Віхры на скрыжаваннях
- Автор: Федосеенко Владимир Константинович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- ISBN: some
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Віхры на скрыжаваннях». Краткое содержание книги:
- Ён можа адстрэльвацца.
- Дыверсанты возьмуць яго без шуму. А да нас накіруйце аднаго з тых, хто расстрэльваў Байкача, так, Сяргееў?
- Так, так... Толькі я думаў, што Шабліна арыштаваць трэба зараз жа.
- Калі ён будзе ўцякаць, нам стане ўсё зразумела. А так ён можа сказаць, што хацеў ехаць да доктара - і ўсё. Больш валакіты, больш допытаў.
- Я ўсё роўна накірую разведчыкаў да партызана Цімохіна ў штаб злучэння. Той служыў з палітруком Шабліным, і яны разам выходзілі з акружэння. Але ў адным месцы неяк разышліся. І больш ён Шабліна не сустракаў, а праз мяне перадаваў яму паклон. Ён жа пазнае і гэтага Шабліна, - сказаў камісар.
- Правільна, трэба выклікаць Цімохіна, жывога сведку, - сказаў камбрыг. - Дык ты, Харамец, давай не марудзь.
Харамец хуценька знік за дзвярамі. А тыя, хто застаўся, нейкі час сядзелі моўчкі. Здавалася, што ў зямлянцы раптам з'явіліся камары і пачалі звінець ва ўсіх кутках. Жанчына ўздыхнула, узняла галаву і паглядзела на столь.
Сяргееў зразумеў яе позірк і сказаў:
- Не, гэта так нам здаецца. У мяне таксама звон у вушах.
- Прабачце, я прынесла вам многа клопатаў і непрыемнасцей.
- Не, напэўна, вы нам зрабілі больш карысці. Я спачатку прапусціў усё міма вушэй. А хто вас сюды прывёў? - запытаў Сяргееў.
- Малады, высокі хлопец. Ён падвёў толькі мяне да лагера, затым развітаўся і пайшоў.
- Гэта ён вам казаў, што цяперашняя жонка Шабліна былая яго дзяўчына?
- Так.
Сяргееў запытальна паглядзеў на Ілью Карпавіча, а потым перавёў позірк на жанчыну.
- А як ён быў апрануты, той хлопец?
- У вайсковых штанах, ботах і ў картовай палінялай сарочцы. На галаве была пілотка з зорачкай.
- А зброя?
- З нямецкай вінтоўкай.
- Нехта з групы Байкача. Але ж чаго ён не зайшоў разам з жанчынай да нас? - разважаў Ядловец.
Сяргееў маўчаў. Ён помніў, што ў групе ніхто ў пілотцы, апрача Валодзі, не хадзіў. Напэўна, перад тым як яго павінны былі расстраляць, ён аддаў яе некаму або потым хто падабраў. Няўжо так і застанецца тайнай, хто прывёў сюды Шабліну і хто ведаў, дзе яна жыве.
- Дык вы сцвярджаеце, што гэта не ваш муж? - звярнуўся да жанчыны камбрыг.
- Я яго не бачыла, а таварыш камісар, паглядзеўшы вось на гэта фота, не прызнаў, што ваш Шаблін - мой муж.
Жанчына падала фотакартку Ілью Карпавічу. Той узяў, доўга трымаў яе ў руках і аддаў назад.
- Гэта горш, што вам давялося расчаравацца, камісар мае рацыю. Наш Шаблін іншы.
- Я лічу, што вам, паважаная Шабліна, пашанцавала. Ваш муж, напэўна, больш сумленны чалавек. Бо гэты ўжо не мог быць вашым мужам: ён здрадзіў вам, залез у душу маладой дзяўчыне і забіў яе друга, а нашага лепшага воіна. Я за таго хлопца нікому б не дараваў.
- Тут, Ілья Карпавіч, і мы... - хацеў папракнуць Сяргееў камбрыга і сябе, але змаўчаў.
Відаць, падумаў, што і так аб многім з жыцця брыгады даведалася гэта невядомая нікому жанчына. Пакуль не раскрыюць Шабліна, нельга будзе адпускаць і яе дадому. Хаця залішняя пільнасць і дэзарганізуе чалавека, забівае яму галаву дробязямі, адцягвае ад галоўнага, але нічога не зробіш... Недагляд у галоўным - назначэнне на пасаду камандзіра роты невядома якога Шабліна прымушала і Сяргеева стаць насцярожаным.
- Што ж мы сядзім, жанчына нябось прагаладалася, - сказаў камбрыг. - Недзе скажа: «Вось і пабывала ў гасцях». Вінаваты ў гэтым калега вашага мужа - Сяргееў.
На гэты раз Сяргееў чамусьці не пажадаў сцвярджаць, што ён з'яўляецца калегам яе мужа. Але прапанаваў жанчыне пайсці з ім на кухню.
Усе выйшлі з зямлянкі. Цёплае паветра лагодна абдало твары, а сонечныя праменні, што прабіваліся паміж галінак дрэў, нібы цісканулі павекі. Сяргееў прыжмурыўся і паглядзеў увысь. Сонца ўжо вісела на захадзе небасхілу, а камісару здавалася, што дзень толькі пачынаўся. У напружанні час ляцеў хутка. Не паспелі яшчэ ўсе адысці ад зямлянкі, як да іх падбег Анатоль Зубёнак. Ён быў мокры, пот раўчукамі бег па твары. Хлопец часта і глыбока дыхаў. Ён спыніўся і рукавом сарочкі выцер лоб. Глянуў на незнаёмую жанчыну, а потым на Сяргеева і сказаў:
- Я да вас, таварыш камісар!
Сяргееў паклікаў партызана, які праходзіў непадалёку ад іх, і загадаў правесці жанчыну да кухні. А сам уважліва глядзеў на Анатоля і з нецярпеннем чакаў, што ён скажа.
Камбрыг таксама стаяў побач і не зводзіў вачэй з маладога партызана.
- Шаблін уцёк, - ціха сказаў Зубёнак.
- Як гэта ўцёк? - запытаў Сяргееў.
- Запрог пару коней, пасадзіў Зіну і паехаў. Я думаў, што ён сюды ў штаб паедзе, але забег да яго ў зямлянку і ўбачыў, што яна пустая. Забраў усё.
- Чаго ж ты не затрымаў? - усміхнуўся Ядловец.
- Такога вар'ята!.. Ён бы мог забіць. Валодзю хацеў пры ўсіх расстраляць, але мы заступіліся, дык ён пайшоў на хітрасць, загадаў партызанам нібы да вас весці і па дарозе забіць. Тыя так і зрабілі. Дайце мне дазвол, я з хлопцамі даганю, і мы... Бо ўсё роўна мы хацелі яго забіць.