Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
Валяр’ян Скаловіч ляжаў на ложку, накрытым коўдрай з надпісамі “Чыкага”, і пахавальным голасам зноў і зноў напяваў песеньку лонданскіх беспрытульнікаў, нібыта яе словы былі надрапаныя на столі, куды прафесар упарта пазіраў. Макс, які гібеў за сталом над рэфератам — узяўся чытаць лекцыі па гісторыі ў каледжы, у чарговы раз парываўся папрасіць нашага госьця змоўкнуць, але не наважваўся. Пазнаёміўся ўжо з характарам прафесара. Выглядаў Скаловіч трохі лепей, тым больш апрануты ён быў ужо не ў фланэлевы халацік, а ў чорную кашулю і джынсы — волат Макс, які быў аднаго росту з прафесарам, адшкадаваў, толькі джынсы давялося завузіць. Чамусьці ў гэтым прыкідзе хімік з мінулага нагадваў старога рокера. Яму б яшчэ Едрусеву гітару… Вось толькі Едрусь нават сябрам гітару не давярае. Я часам зайздросьціла гэтаму кавалку фанеры з металёвымі дратамі — як яго любяць! Як песьцяць!
Але Даліла даўно сьцьвердзіла, што ў нашай тусоўцы каханьне — канец сяброўству, і трэба душыць здрадніцкія гульні гармонаў.
Якраз цярплівы, але адораны тонкім музычным слыхам Едрусь першым ня вытрымаў дэпрэсіўнага сьпяваньня, хаця голас Скаловіча быў досыць прыемны. Млынар выйшаў з кухні, куды Даліла адаслала яго чысьціць бульбу:
— Спадар Валяр’ян, вы б лепей распавялі нам штосьці.
Скаловіч нават галавы не павярнуў.
— Я не на лекцыі, малады чалавек. А наймацца расказчыкам да вас не зьбіраюся.
Каб на месцы Едруся быў Генусь, усчалася б раздражнёная дыскусія. Але Едрусь толькі паціснуў плячыма.
— І ўсё-ткі… Невядома, колькі вам тут удасца прабыць. Ёсьць шанец нешта перадаць нашчадкам.
— Ня думаю, што ў вашым часе ў мяне маюцца нашчадкі, — са змрочным гумарам прагаварыў Скаловіч. У мяне чамусьці сьціснулася сэрца… Сапраўды, ён жа самотны. Такі страшэнна самотны. Я папрасіла:
— Ну вось хаця б… Мы ведаем, што вашы бацькі былі артыстамі. А дзе яны ігралі? У якім тэатры?
Прафесар адарваўся ад сузіраньня столі і зьмерыў маю сьціплую постаць поглядам, як таполю перад сьпілаваньнем.
— Так-так… Суд нашчадкаў… Не спадзяваўся, што ён выявіцца такім матэрыяльным. Вось толькі не разумею, для чаго вам падрабязнасьці майго асабістага жыцьця?
— Таму што вы — гэта ўжо гісторыя. Наша гісторыя. На якую мы маем права, — сярдзіта патлумачыў Едрусь. Макс адарваўся ад сваёй працы і натапырыў вушы. З прафесара яшчэ не ўдалося выцягнуць ніводнага расповеду.
— Гэта значыць, што я размаўляю з вамі нібыта з магілы? — пракаментаваў Скаловіч.
— Можа і так… Ну дык і чаго вам тады замоўчваць? Чаго саромецца — у магіле? Я на вашым месцы распавёў бы ўсё сваё жыцьцё да драбніцаў. Мы адзін для аднаго — цені. Але дзякуючы вам адновяцца хоць якія аскалёпкі мінулага. Вы ж сябравалі з Нічыпаровічам — ведаеце, як нішчылася наша гісторыя. Можа, нейкіх вартых людзей бяз вашай дапамогі сёньня ніхто і ня ўспомніць. Так што давайце — пасьмяротную споведзь.
Логіка Едруся, відаць, падзейнічала. Хімік і сам, падобна, быў аматар чорнага гумару:
— Хм… Споведзь з магілы… Ведаеце, часам і ў магіле варта памаўчаць і даць сябе засыпаць. У Парыжы… — хімік запаволіўся, нібыта вырашаў, ці варта прыадчыняць перад намі карціны мінулага, але ўздыхнуў і працягнуў гаварыць. — Так, у Парыжы, яшчэ перад вайной… мне даводзілася слухаць старую сьпявачку, па мянушцы Гулю, Ненажэрная, якую ў свой час маляваў геніяльны карлік Тулуз-Латрэк. Яна танцавала канкан у Мулен-Ружы, калі гэта лічылася яшчэ страшэнна непрыстойным, і любая гандлярка зелянінай мела права шпурнуць ёй у сьпіну гнілы памідор. Цяпер парыжане любілі яе і шанавалі, як найкаштоўную рэліквію. Уявіце сабе — сцэна з чырвоным аксамітам, натоўп слухачоў, уся багема… І вось выходзіць яна, у дэкальтэ, панчохах у сетачку… І, ведаеце, такі дзіцячы ружовы бант — вось тут, на шыі. А скура вісіць, як пусты кашалёк. І голас… Як паламанае кола. Са мной была… адна экзальтаваная асоба. У шараварах. Дык пачала крычаць: “Змоўч! Змоўч! Гэта ганьба для ўсіх жанчын!” Французы нас ледзь не прыбілі.
Скаловіч памацаў свой гарбаты нос, відаць, успамінаючы падрабязнасьці размовы з французамі.
— Мая маці таксама насіла панчохі ў сетачку. Артыстка… Толькі не тэатру, а балагану. У вас ёсьць балаганы? Калёсы з палатняным верхам, размаляваным грубымі кветкамі. А там… Свая маленькая дзяржава. Стары леў, які так неахвотна выходзіць са сваёй клеткі, нібыта яе прэнты зрасьліся ўжо з ягонымі рэбрамі. Пры ім дрэсіроўшчык, таксама стары і запаволены, з сівымі доўгімі вусамі — ён быў дырэктарам балагану. Таўсманная чэрававяшчальніца з маленькімі вусамі на верхняй губе. Яе звалі Трыксьці, яна была добрай і дурнаватай. Гэта яна навучыла мяне чытаць, і каментавала прачытанае мною таямнічым пранізьлівым голасам, які сыходзіў, аднак, не з яе жывата, а нібыта збоку. Я нават бегаў і шукаў, хто гэта гаворыць, а яна сьмяялася. Быў яшчэ гутаперчавы хлопчык трыццаці гадоў, які ня еў мяса, каб не патаўсьцець і не пачаць выглядаць на дарослага. Ён доўга ненавідзеў і пабойваўся мяне, як магчымага канкурэнта. Сям’я ліліпутаў — мужык і жонка з аднолькавымі круглымі тварамі, нібыта ў масках, пажаўцелых і перакрыўленых ад часу. Кітаец, які ўмеў круціць на бамбукавых палках талеркі — адразу па шэсьць. Ён ставіў палкі на плечы, на далоні, на лоб і нагадваў гіганцкага жука, што абмацвае вусікамі паветра ўнутры слоіка. Ну і — мае бацькі. Факір з асістэнткай.