За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
Але магу я дапамагчы нямнога. Памагу коньмі, каб ты мог разам з жанчынай скакаць у пустыню, дзе згубяцца ўсе сляды. Памагу табе прыпасамі i вадою. Можа, ты не загінеш на зваротным шляху. Разам з ёю. Пустыня не для жанчын.
— З ёю не прападу. Нашы дзяўчаты i жанчыны выдубленыя суровымі паўночнымі вятрамі, пра якія вы не ведаеце, ix кроў гарыць на такім марозе, ад якога перацінае дыханне ў самага моцнага мужчыны! — з гарачнасцю ўсклікнуў Алекса.— Мне б толькі вырваць яе адтуль, яна пойдзе за мной хоць у пекла, i калі суджана загінуць, я загіну разам з ёю!
I зноў гаспадар доўга маўчаў. Пасля падняўся, i ў голасе яго прагучала нейкая бы зайздрасць:
— Шлях, па якім ты хочаш прайсці, нагадвае мне шлях ас-сірат-аль-мустакім, дзе крочыць кожны мусульманін у дзень Страшнага Суда, калі анёл смерці Ісрафіл кліча яго. Шырынёй з лязо мяча той шлях, i ўтрымацца на ім можа толькі праведнік. Але лічы, што палову ты ўжо прайшоў, дабраўшыся сюды. Хай паможа табе Джырджыс.
— А вам i жонцы вашай — святы Даўд i Бібі-фаціма, нашы памагатыя! — пакланіўся яму, склаўшы рукі на грудзях, Нігмат.
Пакланіўся гаспадару i Алекса,— нізка, да зямлі, крануўшыся рукой цёплай глінянай падлогі. I таксама сказаў:
— Хай усім нам дапамогуць багі, што адварочваюць ад людзей няшчасці, як бы тых багоў ні клікалі...
Сонца яшчэ не ўставала, але ўсход быў як апаясаны ружовай стужкай зары, i тонка пахла ў паветры вільготнай травой, якая нагадвала пах чабору.
Яны ўтрох ляжалі ў густых зарасніках пад самай глінянай агароджай, за якой пачынаўся сад купца Абдурахмана. Трэцім быў чарнаскуры нявольнік, якога звалі Юсуф і які жыў у доме Атаджана. Ён ляжаў спакойна, толькі чатырохвугольныя сківіцы яго ўвесь час варушыліся — ён смактаў насвой, сумесь гашышу i попелу, час ад часу вымаючы яго з табакеркі наскавок, маленькага круглага гарбузіка, афарбаванага чырвонымі колерамі.
Алекса ўжо ведаў, што такое насвой — адна шчопця прымусіла яго пахіснуцца, легчы на цёплую сцяжыну i хвіл інудру гу ю ляжаць, адчуваючы, як адчайна кружыцца галава. Але людзі навокал, відаць, прывыклі да насвою — яго смакталі i клалі пад язык сівыя старцы i нават жанчыны — бачыў ён у доме Атаджана жанчыну, што нагадвала зморшчаны яблык. Ад старасці яна ўжо не насіла на галаве цёмны покрыў i таму хадзіла па доме свабодна, прыбіраючы ў пакоях i трымаючыся з асаблівым гонарам, бо некалі няньчыла бацьку Ата-джана, а пасля i самога гаспадара. Яна таксама жавала насвой i прапанавала такі ж наскавок Алексу, але ён спалохана адмовіўся. Цяпер жа, раніцай, лежачы на прахалоднай яшчэ зямлі i адчуваючы, як марозам па скуры прадзірае яго хваляванне, ён думаў, што сягоння ніякі насявой не закружыў бы яму галаву, а можа, трохі супакоіў бы.
Невялікія бойкія птушкі з чорнымі крыльцамі раснявалі свае вясёлыя песні, скачучы па агароджы, i хлопец пазайздросціў ім — ускочыць бы, зірнуць, што там, у садзе! Але гліняны дувал быў шчыльным i непадступным, a адзіны выхад быў праз двор, дзе сядзеў нехта з нявольнікаў купца. Прайсці там было немагчыма — на ноч дзверы, падбітыя жалезам, зачыняліся, i па баках гарэла мноства свяцільнікаў. Дый нават калі прабрацца ў пакоі, дзе там шукаць Бярозу? Нігмат, відаць, меў рацыю — толькі тут, у садзе, яна будзе пад наглядам адной-дзвюх служанак, а з імі, жанчынамі, яны справяцца.
Грукнулі дзверы, i ў садзе пачуліся нягучныя жаночыя галасы. Нігмат, прыгнуўшыся, папоўз да дувала, як кошка, лоўка ўскараскаўся на яго ў тым адзіным месцы, дзе малады, ужо зялёны клён мог захіліць нечаканага госця галінамі. Алекса назіраў за ім ca здзіўленнем: гнуткая ностаць маладога мусульманіна мільганула ў лістоце i знікла, нібы растварыўшыся ў ёй, галінкі былі здрыгануліся, але тут жа ўсё стала такім, як хвіліну назад. Толькі цяпер ён успомніў — на сябру была светла-зялёная кашуля — такая ж, як лісце дуба. Нігмат, відаць, ляжаў на дувале i назіраў. Яшчэ раз пачуўся жаночы смех — i з лістоты высунулася рука Нігмата, павабіла ix, але жэст быў перасцерагальны, i яны з чарнаскурым нявольнікам наволі папаўзлі да сцяны i гэтак жа лоўка ўскараскаліся па ёй. Два канцы вяроўкі ўжо былі спушчаны ўніз, i Алекса зноў здзівіўся — не бачыў ён ніякай вяроўкі ў Нігмата, нічога, здаецца, не было ў таго, апроч вострага нажа з тонкім лязом, схаванага ў скураны футлярчык, упрыгожаны вышыўкай i роспісам — самаркандзец любоўна насіў яго з сабой,— ды мяча ў иохвах на баку. Такі ж меч быў i ў яго, разам куплялі ix у лаўцы каля мячэці.
Ускараскаўшыся на дувал, ён убачыў дзвюх жанчын. Адна з ix, тоўстая, мажная, накрывала невялічкі столік чырвона-карычиевым абрусам, другая, у доўгай зялёнай сукенцы i чырвонай аксамітавай безрукаўцы, у шапачцы з белым пукам пер я, стаяла да ix спіной. Нігмат нешта прашаптаў Юсуфу, той саслізнуў з дувала i пачаў падкрадацца да служанкі — таўсташчокі твар яе з насурмленымі чорнымі брывамі быў заспаным, яна пазяхала, шырока адкрываючы рот. Сам Нігмат гэткім жа нячутным крокам падыходзіў да танклявай жанчыны, i ў Алексы як абарвалася сэрца — няўжо гэта сапраўды Бяроза?