Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй
- Автор: Івашчанка Анатоль
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: БНТУ
- ISBN: 978-985-525-021-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй». Краткое содержание книги:
Прасочым далей эвалюцыю фармальных і зместавых рысаў паэтычнай формы, што разглядаем. Версэт, які мае назву «Маму Тхакур дас» (1992), з кнігі «Паляванне ў райскай даліне» дазваляе лепей зразумець вытокі многіх разанаўскіх тэм і матываў. Гэты версэт мае куды большую сувязь з асобай аўтара, яго біяграфіяй, чым абстрактны вобраз лірычнага героя з «Вастрыя стралы», ён як бы падкрэслена аўтабіяграфічны.
Зазванілі званочкі, усплёснуліся кімвалы, узнесліся галасы. «Харэ Крышна, Харэ Крышна, Крышна-Крышна...» – творыцца махамантра.
Маму Тхакур дас у аранжавым аблачэнні сядзіць, скрыжаваўшы ногі, і, пакуль раздаецца з тацы прасад, гаворыць: «Мінуліся тыя часы,калі нас можна было палічыць па пальцах, цяпер нас шмат...»
Прысутныя, што прыйшлі на гадзіну сустрэчы, слухаюць, згодна ківаюць галовамі і задаюць пытанні [102, с. 25].
Як бачна ўжо з працытаванага, апавядальнасці ў версэце паболела, тады як іншасказальнасці яўна паменела. Перад намі – апісанне пэўнай падзеі, у якім адсутнічае экспрэсіўная лексіка, паралелізмы, іншыя стылістычныя фігуры, усё тое, што паклікана спрыяць большай «паэтычнасці» мастацкага тэксту. Відавочна, што фармальна, нават на графічным узроўні, твор значна болей набліжаны да версэйнай прозы. Тэкст трымаецца на сюжэтнасці, дзе сэнсавы план выходзіць на першае месца.
Твор «Маму Тхакур дас» пабудаваны на прыёме кантрасту, калі адбываецца проціпастаўленне розных сітуацый. Паэт-апавядальнік нібыта знаходзіцца па-над гэтымі сітуацыямі, з настальгічным сумам ды іранічнасцю аглядаючы пэўны этап свайго жыцця. Як адна з нязменных рысаў версэтаў тут прысутнічае сказ-вынік (традыцыйна заключная страфа), што нясе на сабе ўсё тыя ж функцыі сувязі частак і ў якім сфармулявана асноўная думка твора.
А я згадваю тыя часы, калі Маму Тхакус дас быў проста Міша, калі нікога не трэба было лічыць ні па пальцах, ні як інакш, калі кожны быў значны не тым, што знайшлося, а тым, што шукалася, што спасцігалася і што не мела наймення...
І мне шкада тых магчымасцяў і тых часоў [102, с. 25].
Тыя страчаныя часы пошукаў, па якіх настальгуе лірычны герой, можна суаднесці з тымі, што выяўлены ў версэце «...Вобразы вабяць...». Але ж гэта былі часы нацыянальнага застою, чарговая змрочная эпоха ганенняў, калі інтэлектуал свядома абіраў працу вартаўніка ці смеццяра (такіх выпадкаў сярод беларускіх творцаў нямала) з прычыны не магчымасці супрацоўнічаць з тымі ўладай і ідэалогіяй. У літаратуры існаваў шэраг «закрытых», табуяваных тэмаў, якія, калі і закраналіся, то ў вельмі завуаляваным выглядзе. У гэты час з’яўляюцца найбольш іншасказальныя тэксты Разанава, што змушаюць да чытання «між радкоў». Пасля прыходу «галоснасці» рэчы пачынаюць называцца сваімі імёнамі, пра многае становіцца магчымым выказвацца адкрыта. Змяняецца і алегарычнасць версэта Разанава: знікае недагаворанасць, значна пашыраецца кола тэмаў і праблематыкі. Версэт набывае большую апавядальнасць, змяншаецца ўжыванне сродкаў паэтызацыі. Калі з’ява ці прадмет атрымліваюць сваё найменне (іншымі словамі, калі Міша становіцца Маму Тхакур дасам), знікае сэнс пошуку, сэнс мастацкага супраціву. Але мастацкасць твораў не змяншаецца.
Версэт у сваім пачатковым выглядзе, верагодна, пачынае «стамляць» аўтара (а магчыма і чытача): пасля твораў з «Вастрыя стралы», якія ствараліся на працягу сямі гадоў, назіраецца часовы спад цікавасці А. Разанава да гэтага жанру, які саступае месца новай эксперыментальнай форме – верашказу (так, з 1987-га да 1990-га гг. не напісана ніводнага версэта). У зборніку «Паляванне ў райскай даліне» сярод вершаказаў, паэм і зномаў версэт займае адносна сціплае месца (прадстаўлена ўсяго 24 творы). З 1994-га да 1997 гг. назіраем вяртанне да версэтаў, якія ўвайшлі ў кнігу «Рэчаіснасць» (1998). На гэтым этапе можна канстатаваць большую празаізацыю гэтай эксперыментальнай формы, што праяўляецца ўжо на графічным узроўні: строгая падзеленасць на строфы, пераважная адсутнасць унутраных паўзаў і вынесеных радкоў.