Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй
- Автор: Івашчанка Анатоль
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: БНТУ
- ISBN: 978-985-525-021-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй». Краткое содержание книги:
Звернем увагу на яшчэ адзін фармальны момант зборніка «Рэчаіснасць». Меркавалася, што, як і шэсць папярэдніх, гэтая кніга выйдзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», але яна пабачыла свет як першая з кніжнай серыі бібліятэкі часопісу «Фрагменты» «Галерэя «Б». Усе далейшыя кнігі гэтай кніжнай серыі выходзілі «тарашкевіцай». А. Разанаў, у адрозненне ад многіх творцаў, што з пачатку 1990-х звярнуліся да класічнага правапісу (В. Быкаў, Р. Барадулін, У. Арлоў і інш.) і надалей застаўся адэптам афіцыйнага правапісу – «нармаванкі», як ён прапанаваў пераназваць «наркамаўку», бачачы ў гэтым слове знявагу да мовы і літаратараў, што стваралі ў межах гэтага правапісу [10–А, с. 182].
Перад тым, як разгледзець найбольш характэрныя рысы версэтаў «Рэчаіснасці», заўважым, што размешчаны яны ў зборніку ў храналагічным парадку. Твор, які адкрывае кнігу, называецца «Кладкі» (1994). Ён складаецца з пяці версэйных строфаў, кожная з якіх утрымлівае закончанае паведамленне і звязваецца з іншымі агульнай ідэяй.
«Мы ідзём па дрыгве.
Абапал тояцца прорвы, буяе жоўтая лотаць, тоўпяцца на куп’і пукі сітнягу» [104, с. 11] – такая першая страфа. Адразу звяртае ўвагу множны лік першай асобы, ад якой вядзецца нарацыя, што нячаста сустракаецца ў версэтах. Калі ў шматлікіх разгледжаных творах гаворка ішла пра духоўны шлях аднаго індывіда, то ў гэтым выпадку можна казаць, пра спробу асэнсавання шляху калі не нацыі, то пэўнай, найбольш актыўнай, яе часткі: «Нашто шукаць сваёй згубы? – нам кажуць старыя людзі. – Прыйдзе час, і яна сама, каго трэба знойдзе» [104, с. 11]. Гэтым людзям, што, напэўна, маюць сваіх рэальных прататыпаў (атмасферу дзідаламальнага часу напісання твора няцяжка ўзнавіць, пагартаўшы хаця б шматтыражную тады газету «Літаратура і мастацтва»), даецца адказ, у якім утрымліваецца і рытарычны запыт: «Не згубы, аднак, мы шукаем, а выйсця – з жыцця, што, не маючы мэты, туліцца ўскрай дрыгвянога бязмежжа, і хіба мы прычынай таму, што выйсце ў ім гэтак шчыльна з’яднана са згубай, а тое, што ёсць, з тым, чаго няма?» [104, с. 11].
Вобразна-сімвалічнае асэнсаванне канцэптуальнага паняцця «балота» займае, паўторымся, асаблівае месца і ў творчасці А. Разанава. Беларуская рэчаіснасць (праўдзівей, – выйсце з яе) атаясамліваецца ў версэце «Кладкі» з тым самым згубным балотам, «дрыгвяным бязмежжам», што ахінае гэтую рэчаіснасць, прайсці праз якое, на думку аўтара, – адзіна магчымы шлях да лепшага. Але, як сцвярджае паэт, сітуацыя павальнае неўразумеласці і дэзарыентаванасці была не заўжды: «Некалі праз дрыгву былі пакладзены кладкі, і людзі тады разумелі, к у д ы жывуць, але даўно ўжо кладкі ўбіліся ўглыб, засмакталіся прагнай дрыгвою, і трэба цяпер ісці наўздагад» [104, с. 11]. У гэтых словах няма дыдактызму, што часцяком прыпісваецца творам Разанава падобнага плану, – адно скрушлівая канстатацыя. Тое, пра што трэба доўга і пераканаўча казаць-тлумачыць, выяўлена тут лаканічнай мовай сімвалаў і алегорый.
Мы гразнем, мы сумняваемся, мы вывяраем крокі і, калі раптам правальваемся ў згубную глыбіню, знаходзім гэтак жа раптам апірышча – страчанае, старое, аднятае, але ўсё роўна заўсёды прысутнае патаемна ў нашых адчайных памкненнях, –
к л а д к і [104, с. 11].
Кладкі – па-за кантэкстам семантычна слаба маркіраванае слова – у версэце набывае канатацыю сімвала нацыянальнай памяці, глыбінных, нават генетычных пластоў свядомасці. Такі ж самы прыём, калі ключавое слова-сімвал, вакол якога разгортваецца дзея твора, з’яўляецца адначасна і словам-вынікам, сустрэнем яшчэ ў шэрагу версэтаў зборніка («Бульбіны», «Навіны», «Алёсы», «Спрадвечны пыл»).
Версэты «Рэчаіснасці» і далейшай творчасці паэта вызначае моцны аўтабіяграфічны пачатак, адрозны ад псеўда-асабовасці ранейшых твораў, дзе аповед хаця і вёўся ад асобы лірычнага героя, але сам гэты лірычна герой да асобы аўтара меў даволі апасродкаванае дачыненне. Ступень аўтабіяграфізму тут можна параўнаць з тым, што мае месца ў версэйных паэмах сярэдзіны 1970-х гг. («Паэма рыбіны» і «Паэма сланечніка»), дзе апісваюцца рэальныя варункі дзяцінства аўтара з канкрэтнымі персанажамі (сястра, бацька, Тэкля) у святле вобразаў і алегорый.
У версэце «Маленькія ночвы» (1994) паэт звяртаецца да дзяцінства, каб пашырыць свой духоўны досвед, лепей зразумець пэўныя прычыны сябе-такога-які-ёсць. Тут ізноў ёсць сказ, што ўводзіць у пэўную сітуацыю – без дэталяў, тлумачэнняў, абгаворванняў яе. Ад гэтага сказу адштурхоўваецца далейшая дзея: «Нехта стукае ў дзверы» [104, с. 23]. Сказ адасоблены ад наступнай страфы чыстым радком і ўяўляе закончанае звышфразавае адзінства.