За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
Другі раз, калі зноў адкрыў вочы, ярка білася ў закратаванае акно сонца, блішчала жалезная спражка на скураным поясе вартаўніка, які сядзеў непадалёку з другім воем i быў заняты нейкай гульнёй. З намаганнем Алекса ўспомніў, што з ім, толькі не мог зразумець, дзе ён. Ныла i торгалася левае плячо — яно было туга абкручана нечым белым. Белым былі абкручаны i грудзі.
Адзін з вояў, голы, у каляровых шараварах, у ботах з сырамятнай скуры, павярнуў галаву i ўбачыў, што Алекса ачуняў. Ён коратка цмокнуў. Вартаўнікі ўскочылі, з цікаўнасцю разглядаючы палоннага.
Пасля адзін з ix выбег з пакоя i амаль адразу ж вярнуўся з чорнабародым мужчынам у парчовым халаце, перавязаным шаўковай хустай. Галава ў мужчыны была гладка паголеная, мясісты падбародак ільсніўся, на кароткіх, чатырохвугольных, цвёрдых пальцах ззялі i пераліваліся пярсцёнкі з чырвонымі, блакітнымі i зялёнымі каменьчыкамі. Мужчына спыніўся перад ляжачым, стаў, шырока расставіўшы ногі ў ботах з тонкага каляровага саф'яну, i Алекса імгненна, нават не свядомасцю, a толькі памяццю пазнаў яго. I мужчына ўсміхнуўся, адчуўшы, што яго пазналі. Усмешка яго была не падобная да той, якая запомнілася некалі Алексу — яна не была ўгодлівай, яна была спакойнай, жорсткай, i, пакуль ён так стаяў i разглядаў свайго палонніка, на твары Абдурахманбека шырылася яшчэ i задавальненне. Пасля ён дастаў маністы, што былі на Алексу, кінуў пад ногі.
Алекса адчуў ярасць i тузануўся, каб устаць, але плячо пранізаў такі востры, ніколі яшчэ ім не адчуты боль, што ён міжволі застагнаў скрозь сціснутыя зубы. Убачыў, што задавальненне на твары купца стала яшчэ больш заўважным, i адразу сціх. Той нешта скрозь зубы прагаварыў аднаму з нявольнікаў, якія былі у доўгіх сініх кашулях, i адзін з ix прывёў у пакой жанчыну. Твару яе не было відно — на галаве жанчыны пачыналася i амаль да падлогі, закрываючы твар i постаць, цягнулася чорная, падобная на сетку альбо на мяшок тканіна. Тады Алекса, перамагаючы боль, сеў.
— Калі ты замоўчыш хаця адно яго слова, я кіну цябе разам з сынам у зіндан, — сказаў ёй Абдурахманбек, i Алекса зразумеў: Бярозу прывялі, каб дапрошваць яго. Гаспадар, відаць, купляў талмача недзе блізка ля краіны русаў, i цяпер няма каму дапамагчы яму, апроч жонкі.
— Я... сам адкажу... скажу табе, што трэба,— слаба сказаў ён на фарсі, i вочы купца здзіўлена пашырыліся.
— Ты... ты знаеш нашу мову? — хутчэй сцвярджальна, чым запытальна сказаў ён.— Тады скажы мне, колькі часу ты правёў з ёю,— ён паказаў на Бярозу,— сам-насам?
— Мала,— Алекса з цяжкасцю падбіраў словы, з цяжкасцю вымаўляў ix,— зусім мала. Але даволі, каб яна сказала, што любіць цябе i сына i не хоча, не хоча... ехаць са мною...
— Ехаць? У Полацкае княства? — Абдурахманбек перапытаў гэта, звузіўшы вочы. Бровы яго сышліся ў адну шырокую паласу.— Ты хацеў забраць яе? Пасля таго як яна была жонкай другога? Нарадзіла сына?
— Хацеў. Але пра сына я не ведаў.
Купец прайшоў па пакоі, сеў на мяккія, агромністыя падушкі, паслужліва прынесеныя ўслед за ім. Перад ім адразу ж паставілі разьбяны столік, паклалі на яго паднос з лушчаным міндалем i сасуд з пітвом.
— Як ты трапіў у мой сад? — запытаўся ён.
— Яна пра гэта не ведала, не!..— зноў, напружваючы ўсе сілы, прашаптаў Алекса.— Я прасіў яе бегчы са мною, але... Але яна не захацела...
Імгненне яны глядзелі прама ў вочы адзін аднаму — i, затуманены болем, пакутаю, погляд палачаніна быў цвёрдым. Адно заставалася яму — памерці, i ён хацеў памерці дастойна, але i смерцю сваёй выратаваць яе... няхай ужо чужую. Чужую...
Твар Абдурахманбека памякчэў, мужчынская самазадаволенасць адбілася ў ім.
— Яна праўда не захацела цябе?— ён паказаў на захутаную постаць, якая па-ранейшаму моўчкі стаяла ля дзвярэй, не выказваючы ні болю, ні хвалявання.
— Не.
Хаця Алекса хацеў сказаць гэта абыякавым голасам, але нешта ў ім самім здрыганулася, i голас на імгненне нібы пераламаўся, зазвінеў горыччу. I гэта, відаць, сапраўды пераканала Абдурахманбека.
— Што ж, калі яна невінавата, то... Ідзі! — сказаў ён жонцы, i тая гэтак жа моўчкі слізганула ў дзверы i знікла. Купец прышчоўкнуў пальцамі, i адзін са стражнікаў тут жа наліў у тонкую белую чашу карычняватага пітва, якое купец прагна выпіў.
— Хто табе памагаў?
— Гэтага не скажу!
— Скажаш!
— Не, купец, не скажу. I ты гэта знаеш.
— Адсюль... дабірацца ўдваіх да Полацака... Без грошай, без каравана... Ты — вар'ят!
Алекса не зразумеў гэтага па-арабску сказанага слова. Купец паўтарыў яго на мове русаў.
— Вашы Меджнун i Лейла — з гэтага ж племені, з племені вар’ятаў,— з цяжкасцю выгаварыў ён нязвыклыя імёны.