Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй
- Автор: Івашчанка Анатоль
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: БНТУ
- ISBN: 978-985-525-021-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй». Краткое содержание книги:
Такім чынам, структурны разгляд версэта выяўляе, што яго закончанасць і цэласнасць, сама логіка аповеду, якія набліжаюць версэт да міні-апавядання, поруч з выкарыстаннем стылістычных прыёмаў і верлібравых рытміка-інтанацыйных складнікаў сведчаць пра жанравы сінкрэтызм версэта. У анатацыі да кнігі выбранага «Лясная дарога» (2005 г.) знаходзім такое (трэба разумець, аўтарскае) мініазначэнне: «версэты – вершы, што сублімавалі асаблівасці іншых (ці аднаго універсальнага) жанраў...» [108].
Сам А. Разанаў у гутарцы з аўтарам гэтай працы для раскрыцця адной з асноўных уласцівасцяў сваіх твораў вынайшаў новы, аказіянальны, тэрмін: «Версэт стаўся, прынамсі для мяне, калі не універсальным, то сінтэтычным жанрам. Канцавыя рыфмы традыцыйных вершаў ён развёў па сцежках радкоў і здолеў паказаць, што самыя розныя гукі могуць суадгукацца паміж сабою, калі яны ўведзеныя ў адпаведнае сэнсавае поле, – сэнсарыфмавацца» (вылучана намі. – А. І.) [10–А, с. 179]. Пра «сэнсавае поле» – далейшая гаворка.
Для пачатку разгледзім два ранніх версэты А. Разанава – «Птах» (1982 г.) і «Палёт» (1983 г.). Гэтыя творы тэматычна звязаныя. Па сутнасці, «Палёт» ёсць працягам «Птаха», ці адказам яму. Як па распрацоўцы тэмы, так і па падыходзе да паэтычнай матэрыі, гэтыя два творы можна лічыць праграмнымі ўзорамі версэтнай формы. Як адзначае У. Верына, «наватарства А. Разанава пераўтварылася ў традыцыю і мае сёння вялікую колькасць наступнікаў» [32, с. 32]. На пачатку ж 80-х падобныя творчыя пошукі ўспрымаліся не інакш як рэвалюцыйныя для беларускай паэзіі. Прыгадаем артыкул В. Бечыка «Шляхам пошука», змешчаны ў кнізе А. Разанава «Шлях-360», у якім аўтар, абараняючы «няўрымслівы пошук» маладога паэта, спасылаецца на калектыўную кнігу «Паэзія сацыялізма. Мастацкія адкрыцці сацыялістычнага рэалізму»: «Сацыялістычнай паэзіі сённяшняга дня часам не чужы нервовы напал экспрэсіянізму або дзёрзкая слоўна-вобразная асацыятыўнасць сюррэалізму…» [95, c. 107 – 108]. Словазлучэнне «нервовы запал», можа быць прыдатным і для вызначэння творчага стану стваральніка радкоў, з якіх пачынаецца версэт «Птах»: «Вялізны хцівы птах пагойдваецца нада мною. Я ведаю: ён чакае маёй загубы. Тады ён з галодным хрыплым крыкам апускаецца на маё цела і цвёрдай глюгай ударыць мне ў твар» [99, c. 11].
Гэты твор, як і многія іншыя версэты, падобны да індыйскіх сутраў – лаканічных афарыстычных выказванняў, а таксама да яшчэ аднаго жанру старажытнай усходняй літаратуры – г. званых «дзэнскіх гісторый». І ў першых, і ў другіх асаблівая ўвага надаецца сістэме вобразаў і алегорый. Так, у «Птаху» ідэя ўнутранага змагання, руху наперад увасоблена ў вобразах птаха, які «адзін суправаджае мяне на маёй жыццёвай дарозе», лірычнага героя, які не здольны пацэліць у птаха, «свайго пракаветнага ворага», і, уласна, стралы. У творы ёсць указанне на месца дзеяння – «бяскрайні стэп», у якім адбываецца гэты бясконцы двубой (на бясконцасць указваюць эпітэты «бяскрайні» і «пракаветны»). Месца дзеяння – стэп, што адначасна з’яўляецца і жыццёвай дарогай, успрымаецца як трэці персанаж твора – маўклівы назіральнік. Вобраз дарогі наогул нярэдка персаніфікуецца ў творчасці А. Разанава.
Завяршаецца твор высновай-падсумаваннем, праз якую раскрываецца вобраз птаха, а разам з тым і алегарычны сэнс усяго двубоя: «Дый, урэшце, як бы я ведаў, куды мне ісці, калі б ён час ад часу не залятаў наперад?!.» [99, c. 11]. Варта дадаць, што вобраз птаха, ключавы для творчасці А. Разанава, змяняўся і карэктаваўся ў розных паэтычных формах – ад пункціраў да вершаказаў.
У версэце «Палёт» прысутнічае ўсё тая ж амбівалентная пара персанажаў: «я»-герой і птах. Іх узаемадачыненні гэтым разам маюць іншы характар. Пра характар асабовасці ў версэтах наступным чынам гаворыць Г. Кісліцына: «я» версэта нельга атаясамліваць з «я» лірычнага героя, так званага «я»-«эга», якое мы сустракаем, скажам, у паэмах самога А. Разанава. Рэалізуючы сваё права гаварыць ад першай асобы, аўтар набывае магчымасць мадэліраваць паэтычную сітуацыю такім чынам, што рэальнасць і выдумка становяцца непадзельнымі» [56, с. 116].
«Палёт» пачынаецца з запыту: «Дакуль мне яшчэ трываць?», адрасаванага, як відаць з далейшага, птаху, з якім герой ляціць «праз імглістую бездань часу» [99, с. 30]. Ідэя «нерухомага палёту праз стагоддзі» – «з няволі – у вызваленне, са скрухі – у радасць, з цемры – у светлыню…» [99, с. 30] – блізкая да ідэі бясконцага руху скрозь бяскрайні стэп, услед за недасяжнай «пуцяводнай зоркай» героя. Адпаведна і вобраз месца – «бяскрайні стэп» – блізкі да выяўлення прасторава-часавых адносінаў у версэце «Палёт», дзе няма акрэсленасці ні ў часе, ні ў дзеянні, ні, зрэшты, у прасторы: «Я кармлю птаха сваім целам, / паю сваёй крывёю / і перастаю ўжо адрозніваць, дзе ён, / а дзе я, а дзе час…» [99, c. 30].