Віхры на скрыжаваннях
- Автор: Федосеенко Владимир Константинович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- ISBN: some
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Віхры на скрыжаваннях». Краткое содержание книги:
- А хто вы будзеце?
- Я ж вам гаварыла, што жонка камандзіра роты Шабліна.
- А да вайны?
- Да вайны працавала настаўніцай.
- А цяпер хто вы, партызанка?
- Не.
«Тады Сяргееў памыліўся», - падумаў партызан. Ён убачыў настаўніцу са свайго атрада і падвёў да яе Шабліну.
- Да нас прыйшла ваша калега, жонка Шабліна, забаўце яе, пакуль прыйдзе камісар.
Шабліна ўсміхнулася і падзякавала партызану. Сустрэўшыся з жанчынай, тым больш партызанкай-настаўніцай, Шабліна адразу ж прыйшла ў раўнавагу. Да гэтага моманту яна ўвесь час хвалявалася. Яе непакоіла думка, што мужа няма ў партызанах. А цяпер яна зразумела, што Шаблін тут. Ёй толькі было крыху сорамна, што яе муж мае ўжо другую жонку. І каго цяпер пераканаеш у тым, што ён кахаў яе, любіў дзіця і што жылі яны вельмі шчасліва. Кожны чалавек, калі не скажа, дык падумае, што добрую жонку ні адзін добры муж не пакіне. А яна лічыла і лічыць, што яе Шаблін быў чалавек, муж і бацька, якіх не так ужо часта сустрэнеш. Так, па крайняй меры, не толькі яна, але ўсе гаварылі, хто яго ведаў.
Спачатку размова ў настаўніц, як кажуць, не клеілася. Шабліна спачувала субяседніцы, што цяжка працаваць у такіх умовах. Распытвала, як яна паспявае вучыць дзяцей усіх узростаў, дзе яны бяруць паперу, падручнікі. Адначасова Шабліна баялася размовы пра яе мужа. Яна не жадала ні асуджэння яе мужа, ні спачування ёй. Калі так здарылася, што ён забыўся пра сям'ю і сур'ёзна пакахаў другую жанчыну, то ў яе хопіць мужнасці стрымаць сябе і пажадаць яму шчасця.
Партызанка заўважыла, што Шабліна гаворыць з ёю, а штосьці думае іншае, напэўна, пра сваё становішча. І яна знарок не праяўляла ніякай цікаўнасці да здрады яе мужа, а толькі ўскосна старалася падбадзёрыць Шабліну.
- Прабачце, я не прапанавала вам паснедаць, - неўзабаве сказала партызанка-настаўніца. - Пойдзем на кухню.
- Ведаеце, я не ела і нешта не хочацца.
- Пойдзем, пойдзем.
Абедзве настаўніцы падняліся і пайшлі.
Закончыўся партыйны сход. Камуністы паехалі ў свае атрады, а Сяргееў усё хадзіў па лагеры і шукаў Зіну. І толькі калі напаткаў партызана, які яму дакладваў пра жонку Шабліна, тады даведаўся, што гэта была не Зіна, а зусім іншая жанчына.
- Вунь яна, з нашай настаўніцай. Яны пайшлі да кухні.
Сяргееў паціснуў плячамі і заспяшаўся да іх. Шабліна адразу спынілася, ветліва прывіталася і пазнаёмілася з камісарам.
- Вы да мяне? - запытаў Сяргееў.
- Так.
- Тады пройдзем.
Шабліна пабялела: цяжкі экзамен, калі сумленнай жанчыне даводзіцца саромецца не за сябе, а за свайго друга. Тым больш расказваць сталаму і вопытнаму чалавеку пра яго здраду, а па якой прычыне - і самой не ведаць.
Сяргееў правёў жанчыну ў зямлянку і запрасіў сесці.
- Слухаю вас, - сказаў ён.
- Я даведалася, што мой муж тут, і кажуць, ажаніўся. Я не паверыла, што гэта так, і рашыла прыйсці, каб пераканацца. - Шабліна прыкусіла ніжнюю губу і замаўчала.
- Адкуль вы даведаліся, што іменна ў нас ваш муж?
- Мне аб ім расказаў адзін малады партызан і чамусьці раіў зайсці да вас. Я здагадваюся, што Шаблін, відаць, нечым пакрыўдзіў таго партызана, і таму ён вырашыў расказаць пра яго ўчынак мне.
- Так, камандзір, зразумела, не можа кожнаму падабацца. Але ж Шаблін, пакуль прыйшоў да нас, доўгі час жыў тут па вёсках, і як ён мог не наведаць сваю сям'ю? Вы калі з ім рассталіся?
- Перад самай вайной. Я атрымала дэкрэтны водпуск і паехала да сваіх бацькоў. Жылі мы вельмі добра.
- Не разумею. Калі б ён быў закаханы ў каго, мог бы не прызнацца, што ў яго ёсць жонка, дзеці. А як партызану стала вядома, што камандзір быў жанаты? Камуніст Шаблін толькі прыйшоў у атрад і сказаў нам, што ён ніколі не быў жанаты.
- Я не веру.
- Тады гэта цёзка па прозвішчу.
- Вось ён, - жанчына доўгімі пальцамі пачала нервова корпацца ў сваёй сумцы і дастала фотакартку.
Сяргееў узяў фотакартку. На ёй быў чалавек у вайсковай форме, на грудзях ордэн Чырвонага Сцяга, а побач з ім жанчына.
- Гэта адразу відаць, што вы, - усміхнуўся Сяргееў. - А гэта не наш Шаблін. Значыць, той, што ў нас, не ваш муж. Я быў бы задаволены, калі памыліўся, але ж вельмі мала падобны на нашага Шабліна.
- Скажыце, у яго ёсць радзімка каля мочкі вуха? Вунь яна на картачцы відаць.
- Не, не...
- Тады адкуль даведаўся ваш партызан, дзе я жыву цяпер, што раней мы жылі ў Ломжы, на самай мяжы, што муж мой Шаблін Пётр Андрэевіч, 1917 года нараджэння? Нават ведае, як старэйшага сына завуць. Малады партызан мне гаварыў, што сённяшняя жонка Шабліна была яго дзяўчынай, якую ён кахаў, і яна чытала апошняе маё пісьмо. Як яно магло трапіць да іншага Шабліна? Ды каб быў у нашай часці палітрук, цёзка майму мужу, мы б ведалі.