За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
— Не, ты... О, ты нарадзіўся пад зоркай Бахрам! Я бачу, ты многае паспеў за той час, пакуль ехаў сюды за Бадзіёй. Мне шкада цябе. Я загадаў забіць служанку, якая не ўгледзела за маёй жонкай. Цябе ж я пакінуў, каб дазнацца, што было між вамі. Хто дапамог, хто ў гэтым горадзе мае ворагі. Але ты i праўда памрэш, ды не скажаш. Ну што ж. Пакуль — жыві.
Ён выпіў яшчэ кубак i падняўся, нешта ціха сказаў вартаўнікам i выйшаў, а Алекса знясілена паваліўся на жорсткі выцвілы дыванок, на якім ляжаў, i ў вачах яго паплылі бляклыя плямы, замільгалі шалёна i рэзка — мёртвы твар Нігмата, чырвоная камізэлька i сіняя кашуля таго з вартаўнікоў, хто стаяў да яго бліжэй за ўсіх...
A ўначы яго разбудзілі мяккія, пахкія жаночыя далоні што прыкрылі яму рот, i голас Бярозы-Бадзіі прашантаў:
— Уцякай! Зараз жа. Вартаўнікі адураныя пітвом, яны сняць. Заўтра ix паставяць на дыванок крыві, але няхай гэта будзе ахвярай Перуну, які давядзе цябе да айчыны, Алекса! Уцякай, бо заўтра прыедзе брат мужа, i ты станеш еўнухам у ягоным гарэме.
— Еўнухам?
Алекса ведаў, што гэта такое. Нігмат гаварыў яму пра еўнуха, які ёсць i ў доме Абдурахманбека. Менавіта еўнух павінен быў ісці за Бярозай у сад, але ён захварэў. Можа, гэта якраз i выратавала яму жыццё. Але яму... Алексу... Дык вось што падрыхтаваў яму купец, вось на якіх умовах даруе жыццё! Жыццё, што страшней за смерць, таму што памерці трэба адзін раз, а яму давядзецца паміраць шмат разоў, змагаючыся за жыццё подлае, рабскае, зневажаючае!
— Цябе заб'юць,— прашаптаў ён, але не падняў рук, каб крануць яе. Чужой была ўжо яна, i чужым, хаця i салодка-пахкім, было цела, такое блізкае. Чужая тканіна была на ёй i другім быў круглявы твар з гэтымі наведзенымі чорнымі брывамі. Тая, Бяроза, нібы памерла для яго, а гэтая... нібы яе сястра стаяла перад ім, сваячка, i было ў яго пачуццё прыязнасці i ўдзячнасці, але душа... душа як быццам перагарэла. I не душа, а розум ці гэтае пачуццё ўдзячнасці прымусіла яго сказаць:
— Цябе ж заб'юць. I нашто табе было дапамагаць мне?
— Ціха! — яна закрыла яму рот, але тут жа хуценька адняла рукі.— Вось... Вазьмі.
Яна нешта ўціснула яму ў руку, ён адчуў у пальцах вышыты мяшэчак, ледзь чутна звякнулі манеты.
— Падкупі варту... Ідзі прэч з горада... Ужо шукаюць родзічаў забітых, i кадзі — суддзя — знойдзе ix. А я... Я зараз вярнуся ў лажніцу. Ён спіць...
I вымаўляла словы яна, хаця гаварыла на роднай гаворцы і называла спальню па-свойму — лажніцай, нібы з нейкай чужой гарганнасцю, ужо як бы i мова станавілася цяжкай для яе...
— I гаспадару дала дурману? — ён прыўзнімаўся, але боль перашкаджаў, хвалямі біў у галаву, i хацелася гаварыць дзёрзкасці, хацелася рабіць ёй балюча. Навошта. Ён не змог бы адказаць сабе на гэта, але ў душы была пустэча, i ніхто ў цэлым свеце цяпер не змог бы зразумепь i суцешыць хлопца...
Жанчына дапамагла Алексу падняцца, але ён адштурхнуў яе, хістаючыся, выйшаў з пакоя.
Чарнаскуры нявольнік, амаль такі ж, як Юсуф, трымаў пад плашчом свяцільнік, каб асвятляць прыступкі глінянага дворыка. Хісткія цені скакалі па дворыку, багатым упрыгожаным бліскучай блакітнай палівай.
Каля маленькай дзверкі яна спынілася.
— Хай зберажэ цябе Велес i Мокаш, хай абароніць ад усяго злога Амбарона — багіня тутэйшых ачагоў! Пакланіся роднай зямлі i не пакідай маю маці ў бядзе! Калі выжывеш...
Апошні раз у няпэўным святле, што слабым светлячком выглядала з-пад адзення нявольніка, мільгануў бледны твар, чорная валасяная накідка, прымацаваная да лёгкіх бялявых кос залатой спражкай. Накідка празрыстымі цяжкімі складкамі ападала ёй на плечы, лажылася вакол галавы. Цьмяна блішчала багатая вышыўка на цёмна-сіняй доўгай сукенцы з чырвонымі рукавамі. Святло згасла.
— Далей ідзіце самі,— шапнула яна.
Нячутна расчыніліся дзверы, яны выйшлі на шырокі двор з ледзь бачнымі ў цемры калонамі, пайшлі ўздоўж тэрасы.
Вартаўнікі ля ўвахода таксама моцна спалі, паклаўшы галаву адзін на аднаго. Нявольнік асцярожна адкрыў цяжкую металічную засаўку.
Сабака падбег да ix, зарыкаў, але раб, відаць, сунуў яму кавалак мяса, i сабака замалаціў хвастом, прапускаючы ix.
— Трымай мяне! — шапнуў нявольнік, i не паспеў Алекса апамятацца, як той лоўка ўскочыў на агароджу i звесіўся з яе ўніз, стараючыся знутры зноў закрыць засаўку. Алекса зразумеў, што ён хоча зрабіць, вялікімі намаганнямі прымусіў сябе ўтрымаць нявольніка за голую тлустую нагу.
Але калі выпусціў яе, адчуў, што нешта цёплае паплыло па ім, і, правёўшы рукой па плячы, зразумеў, што гэта кроў. Нявольнік, саскочыўшы з агароджы, хутка пайшоў па вуліцы, амаль зліваючыся з цемрай, час ад часу вяртаючыся i тузаючы за руку Алексу, які плёўся за ім, як у тумане, стараючыся, каб падыходзячая пад сэрца млоснасць не затуманіла галаву, не прымусіла яго зваліцца вось тут, на гэтай вуліцы, непадалёку ад сядзібы купца.