Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй
Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй

Электронная книга - «Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй». Краткое содержание книги:

Назва гэтае кнігі мае на ўвазе проціпастаўленне двух магістральных тэкстастваральных прынцыпаў, якімі кіруецца эстэтычная сістэма Алеся Разанава, абазначаных як медытатыўны і разумова-рацыяналістычны. У кнізе даследуецца і сістэмна класіфікуецца шырокі корпус паэтычных тэкстаў А. Разанава (ад першага зборніка да найноўшых), вызначаецца уплыў творчасці паэта на сучасны літаратурны працэс.
1 ... 43 44 45 46 47 48 49 50 51 ... 72
Перейти на страницу:

З далейшага дазнаемся, што мэтай падарожніка з’яўляецца «белы горад», што віднеецца ўдалечыні: «У ім жывуць Немцы – іншыя людзі па мове і разуменні, як трэба жыць / Але, каб трапіць туды, я мушу паразумецца са зверам, а ён усё болей раз’ятрываецца і выклікае ўва мне ўсё большую боязь, усё большы страх» [99, c. 29]. Такім чынам, дзеля таго, каб дасягнуць жаданага гораду (відавочнае перагуканне з матывамі «Вандроўнага гораду»), стаць «Немцам», трэба ўлагодзіць унутранага звера, цялесную сутнасць. Аказваецца, што адсячэння матэрыяльнага недастаткова. Магчыма, перашкода палягае ў боязі поўнага сыходу да «via sacra» (сакральнага жыцця)?

Развязка твора наступная: з другога канца дарогі «чуюцца раптам цвёрдыя нейчыя крокі, іх чуем і я, і звер». Натуральна, гэта «Немец», які сваім з’яўленнем змушае звера знікнуць «у глыбокіх, парослых кустамі, [але!] блізкіх равах» [99, c. 29].

Хутчэй за ўсё гэтую мараль твора трэба разумець як тое, што немагчыма прайсці шлях самому, без гіда ці настаўніка. Дарэчы, неабходнасць настаўніка строга рэгламентаваная ва ўсходніх вучэннях. Тут у чарговы раз заўважым шматпланавасць духоўнага пошуку паэта, які роўнаскіраваны як на захад, гэтак і на ўсход (што праўда, калі браць пад увагу факты біяграфіі, то захад як прасторавая катэгорыя «пераможа»). Цалкам слушна разважае Г. Кісліцына, адмаўляючыся засведчыць творчую адданасць А. Разанава пэўнаму «ізму»: «Яго творчасць – прадукт сучаснага мыслення, вынік засваення здабыткаў сусветнага літаратурнага вопыту, асэнсавання філасофскай думкі мінулага на ўзроўні падсвядомасці. Калі шукаць агульную мастацкую ідэю, якая б аб’ядноўвала ўсе творы А. Разанава ў незалежнасці ад таго, да якой стылёвай плыні яны адносяцца, то гэта была б ідэя культуры» [56, c. 55].

У беларускай паэзіі таго часу А. Разанаў са сваімі эксперыментальнымі жанрамі сапраўды мусіў пачувацца «белай варонай» як з п. гледжання іх формы, так і тэматыкі. Пазакан’юнктурны савецкі (ці, шмат у чым, антысавецкі) мастацкі рух таго часу, які прынята называць андэграўндам, гуртаваўся ў пачатку – сярэдзіне 1980-х перадусім вакол Ленінградскага рок-клубу. З аднаго боку, ленінградскія рокпаэты арыентаваліся на традыцыі сваіх культурных папярэднікаў – Высоцкага і Акуджавы (у залежнасці ад ступені лірызму), Вазнясенскага і Еўтушэнкі і інш. З іншага боку, навідавоку моцны ўплыў на іх творчасць усходняй культуры. Гэта час, калі шырока выдаюцца помнікі старажытнай індыйскай, японскай, кітайскай літаратур. Вялікую папулярнасць у «багемных колах» набывае філасофія будызму. Адсюль – захапленне апальнымі каратэ, ёгай, медытатыўнымі практыкамі. Відавочна, што не пазбегнуў гэтых уплываў і Алесь Разанаў, на ўсёй творчасці якога ляжыць моцны адбітак Усходу (варта тут згадаць, што на пачатку 1990-х А. Разанаў быў старшынёй Беларускага фонду Рэрыхаў).

