Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула

Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:

Два новыя раманы Людмілы Рублеўскай : “Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію” і “Сутарэнні Ромула” атрымалі шырокі розгалас у грамадстве. Іх звязвае тэма сталінскіх рэпрэсій супраць беларускай творчай інтэлігенцыі, а таксама тое, што дзеянне адбываецца і ў сучаснасці, і ў мінулым, раскрываючы тэму гістарычнай памяці. Прозе Л.Рублеўскай уласцівы псіхалагічная глыбіня, эпічнасць, філасофскі роздум і напружаны сюжэт, а таксама спроба сфармуляваць беларускую нацыянальную ідэю. За раман “Сутарэнні Ромула” ў 2011 годзе пісьменніца стала лаўрэатам прэміі імя Францішка Багушэвіча.
1 ... 47 48 49 50 51 52 53 54 55 ... 213
Перейти на страницу:

— Добра… Даставайце свае прылады для запісу.

І Даліла паклала на стол, не хаваючыся, дыктафон.

— Толькі спавядайцеся, будзьце ласкавы, лежачы. Мне на вас нават нашатырнага сьпірту шкада.

І Скаловіч распавёў…

“Як я вам ужо казаў, калі пазнаёміўся з Сонечкай і Сяргеем, мне было шаснаццаць. Я не хацеў вяртацца ў балаган. За апошні клас здаў экстэрнам. Бабуля прапаноўвала ўладкаваць мяне на пошту. Але я марыў пра навуку. Падтрымліваў мяне ў гэтым і настаўнік па мянушцы Колба. Вечна буду ўдзячны гэтаму сьмешнаму кругленькаму пану. Ніколі не забудуся, як мы зачыняліся ў ягонай імправізаванай лабараторыі, абкладаліся апошнімі нумарамі навуковых часопісаў і спрабавалі нейкія досьледы паўтарыць… А жонка Сымона Аляксандравіча, кругленькая, як і ён, энергічная кабета стукалася ў дзьверы і крычала, каб зараз жа спынялі выраб дыму і смуроду — іначай яна хімічныя досьледы сабе не ўяўляла. Сымон Аляксандравіч ня быў надта адораным, але — энтузіязму ў яго хапала. Як ён ганарыўся тым, што я, ягоны вучань, абараніў дысертацыю, паехаў у Сарбону! Мне дасюль сорамна, што калі я змушаны быў зьехаць з Менску, не знайшоў у сабе сілы напісаць яму… Азваўся толькі праз шэсьць гадоў. Затое, пакуль не пачалася вайна, па ягоных просьбах перасылаў яму столькі кніг і прыладаў для досьледаў, нібыта для маленькага універсітэту. Ён памёр ад іспанкі ў 1914-м, я не пасьпеў з ім сустрэцца…

Формулы сьніліся мне па начах, сімвалы, нібыта ў нейкім вычварным танцы, мяняліся, вібрыравалі, спалучаліся… А што ў мяне яшчэ мелася? Сябры? Сярод равесьнікаў? Вы што, зьдзекуецеся? Гэтыя маленькія пачвары, мэтай жыцьця якіх было ператварыць жыцьцё сваіх бліжніх у пекла? Яны пакінулі мяне ў спакоі толькі тады, калі я навучыўся рабіць рэчывы, якія маглі выбухнуць у кішэні альбо прымусіць плакаць. Пайшла пагалоска, што я магу атруціць нават на адлегласьці, і я нарэшце атрымаў права на самоту. Самае каштоўнае, што можа займець чалавек. Цішыня, самота… Тут, у вашым дамку, які, як я разумею, стаіць наводшыбе, усе роўна шумна — нешта грукоча, грае, верашчыць нават уночы. Баюся, вы ня ведаеце, што такое цішыня. Дзіва што нервовыя і неадэкватныя.

