Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй
- Автор: Івашчанка Анатоль
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: БНТУ
- ISBN: 978-985-525-021-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй». Краткое содержание книги:
З фармальнага гледзішча ў «Палёце», у адрозненне ад «Птаха», назіраецца пэўны баланс паміж версэйнымі і верлібравымі элементамі. Так, гэта адбываецца нават у межах адной часткі, калі версэйны прынцып доўжання радка пры адказе птаха на запыт лірычнага героя («Дакуль мне яшчэ трываць?») пераходзіць у рытмізаваны кавалак з скарыстаннем сінтаксічнага паралелізму, кожны з кампанентаў якога адасабляецца чырвоным радком: «датуль, пакуль хопіць часу, / датуль, пакуль хопіць цябе самога, / датуль, пакуль хопіць нас…» [99, c. 30].
Той жа прыём назіраем і ў апошняй страфе твора. У гэтым выпадку верлібравая частка ідзе паперадзе версэйнай. Пры гэтым сінтаксічны паралелізм (канструкцыя «і ўсё доўжыцца») захоўваецца і ў версэйным радку: «Усё загойваецца на мне маё цела, / усё аджывае ўва мне мая кроў, / усё патрабуе птах сабе новай ежы, / і ўсё доўжыцца праз стагоддзі наш нерухомы палёт» [99, c. 30].
Як бачым, у абодвух творах ідэя руху наперад звязаная з пэўнымі пакутамі для лірычнага героя, без якіх сам гэты рух немажлівы. У першым выпадку герой, што выступае ў ролі гэткага паляўнічага, які спрабуе пацэліць у няўлоўнага прывіднага птаха, увесьчасна знаходзіцца ў прадчуванні небяспекі, што сыходзіць ад апошняга. І нібыта праз гэта ён палюе-рухаецца следам за сваім ворагам. У версэце ж «Палёт» відавочная алюзія з антычным міфам пра Праметэя («Я кармлю птаха сваім целам...»), толькі ў дадзеным выпадку мае месца адмысловая «супраца».
У гэтых версэтах (як і ў многіх іншых творах А. Разанава) відавочная алегарычнасць руху, з якой узнікае не раз адзначаны намі канцэпт Шляху як анталагічнае паняцце. Можна меркаваць, што рух тут з’яўляецца метафарай пэўнага інтэлектуальнага ці духоўнага росту. Тады – што разумеецца пад вобразамі птаха, які адначасна спрыяе і перашкаджае руху? Магчыма, мае месца свядомая змена канатацый гэтых паняццяў. Так, птах, які харчуецца целам, можа азначаць акурат цялеснае, жывёльнае, якое замінае духоўнаму росту, але праз пераадоленне якога гэты рост адно і мажлівы. «Цела» ж, якое аддаецца ў ахвяру, – тая плата, якую часам сплачвае індывід на шляху да самааўдасканалення (у выглядзе здароўя, грошай, кар’еры і да т. п.).
Важнасць руху для А. Разанава ўжо на матэр’яле пункціраў другога зборніка паэта адзначыў У. Калеснік. Яго заўвагі і назіранні добра стасуюцца і да версэтаў, што разглядаем: «Паэтызацыя волі спалучаецца ў Разанава з паэтызацыяй дыялектыкі руху, палёту. Рух – гэта прычына і вынік усяго існага, гэта знаходкі і страты, дарога без пачатку і канца, бясконцасць малых і вялікіх арбіт... Рух – збавенне ад мёртвай неабходнасці абставін, ад горычы памылак і ад шчасця знаходак» [51, с. 370].
У версэце «Палёт стралы» (1986) метафара руху рэалізуецца зусім нечакана. Тут ужо адбываецца атаясамленне самога лірычнага героя са стралой: «Пакуль я жыву, я абкружаны небакраем, / пакуль я жыву, не магу дасягнуць небакраю: / ён – там, дзе спынюся, / ён – там, дзе ўпаду» [99, c. 61] – гэтак у адной з строфаў акрэсліваюцца каардынаты стралы-героя ў прасторы. Як бачым, матыў недасяжнасці жаданага (у дадзеным выпадку «небакраю»), запачаткаваны яшчэ ў паэмах зборніка «Каардынаты быцця» і працягнуты ў двух папярэдніх версэтах, навідавоку і тут.
«Палёт стралы» адсылае да слаўназнаных апорый старажытнагрэцкага філосафа Зянона Элейскага, у адной з якіх («Страла») даводзіцца, што страла, якая ляціць, у кожным кадры часу займае месца, роўнае яе даўжыні, – адпаведна, насамрэч страла не ляціць, а знаходзіцца ў спакоі. Згадка гэтага псеўданавуковага, шматразова абвергнутага парадоксу карысная для нас тым, што, як і мысляр Зянон намагаецца надзяліць рэчаіснасць новымі (няхай і заведама «памылковымі») прасторава-часавымі характарыстыкамі, гэтак і Разанаў выбудоўвае ў версэтах сваю рэчаіснасць. Паэта захапляе гульня з рухам і сэнсамі. Толькі «стаўшы стралой» мажліва змяніць мысленне, а г. зн. – пашырыць межы свядомасці.