Звычайна, шукаючы ўплывы і творчыя паралелі, даследчыкі звяртаюцца да, хаця і, безумоўна, духоўна блізкіх, але моцна аддаленых па часе фігураў (Я. Купала, Т. Эліат, П Элюар, Р. М. Рыльке і інш.). Пры гэтым мала ўлічваюцца паралельныя культурныя тэндэнцыі. Так, напрыклад, знаходзім амаль даслоўнае супадзенне ў тэксце версэта «Разам з травой» (1983) з песняй пачатку 80-х «Встань у реки» вельмі, як на першы погляд, далёкага ад Разанава Б. Грэбеньшчыкова. Не будзем сцвярджаць, што Разанаў абавязкова пазычыў вобразнасць у «Акварыума», але агульныя тэндэнцыі навідавоку. Пар. разанаўскае: «Лёгшы ў траву, забываюся, як мяне зваць і навошта я ў гэтым свеце» [с. 98] – і грэбеньшчыкоўскае: «Встань у травы, посмотри, как растет трава, / она не знает слова «любовь», / однако любовь травы не меньше твоей любви, / забудь своё имя и стань травой…».

«Разам з травой» – версэт-імпрэсія, але ў ім паўтараецца ідэя складання падзеленага, якая прысутнічала ў некаторых творах зборніка («Палёт стралы», «Аскепкі» і інш.). Дасягнуць гармоніі, як вынікае з гэтай ідэі, немагчыма без папярэдняга вылучэння пэўных дысгарманічных фактараў – з далейшай іх ліквідацыяй. Ці, дакладней, сампаглынаннем, зліццём з уласным прыродным (боскім) сутвом: «разам з травой назіраю, як сціраецца-растае ў чыстым небе той цень, тое воблачка, тая кропка, якая ўсё парушала сабой і ўсё дзяліла надвое…» [37, c. 99].

Прааналізаваўшы творы «Пасткі», «Птах», «Палёт», «Палёт стралы», «...Вобразы вабяць...», «На нямецкай дарозе» і інш., можна пагадзіцца і з той тэзай Г. Кісліцынай, што «па-сутнасці, версэт – гэта невялікае апавяданне, найбольш агульны сэнс якога можа зразумець кожны. Між тым знешняя прастата версэта – гэта тая мастацкая прастата, якая раскрываецца як супрасьцлегласць прымітыўнасці» [56, с. 119]. Сапраўды, апавядальны бок зразумець няцяжка, але існуе і другі, вобразна-алюзійны план. Як і ў выпадку з «цяжкімі» для ўспрымання «шараговага чытача» эксперыментальнымі паэмамі сярэдзіны 1970-х – 1980-х гг., версэт, хаця і больш звязаны лагічна і кампазіцыйна, дзе добра прадуманы-ўзважаны кожны парадокс ці алюзія, усё ж вымагае пэўнай эрудаванасці і «падрыхтаванасці» (асабліва ў тыя часы, калі падобныя тэмы былі калі не табуяванымі, то абсалютна невядомымі для паэзіі). Паказальна, што на кнігу «Вастрыё стралы», якая была ўганараваная Дзяржаўнай прэміяй імя Я. Купалы (1990), згодна з бібліяграфічным слоўнікам «Беларускія пісьменнікі» [22, с. 126 – 129], не з’явілася ніводнай рэцэнзіі ў дзяржаўным друку.

1 ... 43 44 45 46 47 48 49 50 51 ... 72
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)