Сонечка была вясёлай, як жаўранак. Ня ведаю, ці зацікавіў бы я яе сам па сабе — няўклюдны маўклівы падлетак у чорным касьцюмчыку, з якога даўно вырас, з вечнай кнігай пад пахай, прапахлы дымам рызыкоўных эксьперыментаў. Відаць, трэба прызнаць лагічнае — яе зацікавілі менавіта мае эксьперыменты і сувязь з Альбарутэніяй. Яе дом быў праз вуліцу, і яна магла назіраць, як я завіхаюся над колбамі ў флігелі. А пра мае адносіны да Альбарутэніі ёй маглі сказаць крыкі бабулі: “Беларус ён, ці ж бачыце! Выгадаваўся між малпаў, паскуднік! Скаловічы — не мужыкі! Скаловічы — шляхта! Я табе пакажу — беларусы… Яшчэ слова скажаш на гэтай грубай гаворцы — пакіну без абеду”.

Сонечку бабуля ненавідзела і баялася. Яна была “палітычная”, нядобранадзейная. Высланая з Санкт-Пецярбургу да сваякоў за ўдзел у студэнцкіх хваляваньнях. Бацька Сонечкі быў важным чыноўнікам міністэрства ўнутраных справаў, таму абышлося высылкай у Менск.

Для мяне ўвага гэтай стройнай, як каласок, дзяўчыны з вясёлымі блакітнымі вачыма, каротка стрыжанымі пшанічнымі валасамі была — усё роўна як сьляпому раптам далі пабачыць сонца. Я нават ня мог асобна ўспомніць рысы ейнага твару — нос, здаецца, крыху прыўзьняты… З рабацінкамі… Яна ўся была — зьзяньне ў маіх вачах.

Каб яна сказала мне скокнуць з вежы Пішчалаўскага замку — я скочыў бы, не вагаючыся, шчасьлівы, што магу дагадзіць.

Потым Сонечка пазнаёміла мяне з Сяргеем. Хлопец, як я цяпер разумею, начытаўся Шылера і Байрана. Тэрарыстаў і рэвалюцыянераў згаданыя паэты спарадзілі болей, чым усе Марксы і Бакуніны. Сяргея можна назваць “прафесійным рэвалюцыянерам”. Бабуля мая пра такіх чамусьці гаварыла “Ганарысты, як хутаранец”. Ён быў дужы і прыгожы, з хвалістымі русымі валасамі, са сьмелым позіркам шэрых вачэй… Бог ты мой, я нават марыць не насьмельваўся быць хоць трохі да яго падобным. І, вядома, куды мне было раўнаваць яго да Сонечкі — не раўнуе мураш кветку да пчалы.

Потым я пазнаёміўся з астатнімі — бялявым сталёвавокім і сталёвасэрцым Крэчатам, чарнявым Навумам, які ў адрозьненьне ад іншых любіў жартаваць і добра сьпяваў… Гэта быў зусім іншы сьвет — і там маё “цёмнае” паходжаньне, мая балаганная праца і пагарда месьцічаў не былі заганай, а зусім наадварот. Мяне паважалі за тое, што меў такі сумны жыцьцёвы досьвед і не зламаўся, што знайшоў сябе ў навуцы, што зарабляю грошы сам, уласнай працай, у адрозьненьне ад “эксплуататараў”… Шанавалі маю апантанасьць хіміяй і любоў да самоты… А для мяне ўсе яны былі героямі. Сонечка і Сяргей любілі прыходзіць да мяне ў флігель, у якім я зладзіў лабараторыю і дзе, фактычна, жыў. Яны сядзелі на старой канапе, накрытай аблезлай мядзьведжай скурай, і, пакуль я абмазваў шэрай сьмярдзючай жыжай дроцікі, вырабляючы бенгальскія агні, распавядалі пра новыя акцыі сацыял-рэвалюцыянераў, маёўкі і страйкі, абмяркоў­валі Гегеля і Фейербаха, Энгельса і Маркса, Бакуніна і Шпенглера… Зачытвалі “Нашу Ніву”. Зьмест яе ведаеце? Трохі? Ну… Я калісьці мог запамінаць тэкст дзясяткамі старонак. Амаль як Жульен Сарэль, герой раману “Чырвонае і чорнае”, які меў памяць як у генія альбо ідыёта. Не прэтэндую цалкам ні на першае, ні на другое, але і зараз магу працытаваць…

1 ... 47 48 49 50 51 52 53 54 55 ... 213
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)