Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй
- Автор: Івашчанка Анатоль
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: БНТУ
- ISBN: 978-985-525-021-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй». Краткое содержание книги:
Наступную страфу У. Калеснік назваў «гнасеалагічнай формулай стралы», што паўстала ў выніку «роздумаў над дыялектыкай пазнання, якое бывае то класіфікацыяй рэчаў, то празорлівасцю, таямнічым пранікненнем у тайну тайнаў і пазнаннем самога сябе, то ачалавечваннем» [52, с. 30]: «І ляціць нацянькі страла, вынікаючы безупынна з сябе самое, вызваляючыся ад сябе самое, каб, зрэшты, зрабіцца палётам самім» [99, c. 61]. У гэтым філасафізм паэзіі Разанава: тое, што бессэнсоўна вытлумачваць сухой мовай фармулёвак, паэт намацвае з дапамогай вобразаў і паралеляў.
Жыццё ідзе кругам, вяртаючыся да пачатку, смерць – нацянькі [99, c. 61].
Г. Кісліцына адзначае што дынаміка версэтаў вызначаецца вялікай колькасцю дзеясловаў, «з якіх у большасці выпадкаў пачынаецца радок у перыядзе, што выклікае адпаведна частае ўжыванне такой сінтаксічнай фігуры, як інверсія» [56, c. 121] (нагадаем, што частую вынесенасць дзеясловаў на пачатак радка заўважаў І. Ралько яшчэ ў адносінах да твораў першай кнігі А. Разанава).
Стварэнню гэтага «амаль фізічнага адчування руху» (Г. Кісліцына) спрыяе і такая фігура, як градацыя21: «Я ў хаты ўваходзіў і з хат выходзіў, уваходзіў у гарады і выходзіў з іх – і ўсё адно апынаўся то ў паўакружнасці дня, то ў паўакружнасці ночы...» [99, c. 61]. Градацыя ў гэтым урыўку будуецца на апорных словах «хаты» і «гарады». Тут жа назіраем і часты для версэтаў сінтаксічна-інтанацыйны паралелізм, які складаюць сінтаксічныя структуры з парай амбівалентных дзеясловаў («уваходзіў – выходзіў») і антонімаў («дня – ночы»). Гэтыя структуры маюць, да ўсяго, інверсійны парадак слоў.
Другі важны аспект твораў Разанава, час, а менавіта – такая яго ўласцівасць, як лінейнасць, ілюструецца ў артыкуле М. Тычыны «Прывід гіпэртэксту»: «У творчай прасторы Алеся Разанава пануе лінейны час, які стралою імчыць да мэты. Той стралою, якая, паводле апорыі старажытнагрэцкага парадаксаліста Зянона, у кожны асобны момант знаходзіцца ў тым ці іншым пункце ў нерухомым стане, якую досыць лёгка зафіксаваць з дапамогаю лічбавага фотаапарата вэрсэту, вершаказу, зномы, квантэмы, пункціраў. Яго інтэлект небеспадстаўна здаецца «чыстым», амаль пазбаўленым якой-небудзь асабовасьці. Аднак час у яго паэтычнай сістэме пачынае свой адлік з моманту маленства: «Там – пачатак. Там – выток». Такім чынам эмацыйная энэргія закладваецца ў міжрадкоўе, у міжслоўе, у фонасемантыку. Гэта першачас, прамова і прападзеі рацыяналістычнай мадэлі разанаўскага паэтычнага космасу. Ягоны сон пра Залаты век» [127].
Разанаўскі версэт успрымаецца як гэткая страла, пушчаная нацянькі да пэўнай мэты. Што гэта за мэта? Магчыма, – розум, «вольны ад асабовасці» (паводле вызначэння самога паэта [гл.: 10–А, с. 179]). «Страла і мэта» – назва знакавага артыкула У. Калесніка пра творчасць Разанава. Сам паэт у памянёнай вышэй гутарцы так акрэслівае «стасункі» паміж гэтымі паняццямі: «Двое яны адно: і намацаная мэта гэта ўжо і пушчаная страла. Што да медытатыўнай лірыкі, дык гэта страла, пушчаная некуды, – у ноч. Але не ў нікуды, і ноч, у якой усё раствараецца і ўсё прысутнічае, уцягвае яе ў сваё бязмежжа, а здані распачынаюць з ёю сваю размову. Тут шмат зману, і парадай маглі б быць словы Адама Міцкевіча: «Май сэрца і глядзі ў сэрца» [10–А, с. 179].
Відавочна, што Разанаў укладае ў тэрмін «медытатыўная лірыка» іншы сэнс, чым агульнапрызнаны ў літаратуразнаўстве (вершы філасофскага зместу). Не будзем і мы адмаўляць сувязі версэтаў з медытатыўнасцю – прынамсі з п. гледжання зместу. У гэтым сэнсе паказальным будзе разгляд твора «...Вобразы вабяць услед за сабой» (1987), які закрывае версэтавую нізку зборніка «Вастрыё стралы».
Твор мае выразны вобразна-алюзійны план і трывалую версэтавую структуру: 5 строф – звышфразавыя адзінствы (ЗФА) – напісаныя версэйнай прозай, уяўляюць з сябе адзін сказ (акрамя парадкавай чацвёртай часткі), які доўжыцца да кропкі, і адасобленыя чыстым радком. Чацвёртае ЗФА складаецца з пяці сказаў, кожны з якіх пачынаецца з чырвонага радка. Верлібру з яго разбіўкай на радкі і інтанацыйнымі паўзамі тут ужо няма месца. Паэт свядома адмаўляецца ад графічнай рытмізаванасці. Пры гэтым, нельга казаць пра адсутнасць у творы рытму, стварэнню якога ў кожнай страфе спрыяюць сінтаксічныя паралелізмы, градацыя і інверсія. Так, у трэцяй страфе паралелізм і градацыя будуюцца на ўсё тых жа антанімічных парах: «Чалавек – гэта два чалавекі, як дзве далоні, што лепяць суладна снежку ці перакідваюць, каб утрымаць, жарыну: адзін з іх – пачатак, другі – завяршэнне, адзін з іх выток, і другі – суток, адзін з іх – прычына, другі з іх – вынік, адзін з іх – пытанне, другі – адказ, а паміж імі цякуць, вынікаючы з іх і ўпадаючы ў іх, сусветы» [99, c. 118].