Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй
- Автор: Івашчанка Анатоль
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: БНТУ
- ISBN: 978-985-525-021-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй». Краткое содержание книги:
Пераходзячы да аналізу зместу, варта вярнуцца да медытатыўнай «тэрміналогіі». Як ужо адзначалася, усходняя філасофія і рэлігійныя практыкі размяжоўваюць паняцці розум і інтэлект, уважаючы першае за перашкоду на шляху да прасвятлення [44, с. 377 – 379]. Падкрэслім, што ў гэтыя словы ўкладаюцца не зусім тыя значэнні, што замацаваныя за імі ў свядомасці еўрапейца. Вось жа, мэтай медытацыі ёсць пазбаўленне ад думак, што спараджае розум, – для далейшага самазапаўнення «вялікім Інтэлектам». У гэтым сэнсе версэт «...Вобразы вабяць…» можна разглядаць як свайго роду «практыкум» для дасягнення ўнутранай гармоніі, складзены ў іншасказальнай, зашыфраванай форме. Далей прапануем сваю інтэрпрэтацыю вобразнай тканіны версэта.
Вобразы вабяць услед за сабой, але памкнуся за імі – і іх растворыць прастора: магчыма, яны проста птушкі, якія адводзяць таго, хто ідзе, ад сваіх затоеных гнёздаў [99, с. 118].
Як бачым, у працытаванай уступнай страфе твора нарацыя вядзецца ад першай асобы, у якой мы пазнаем лірычнага героя іншых, у тым ліку і вышэй разгледжаных, версэтаў – таго, хто ідзе. З другой страфы дазнаемся пра заблытанасць яго шляху: «Заблытаны сцежкі, якія вядуць і на ўсход, і на захад...» [99, с. 118]. Адразу заўважым, што, паколькі версэт выкананы ў яўным алегарычным ключы, можна меркаваць, што антанімічная пара «усход – захад» з’яўляецца наўпроставым указаннем на духоўныя пошукі ў пэўных культурах, а не проста нейкімі абстрактнымі накірункамі. Гэтая цытата адсылае яшчэ і да славутага апавядання Х. Л. Борхеса «Сад зблытаных сцежак» (хаця невядома, ці меў магчымасць у 1987 г. Разанаў пазнаёміцца з гэтым творам).
Найбольш карысная для нас далейшая рэфлексія: «ад іх (сцежак. – А. І.) падымаецца стромкая вышыня і, падымаючыся над сабою, становіцца розумам цела, і, падымаючыся над сабою, розум становіцца ўсёразуменнем, якое, нібы ваданосныя жылы, сабой насычае і жывіць кожнае слова і кожны крок» [99, с. 118]. Іншымі словамі, у выніку «узняцця над сабою» чалавек пазбаўляецца жывёльнага («становіцца розумам цела») – і напаўняецца боскім, сакральным («усёразуменне»). Важна падкрэсліць, што лірычны герой не вызнае нейкую канкрэтную рэлігію ці вучэнне – ён пазаканфесійны. Канчатковы стан, стан свайго роду прасвятлення, паглыбленай медытатыўнасці, з’яўляецца вяршыневым для ўсіх духоўных практык. Таму калі «боскае» (Гасподзь, Дао, Дух) перамагае ў чалавеку «цялеснае», – яно «насычае і жывіць кожнае слова і кожны крок».
Матыў пераадолення ўнутранай раздвоенасці доўжыцца і далей, у чацвёртай страфе: «Калі чалавек сустрэнецца з чалавекам?» [99, c. 119] – што азначае: калі чалавек здолее дасянуць гармоніі ўнутры сябе (другое слова «чалавек», відавочна, падразумявае напісанне з вялікай літары). Але гэта не рытарычны запыт – маецца і «адказ»: «Пачакай, памарудзь, адпусці жаданне – і ты перастанеш быць часткай, нацэленай супраць усіх…» [99, c. 119]. Спроба «адпусціць жаданне», «адсячы прыхільнасці» ёсць падмуркам шматлікіх медытатыўных практык. У версэце няма тлумачэння таго, як канкрэтна зрабіць тое, ды яно і немагчымае для паэтычнага твора, але форма звароту (нібыта да вучня) дазваляе нам з пэўнай доляй умоўнасці называць версэт «практыкумам».
Як адну з характэрных рысаў версэта Г. Кісліцына вылучае «наяўнасць у ім адносна самастойнага сказа-выніку, які, аднак, нельга назваць падагульняючым, бо ён нясе на сабе функцыю ключа, арыенціра далейшых разваг» [56, c. 119]. Такі сказ-вынік, які адначасна і падсумоўвае, і звязвае строфы твора, маецца і ў версэце «...Вобразы вабяць...». З аднаго боку сістэма версэта адкрытая і не прадугледжвае абавязковасць пэўнай маральнай высновы, якая б «спыніла няпэўнасць адшукваемых ісцін» (Г. Кісліцына). У той жа час, пры адноснай «развязанасці рук» з фармальнага гледжання, паэт усё ж змушаны трымацца пэўных унутраных законаў у межах створанага жанру. Гэты сказ успрымаецца як свайго роду сэнсавая дамінанта, шматкроп’е да твора і сапраўды арыентуе чытача да «далейшых разваг»: «…і вернуцца да цябе тыя птушкі, якія не ловяцца, калі іх ловіш, якія хаваюцца, калі іх шукаеш, і ты пачуеш: у кожнай птушкі – твой голас, і ўбачыш: у кожнай птушкі – твой твар» [99, c. 119].
Памылковым было б сцвярджаць, што версэты Разанава ідуць спрэс «ад галавы» і цалкам пазбаўленыя пачуццёвасці, як гэта нярэдка зазначалася крытыкай. Узважанасць тэксту, безумоўна, з’яўляецца адной з жанрава-стылёвых прыкмет версэтаў, але лагічнасць аповеду і пачуццёвасць не ёсць ўзаемавыключальнымі катэгорыямі. Адным са сродкаў руху ад «лабавога»-канстатавальнага да пачуццёвагасугестыўнага бачыцца ўпляценне ў паэтычную тканіну тэксту слоў з неўласцівым ім значэннем. Так, з мэтай дасягнення асаблівай вобразнасці у версэце «Зоркі»22 створаны цікавы ўзор увасаблення: «Калі ўзыходзіў на вежу – вежаю разважаў, / калі ішоў па дарозе – дарогаю бачыў…» [99, c. 33]. У пошуку патаемнага, невыказнага сэнсу ствараецца сюррэалістычная карціна, дзе «дзейныя асобы» – архетыповыя ці проста сімвалічныя «персанажы»: зямля, вада, трава, дарога, вежа, зоры: «Той, хто ішоў па дарозе, казаў: гэта – зоркі, / Той, хто ўзыходзіў на вежу, адказваў: гэта – мы…» [99, c. 34 ]. Акадэмічнай мовай тэрмінаў няпроста патлумачыць падобныя радкі (больш за тое, спроба такога тлумачэння можа разбурыць усю іх чароўнасць), паколькі яны – з сферы «іншаведання», «дапаняцційнага сэнсу» (А. Разанаў), калі ўсё адначасова парадаксальна і проста, і складана. Нібы ў мове казак ці міфаў.