Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
Даліла прашыпела нешта пра жаночае раўнапраўе… Спадар Валяр’ян зьдзекліва прыўзьняў бровы.
— Я начуты пра жаночае раўнапраўе. Але, выбачайце, нават на фоне працоўных подзьвігаў кабет-трактарыстак у яго ня веру. Кожную ноч у Менску, з якога вы мяне забралі, “чорныя варанкі” прыязджалі за дзясяткамі людзей. Але жанчын амаль не чапалі. А, узяўшы, адпускалі. І ведаеце, чаму? Як патлумачыў мне адзін з тых, хто забіраў, краіне патрэбная танная працоўная сіла, якой лёгка маніпуляваць. Куды лягчэй, чым мужчынскай паловай. У тым ліку — тлумячы галовы раўнапраўем і змушаючы брацца за непадсільную жаночаму арганізму работу. Ведаеце, як называлі жанчын у Вялікім княстве Літоўскім? Белагаловыя.
Даліла, вядома, не сьцярпела… Скончылася тым, што ледзь гарбату ня выплюхнула ў твар прафесара. Карацей, за стол селі ў варожым маўчаньні. На тым, што ён можа цывілізавана абедаць, седзячы за сталом, настояў сам прафесар. Што ж, калі ласка… Даліла лічыла, што пераадольваць уласныя боль і слабасьць — тое, дзеля чаго мы, можа, тут і жывем, у гэнай “юдолі”.
Скаловіч, выпрастаўшыся, як быццам яго па-ранейшаму прывязалі да крэсла, акуратна наразаў амлет.
— Пакуль вас не было, у ваш дом стукаліся. Двое мужчынаў. Яны дужа не спадабаліся мне. Паліцэйскія, жаўнеры, міліцыянты, асабісты… Ва ўсе часы іх можна пазнаць нават у касьцюмчыках з гальштукамі. У іх размовах гучалі словы “прытон” і “маліна”. Не зьдзіўлюся, калі за кампанію з вамі зноў апынуся ў Жоўтым Доме. Яго, я думаю, ня зьнесьлі. Такія будынкі застаюцца пры любой уладзе.
Даліла спахмурнела.
— Ды ходзяць тут час ад часу… Нібыта з міліцыі. Намякаюць, што гаспадар суседняй вілы гэты дамок купіць хоча. Глупствы ўсякія гавораць. Маўляў, падазрона памерла былая гаспадыня, бо я ў медустанове працую, маю доступ да атрутных рэчываў… І лепей мне хату гэтую прадаць, каб не наклікаць на сябе праблемы. Але мяне на спалох ня возьмеш. Акрамя вас, іншых злачынстваў за намі няма. Вам патрэбны пашпарт…
Прафесар узяўся за шклянку з гарбатай.
— Цікава, а якое імя ў вашым пашпарце? Даліла… Гэта для запалохваньня мужчынаў. Вы б, спадарыня, яшчэ Гаргонай назваліся. Гатовы паспрачацца на падручнік сучаснай вам хіміі, што гэта не сапраўднае імя.
— Як хачу, так называюся, — адрэзала Даліла. — А падручнік хіміі я вам не прынясу. Пакуль няма пэўнасьці, што вы тут… назаўсёды.
— Спадзяюся, не назаўсёды, — змрочна прамовіў прафесар. — Я мушу вярнуцца.
— Навошта? Працягнуць знаёмства з катамі?
Скаловіч кінуў на сумоўніцу цяжкі позірк.
— Ёсьць справы, дзеля якіх можна пайсьці на рызыку страціць яшчэ трохі крыві. Я разумею — у вас дакладныя зьвесткі, што мой лёс варты жалю. Але гэта мой лёс. І ў ім — мае даўгі. А цяпер з-за вашай асабістай дурноты і безадказнасьці…
— Яшчэ каго-небудзь хочацца выдаць? — Даліла са злосьці кінула відэлец. — Вы ж самі сябе ненавідзіце! Значыць, ёсьць за што. І нават цяпер ня хочаце сумленна пра ўсё распавесьці. Пра свае “даўгі”.
— Мы не ў царкве, вы — не сьвятары, адпускаць грахі. Вы проста купка юных істотаў, што не знайшлі месца ў сваім часе.
— А вы — баязьлівец! — крыкнула Даліла, якую страшэнна злавала, што гэты чалавек змушае яе страчваць раўнавагу. — Вы баіцеся ўсіх! Цяжкое дзяцінства, комплексы, не перажыты да канца падлеткавы ўзрост… Зачынюся ў сваёй шкарлупіне і буду на ўсіх атрутай пырскаць, бо мяне ніхто ня любіць. А хто любіць — няхай пакутуе, бо я ж ведаю, што ён ня можа мяне любіць.
Скаловіч, дзіва, ня ўгневаўся, нават павесялеў.
— Дык вы ж свой дакладны партрэт намалявалі, мадэмуазэль.
Даліла трохі пачырванела.
— Мне ня сорак гадоў, прынамсі. Я магу сабе дазволіць… І раз вы ня хочаце проста быць шчырым — давайце мяняцца. Я таксама шмат пра што магу вам распавесьці… Пра ваш час.
— Што з Нічыпаровічам? — хутка прамовіў хімік.
— Ён застрэліўся, — без эмоцыяў паведаміла Даліла. — А вось Антаніна…
І таямніча змоўкла.
Шклянка ў руцэ прафесара ўздрыгнула, нібыта гарбата ў ёй раптоўна ўскіпела, і прафесар акуратна паставіў яе на стол, накрыты белым ільняным абрусам з жоўтымі сьлядамі ад талерак і кубкаў. Голас па-ранейшаму гучаў роўна.
— Я ведаю лёс сваёй лабаранткі.
Даліла напружылася, як кобра перад скачком на ахвяру.
— Вы ня ведаеце праўды. Таму… вы распавядаеце мне, чаму вас усе называлі здраднікам, чаму вы дазвалялі вырабляць з сабой такое, а я вам — пра Антаніну.
Рэзкі твар Скаловіча, здавалася, яшчэ больш зьбялеў — хаця здавалася, што гэта немагчыма.