Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
— Напэўна, яна вас любіла? — пацікавілася я.
— Ці можна любіць адроддзе шатану? — прамовіў хімік бяз цені крыўды. — Пані Леакадзія была прыстойнай удавой паштовага служачага з Менску. Гадавала адзіную дачку, прыгажуню Юльяну… У гімназіі вывучыла. А тая зьбегла з факірам-венграм з імем Янош Рагоцы з праезджага балагану.
— Чакайце, але ж у вас не венгерскае, а беларускае прозьвішча? І па-бацьку вы — Іванавіч? — удакладніў Макс, старанна захінаючы рукою дыктафон.
— Іванавіч я таму, што перайначыў Яноша ў Івана. А прозьвішча матчына — таму што мае бацькі не вянчаліся, — патлумачыў Скаловіч. — Бацька ўжо быў жанаты — ці то ў Польшчы, ці то на Украіне… Увогуле, ня ведаю, ці сапраўды ён венгр, як дэклараваў. У цырку часта называюць сябе экзатычнымі імёнамі. Ня чуў ад яго ні венгерскіх песьняў, ні цікавасьці да лёсу радзімы. Памятаю толькі, ён расказваў на ламанай расейскай мове пра парослыя вінаграднікамі горы, на вяршынях якіх стаяць старыя кляштары, як арліныя гнёзды. Пра атары авечак, якія яму ў дзяцінстве трэба было пасьвіць. Ён таксама ў свой час прыбіўся да вандроўнага балагану і зьбег ад мачыхі. Вось тут, над брывом, у яго быў шнар ад удару пугай. Казаў — пабілі аднавяскоўцы пасьля таго, як згубіў ажно шэсьць авечак. Падняўся нейкі віхор, яны спалохаліся, паляцелі ў прорву… Помню яшчэ, я страшэнна хацеў прымерыць шыкоўны венгерскі касьцюм Рагоцы для выступленьняў. Сіні, з залатымі кунтушамі… Бацька быў прыгожы. Спрытны, дужы, гучнагалосы, з чорнымі вусамі, якія закручваліся ў колцы, з буйнай чорнай грывай валасоў… Ці любіў ён мяне? Было пару разоў, праганяў тых, што мяне крыўдзілі. Але асаблівай пяшчоты не выяўляў. Лупіў, вядома… Тыя, каго ў дзяцінстве білі, іншага выхаваньня не ўяўляюць. А маці… З бацькам яны таксама ўвесь час біліся. Рагоцы меў палюбоўніц, напэўна, у кожным мястэчку, дзе мы спыняліся. Аднойчы ён прывёў у балаган чарнявенькую хахлушку з вялікай чорнай радзімкай на верхняй губе і сказаў, што яна будзе ягонай новай асістэнткай. Не, маці з балагану не сышла. Куды? На Ляхаўку, да беззаганнай пільнавальніцы нораваў Леакадзіі Пятроўны? Сышлася са старым дырэктарам-дрэсіроўшчыкам, і ў ягоны нумар са львом дадаліся дрэсіраваныя пудзелі, з якімі спраўлялася “мадэмуазэль Юльяна Скало”. Я гадзінамі расчэсваў паганую поўсьць тых чатырохлапых брахлівых артыстаў… Так што сабак не люблю яшчэ больш, чым панчохі ў сетачку. Калыханак маці мне дакладна не сьпявала. Мне ўвогуле здаецца, што яна, нарадзіўшы ў шаснаццаць, так і не ўсьвядоміла да канца, што зрабілася маці. Часам песьціла мяне, як ляльку. Потым адкідала… Як зламаную ляльку. Калі я падрос і зрабіўся зусім непрыгожы, увогуле забараняла пры чужых называць яе мамай. Я ж быў байструк. Тэорыю Аляксандры Калантай пра вольныя сэксуальныя адносіны тады яшчэ не ўзаконілі. І я дзіця граху.
— Гэта перажытак — так казаць! — абурылася я. — Дзяцей дае Бог.
— Шкада, вы не сустрэліся са спадарыняй Леакадзіяй Скаловіч, маёй бабуляй, каб пераканаць яе ў гэтым. Да таго ж, я працягваў бываць у балагане. Мяне час ад часу зноў забіралі бацькі, і я грашыў там сярод грэшнікаў “блазнаваньнем і чарнакніжніцтвам”. Як пазашлюбнага, бабуля мела права ўвогуле адняць мяне ў маці. Але ўзвальваць на сябе такі крыж назаўсёды? Не. Калі маці адвозіла мяне назад у Менск, на Ляхаўку, мяне чакала шматдзённае пакаяньне. Маці даводзіла да весьніцаў і вярталася. Я мусіў сам ісьці да бабулі, стукацца ў дзьверы з шырокіх дубовых дошак з прымацаваным да іх выцьвілым абразком у шкляной рамачцы, сьціскаючы ў руцэ клунак з маім “пасагам” — зьменай бялізны, некалькімі сшыткамі і трыма рублямі, загорнутымі ў балаганную праграмку. Ніколі не забудуся, як убачыў бабулю першы раз — мне было гадоў шэсьць, і яна падалася мне большай за чэрававяшчальніцу Трыксьці. Хаця насамрэч была нават нізенькай. Рухавая, па-вясковаму прыземістая, з гладка зачасанымі пад каптур сівымі-сівымі валасамі. Вельмі сьветлыя пукатыя вочы, кірпаты нос, тонкія строгія вусны — нібыта нічога застрашлівага. Але вочы гэтыя, сьветлыя, як лёд, шырока расстаўленыя, з белымі вейкамі, сьніліся мне па начах у жахлівых снах. Бо глядзелі на мяне заўсёды, як на вінаватага. Я ж нічога ня ўмеў — ні карыстацца відэльцам і нажом, ні вітацца, ні маліцца. Затое вечна зьмешваў нейкія сьмярдзючыя рэчывы ды блазнаваў. У балагане навучыўся трохі жангліраваць, ды яшчэ хаваўся ў самых нязручных мясьцінах — на вершаліне дрэва, на даху… Як бы там ні было — я бабулі Леакадзіі абавязаны. Гэта яна навучыла мяне верыць у Бога. Хаця так ні разу і не прапанавала назваць яе “бабуля Лёдзя”. Выключна — “Леакадзія Пятроўна”. Толькі я не пераняў ейнай нецярпімасьці да ўсіх, хто верыць ня так, як мы, і тых, хто грашыць. Я ж сам быў — увасабленьне граху. Яна не шкадавала мяне… Але я бачыў, што яна не шкадуе і сябе. І мне ў галаву не прыходзіла крыўдаваць, ці марыць пра іншыя адносіны. Скончыў гімназію… З перапынкамі на балаганныя вандроўкі. За два класы здаваў экстэрнам. І, дзякуючы ўрокам хіміі, бібліятэцы майго настаўніка, дзівакаватага пана Сымона Аляксандравіча па мянушцы Колба, які чамусьці прыхінуўся да мяне, і “летняй практыцы” ў балагане, ужо ў шаснаццаць гадоў я зрабіўся някепскім піратэхнікам. Фейерверкі — любых колераў, петарды, ракеты, якія могуць выпісваць у паветры вензелі… Вось тады мяне і знайшлі сацыялісты. І яна… Альбарутэнія…