Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй
- Автор: Івашчанка Анатоль
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: БНТУ
- ISBN: 978-985-525-021-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй». Краткое содержание книги:
У. Верына, спасылаючыся на названы артыкул Ю. Арліцкага, зазначае, што «ні адна з характарыстык версэ непрыдатна для тэкстаў А. Разанава ў поўнай меры» [32, c. 32]. Так, Ю. Арліцкі вылучае наступныя рысы версэ: малы аб’ём большасці строфаў, прыкладная роўнасць іх памеру паміж сабой і тэндэнцыя да супадзення страфы з адным сказам. Адразу варта заўважыць, што, гаворачы пра неадпаведнасць версэта версэ ў поўнай ступені, У. Верына хутчэй за ўсё, мае на ўвазе творы кніг «Вастрыё стралы» і «Паляванне ў райскай даліне». Як пабачым далей, версэты зборніка «Рэчаіснасць» цалкам адпавядаюць прадстаўленым характарыстыкам версэ Ю. Арліцкага. Апошні, не прылічаючы адназначна версэ ні да верша, ні да прозы, прапануе наступныя крытэры іх размежавання: «...калі радок доўжыцца і доўжыцца, пакуль не дойдзе да кропкі, наколькі б доўгім ён пры гэтым ні станавіўся, перад намі – версэ, калі яго прыпыняюць ці могуць прыпыніць паўзы ў канцы радкоў – верш (у арыгінале – «стихи». – А. І.). Калі ж за першым сказам ідзе другі, потым трэці і г.д., нарошчваючы радок, – перад намі звычайная, не версэйная, проза» [82, с. 33].
Такім чынам, зыходзячы з асаблівасцей страфічнай арганізацыі, да верлібравых жанраў можна аднесці квантэмы і пункціры, а да версэйных – версэты (уключна з паэмамі ў прозе) і вершаказы. Даследуючы стогадовую гісторыю і эвалюцыю версэ, Ю. Арліцкі нават не разглядае магчымасць змешаных рысаў версэ і верлібру (магчыма, праз адсутнасць адпаведных узораў у рускай паэзіі). Разанаўскі ж версэт, на нашу думку, – прыклад менавіта такога «змяшання». Дзеля ілюстрацыі прывядзем (цалкам) адзін з версэтаў кнігі «Вастрыё стралы», які называецца «Пасткі» (1985 г.)20.
Каб не баяцца хадзіць у лес, панастаўлялі аднавяскоўцы ў лесе ўсялякіх пастак: на ліса, на рысь, на ваўка, на дзіка, на мядзведзя...
Пайшоў Сымон паглядзець, што трапілася ў яго самаловы, – трапіў у нейчыя сам,
пайшоў Тарас паглядзець, што трапіла ў яго петлі, – заблытаўся сам у нейчай,
пайшоў Дамінік паглядзець, што трапілася ў яго ямы, – нібы скрозь зямлю праваліўся, кудысьці прапаў...
І пачалі яшчэ горай людзі баяцца лесу:
там водзяцца рысі,
там водзяцца лісы,
мядзведзі,
ваўкі
і – пасткі [99, с. 38].
Як бачым, і па логіцы аповеду, і графічна (адасоблены чыстым радком) твор падзелены на тры фразы (як і ў выпадку з паэмамі ў прозе, будзем называць іх строфамі). Першая страфа з фармальнага п. гледжання ўяўляе чыста версэтавы ўзор. У другой страфе, у якой скарыстоўваецца сінтаксічны паралелізм, ужо маем рысы сінкрэтызму: пры лагічнай цэласнасці аповеду страфа разбіваецца на тры часткі. Гэтай разбіўкай вылучаюцца часткі сінтаксічнага паралелізму. У трэцяй страфе выкарыстана сінтаксічная анафара (гэтак жа часты для версэтаў прыём, як і паралелізм). З п. гледжання рытміка-інтанацыйнай арганізацыі гэта, бясспрэчна, верлібр. Сэнсава трэцяя страфа звязвае першую і другую, з’яўляючыся адначасна іх падсумаваннем.
Прысутнічаюць у разгледжаным версэце, як і ў большасці іншых, відавочныя сюжэтныя складнікі. Так, першую частку можна разглядаць як экспазіцыю, другую – як завязку, трэцюю, да слова «ваўкі», – як кульмінацыю, і апошні радок – як развязку. Г. Кісліцына, адзін з нямногіх крытыкаў, хто структурна даследаваў версэт, таксама вылучае сюжэтнасць як адну з рысаў жанру, хаця і даволі ўмоўную [56, с. 116 – 117]. З пункту гледжання зместу даследчыца адзначае блізкасць версэта да прытчы, «з якой іх яднае перш за ўсё ўвага да архетыповых з’яў жыцця і пэўная адсутнасць развітога сюжэтнага руху. Як і прытчы, версэты пазбаўлены апісальнасці мастацкай прозы: прырода і рэчы нагадваюцца толькі па неабходнасці, дзеянне адбываецца быццам без дэкарацый, а дзеючыя асобы не маюць не толькі знешніх рыс, але і характару...» [56, с. 116]. Г. Кісліцына прылічае версэты да твораў дыдактычна-алегарычнага жанру. Заўважым, што дыдактызм, калі і прысутнічае спарадычна ў асобных творах, даволі завуаляваны і, як убачым, цалкам адсутнічае ў пазнейшых версэтах (кніга «Рэчаіснасць»).