Віхры на скрыжаваннях
- Автор: Федосеенко Владимир Константинович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- ISBN: some
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Віхры на скрыжаваннях». Краткое содержание книги:
Але Шабліна напэўна баялася звесці позірк з партызана, каб больш пераканацца, што малады чалавек не жартуе злосна, а гаворыць праўду. Яна зноў падбегла да стала.
- Я вам чэснае камсамольскае даю, што гэта так. Ваш муж - былы палітрук, быў ля заходняй граніцы, але трапіў у акружэнне, і цяпер ён партызан. Хочаце, вы можаце з ім сустрэцца. Я вас правяду да штаба брыгады. Там вы раскажаце, хто вы ёсць і чаму муж вам здрадзіў.
- Не, ён не мог так зрабіць.
- Што вы гадаеце. Пойдзем, і вы ўсё зразумееце, убачыце.
- Папа! Ідзі сюды, - крыкнула Шабліна.
З другой палавіны хаты выйшаў чалавек не такі ўжо і стары, але з сівою барадой. Ён доўга глядзеў на Валодзю, а той яшчэ раз паўтарыў усе свае довады, што іменна Пётр Андрэевіч Шаблін цяпер камандзір іх роты.
- Што ж, сынок, верым табе. Схадзі, дачушка, калі чалавек згаджаецца правесці цябе. А я з дзецьмі пабуду.
Шабліна хуценька падала партызану вячэру, а сама пачала збірацца ў дарогу. Валодзя еў і працягваў адказваць на пытанні барадача. Жанчына развіталася з соннымі дзецьмі, прамакнула хусцінкай вочы, выцерла твар і адчыніла дзверы. Валодзя пайшоў услед.
На дварэ было цёмна і душна.
IX
Праплылі нізкія калматыя хмары над маўклівым лесам, спаласнулі яго дробным дожджыкам і зніклі недзе за цёмнымі вершалінамі хвой і елак. Ранішняя сінь застала ў бязмежным небе разрозненыя кучкі хмарак, спыніла іх, а потым завярнула і пагнала, нібы статак авечак, за далягляд. Неўзабаве расічка заззяла залатымі пацеркамі ў зялёнай ігліцы дрэў.
Такая раніца заўсёды надае людзям бадзёрасць і стварае добры настрой. Сяргееў выйшаў з зямлянкі да пояса распрануты, з ручніком у руках і ціха напяваў: «Ты, конек вороной, передай, дорогой, что я честно почил за свободу...» Ён падышоў да ўмывальніка, які быў прымацаваны да тоўстай сасны, і пачаў хутка абцірацца халоднай вадой.
- Добрай раніцы, - пачуў Сяргееў прывітальныя словы камбрыга, разагнуўся і адышоў убок.
- Добрай раніцы.
- Працягвай, я пачакаю.
- Я ўжо... Так, сёння дзень будзе добры. Трэба некалькі груп накіраваць у вёскі, - сказаў камісар. - Камуністаў мы доўга затрымліваць не будзем. Коратка раскажам аб пастанове Пленума ЦК КПБ - і няхай едуць.
- Добра, але ж у нас на сход выносіцца тры пытанні: прыём у партыю, абмеркаванне пастановы Пленума і персанальная справа камуніста Кажамякі.
- Усё роўна мы павінны хутка закончыць сход, і трэба, каб нашы людзі ўжо сёння пасля абеду былі ў вёсках.
- Пойдзем. Я зараз пакажу вам свае нататкі па пастанове Пленума. Яны ў мяне кароткія. Галоўнае, дапамагчы сялянам убраць ураджай і схаваць збожжа ў зямлю. Партызаны павінны растлумачыць ім, што фронт ужо блізка і вораг будзе ў іх раней, чым нашы. Ён можа знішчыць наўмысна хлеб, каб нічога не засталося савецкім людзям.
- Ну, правільна, навошта мне чытаць твае нататкі, - ідучы да зямлянкі, гаварыў камбрыг.
- Так, а вы Байкачу рэкамендацыю напісалі?
- Яшчэ не. Гэта яго сёння ў кандыдаты прымаем?
- Так. Я ўчора іх разведчыку наказваў, каб Байкач быў тут.
- Прыйдзі да мяне, я напішу.
Пасля снедання Сяргееў зайшоў да Ядлоўца. Там ужо былі некаторыя камандзіры, камуністы. Услед за Сяргеевым у зямлянку зайшоў начальнік штаба атрада «Будзёнавец» Харамец.
Ён паведаміў, што Шаблін захварэў і на сход прыехаць не можа.
- А Байкач прыехаў? - запытаў камбрыг.
Харамец уцягнуў галаву ў плечы, агледзеў усіх прысутных і ціха сказаў:
- Не.
- А я вось спяшаюся пісаць рэкамендацыю, - паклаў на паперу ручку Ядловец.
- Дык я зараз пашлю па яго, - сказаў Сяргееў. - Хіба ён на заданні?
- Так, яго няма.
- Тады іншая справа.
У зямлянку камбрыга ўсё ішлі і ішлі камуністы. Усе загарэлыя, бадзёрыя.
Лес дыхаў свежасцю, уставаў папаратнік абапал партызанскіх сцяжынак. Як ні тапчы, а ўсё жывое ў спрыяльных умовах падымаецца, цягнецца ўгору. Нават лазовы пляцень, за якім трымалі некалькі кароў, і той пасля дажджу ажывіўся і зелянеў вялізным вянком.
Камуністы выйшлі з зямлянкі і накіраваліся ў «клас» лясной школы. Настаўніца, якая вучыць партызанскіх дзяцей, сёння дазволіла камандзірам правесці сход у яе класе.
Сход яшчэ не пачаўся, як да камісара падбег партызан і паведаміў, што вартавы затрымаў жанчыну, якая назвала сябе жонкай Шабліна і хоча бачыць Сяргеева.
- Гэта Зіна. Прапусціце, толькі няхай пачакае мяне.
Партызан павярнуўся і пабег. Ён хутка вёў жанчыну па сцяжынцы і ўсё думаў, чаму камісар назваў яе Зінай. Зіну-дыверсантку з роты Шабліна ён ведае.
- Як вас завуць? - раптам запытаў партызан.
- Анастасія, - адказала жанчына.