таго часу зрэдзь заязджаў туды i заўсёды сустракаў самую шчырую ласку i гасціну, хаця цяпер абмывальшчыцай стала былая дзяўчынка ў зялёнай кашульцы, а старая ўжо Пацімат нячутна слізгацела па доме, робячы хатнюю работу. Мужчыны ў гэтым доме неяк не прыжываліся,— яны паміралі, жанчыны зноў заставаліся адзінокімі.
...I на гэты раз Нармурад скіраваў да старэнькай глінянай хаціны ў зарасніках чароту i тутаўніку, везучы параненага Алексу, шчыльна захутанага ў балінпуш — выцвілае накрывала, што выцягнуў Нармурад з дарожнай сумкі-хурджына.
Таропка прывітаўшыся i спытаўшы пра здароўе блізкіх i знаёмых, лекар папрасіў:
— Занясіце гэтага чалавека ў самы дальні пакой, каб чужое вока не ўбачыла яго, i папярэдзьце хатніх, каб навесілі на язык замок маўчання! Дарога прынесла мне знаёмца, як падарунак, i я не хачу, каб яна зноў забрала яго!
Ён даў гаспадыні сярэбраны дырхем, i тая паспешліва паслала некага з хатніх на недалёкі рынак, дзе для адвергнутых — смецяроў, лазеншчыкаў i іншых — быў свой асобны рад. А Алексу ўнеслі ў хату моцная, каржакаватая, як малады дубок, гаспадыня i старая Пацімат.
Сям’я прытрымлівалася знешне мусульманскіх звычаяў, але ў сябе дома жанчыны хадзілі з адкрытымі тварамі i адзіны мужчына наведваў тайныя зборышчы магаў-вогнепаклоннікаў. Гэта таксама было адной з прычын, чаму Нармурад прыязджаў сюды. Параненага наклал! на караткаворсавы дыванок — з павагі да высокага госця, абмылі лоб, твар.
Нармурад, увайшоўшы ў пакой, з непрыемным пачуццё м убачыў гэта i адагнаў жанчын:
— Вось калі памрэ, тады i абмыеце. Але рана яму яшчэ паміраць. Можа, дасць рады вялікі Зардушт, злітасцівіцца над ім — i нада мною таксама!
— Мы бачылі многа хворых i памёрлых, i думаецца мне, што і гэты юнак не дажыве да раніцы,сказала Пацімат.— Нават ваша уменне не наможа, паважаны настаўнік.
— Канешне, калі прадвечны калам напісаў яму заўтра ці сёння сустрэчу з Азраілам — анёлам смерці,— я нічога не зраблю. Нават улюбёнец Алаха Ібн-Сіна не змог развязаць вузла смерці, хаця апроч гэтага не было для яго таямніц на зямлі...
Нармурад, гаворачы ўсё гэта, лоўка пераварочваў Алексу, уважліва разглядаў раны.
— Пульс вялы, падобны земляному чарвяку,— сказаў нарэшце,— трэба было б зашыць вось гэтую разарваную звязку мышцаў, але на гэта ў мяне ўмення ўжо няма. Надта дрыжаць рукі. Затое можна спыніць разлажэнне тканкі, прамыць яе i супакоіць боль опіумам.
Ён дастаў з сумкі скрутачак, падаў яго жанчынам:
— Заліце варам адзін міскаль травы i, астудзіўшы, нясіце хутчэй сюды. Таксама дайце мне дзве піялы i дастаньце вады са студні, не з арыка. А яшчэ — чыстыя сухія анучкі. Купіце кварту набіда-фінікавага віна. Віно — для мяне...
...Відаць, не хапіла б старому Нармураду сабраных ім яшчэ ў горным кішлаку грошай, каб час ад часу, пакуль сядзеў ён у доміку абмывальшчыцы нябожчыкаў, не прыходзілі да яго жыхары кішлака з просьбай паглядзець хворага. Прыходзіў аднойчы i памочнік мясцовага кадзісуддзі, меўся ўзяць хабар, пагражаючы, што данясе ён каму трэба аб тым, што трымаюць у хаце невядомых людзей. Але Нармурад, які ўпэўніўся, што не шукаюць як быццам бялявага юнака ахоўнікі закону, накрычаў на памочніка кадзі, пагражаючы, што ён звернецца да славутага сиевака Бухары — Ісхака, чые песгні падабаюцца высакародным, i тады не здабраваць i самому кадзі за тое, што ўмешваецца не ў свае справы. Мабыць, лісліва-злавесны памочнік нядрэнна ведаў людзей, бо болей ніхто не турбаваў Нармурада i сям'ю абмывальшчыкаў, а можа, i сапраўды паверыў, што мае праезджы лекар моцную падтрымку ў Бухары.
Часам, гледзячы на бездапаможнае цела юнака, слухаючы, як трызніць ён, у гарачцы гаворыць i гаворыць нешта на незразумелай мове, дзівіўся з сябе самога стары Нармурад: навошта важдаецца з незнаемым чалавекам, павошта выхаджвае яго як роднага? Не таму ж, каб займець вучня, як марыў некалі? Так, хацеў ён пакінуць пасля сябе тое, што набыў i вопытам i дапытлівасцю, шукаў сярод маладых людзей i хлопчыкаў цікаўны позірк i душу, якая б шкадавала людзей. I знаходзіў. Чатырох вучняў вывеў ён у лекары за сваё доўгае жыццё. Аддаваў ім i душу, i свой час, i ўменне. Але трое з ix, авалодаўшы навукай лячэння, атлусцелі i дбалі толькі пра грошы i дабрабыт, выціскаючы з беднякоў апошняе. Чацвёрты ж, бачачы вакол сябе гэтулькі гора i няшчасцяў, не вытрымаў, душа яго сарвалася з прывязі i пачала блукаць між тым i гэтым светам. Так, ён гаварыў, што на яго ўпаў цень казачнай птушкі Хумай, а, як усім вядома, той, на каго ўпаў яе цень, робіцца царом. Яшчэ гаварыў ён, што падчас вандровак душа яго зазірае ў чароўную чашу Джамшыда, у якой адлюстроўваецца ўсё, што робіцца на зямлі. Людзі шкадавалі яго i баяліся, таму што не раз прадказваў ён тое, што збывалася пасля. Жыў ён непадалёк ад Нармурада, але лячыць ужо не мог, толькі прыходзіў да яго i гадзінамі моўчкі сядзеў, гледзячы вакол сябе туманнымі вачыма. Шкадаваў яго лекар, моцна шкадаваў — але на ўсё воля Ахурамазды, толькі яго!