Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
— Пераварочвайце яго. Асьцярожна.
Калі шчыра, я баялася ўбачыць замест твару нешта пачварнае. Але твар быў звычайны… Хаця гэтае вызначэньне не падыходзіла да аблічча Скаловіча.
У параўнаньні з тым, якім я бачыла хіміка апошні раз, падчас яго размовы з Антанінай, ён схуднеў, цёмная шчэць надавала яшчэ больш змрочнасьці рысам, глыбокая складка між броваў нібыта падоўжылася, а валасы выглядалі, быццам іх уладальніка рыхтавалі на ролю першабытнага чалавека, які жыў да вынаходніцтва расчосак і мыцьця галавы. Тым ня менш пабояў і драпінаў на твары не было бачна.
— Жывы! — са зьдзіўленьнем і трывогай прамовіў Макс, намацаўшы пульс хіміка. — Але як жа гэта? Мы ж нават паперкі не маглі адтуль вынесьці!
— Значыць, яму было прадвызначана пабыць тут! — упэўнена сказаў Едрусь. — І невядома, дарэчы, колькі ён тут прабудзе. І ўвогуле — чалавек у непрытомнасьці. Давайце здымем з яго гэта піжонскае паліто ў стылі готаў.
Я дрыжачымі пальцамі пачала расшпільваць дробныя гузікі.
— Вошай не набярыцеся! — гукнула Даліла, якая сядзела на падлозе, прыхінуўшыся да сьценкі.— Калі гэты не памёр — дык і вошы маглі выжыць.
Мае рукі яшчэ больш затрэсьліся, так што гузікі пачалі высьлізваць з пальцаў. Едрусь узяўся дапамагаць…
Тое, што адкрылася пад паліто, змусіла ўсіх здрыгануцца. Едрусь прысьвіснуў, Макс вылаяўся… А мяне ледзь не званітавала.
— Даліла, тут медык трэба… — здушаным голасам вымавіў Генусь і адвярнуўся. Амазонка з падрыхтаваным сярдзітым выразам на твары падышла… І пабачыла тое, што і мы.
Пад дыхтоўным паліто Скаловіч быў апрануты ў адныя падштанікі. І тыя парваныя і спрэс у закарэлай крыві. А як выглядала цела — гэта я і цяпер успамінаць не хачу. Не білі прафесара, напэўна, толькі печчу. А шыю апярэзваў чырвоны шнар, нібыта душылі дротам. Такі ж сьлед — на запясьцях. Бліскучыя боты аказаліся таксама бутафорыяй — усьцягнутыя на босыя ногі, чорныя ад бруду і крыві.
Даліла адразу перамянілася — пачуцьцё абавязку. Хоць, напэўна ж, было ёй самой нядобра. Самі ведаем, як гэта. Але яе адрывістыя загады надалі нашым дзеяньням армейскую зладжанасьць і хуткасьць.
Калі чалавек, які даўно павінен быў быць спарахнелым мерцьвяком, ляжаў на ложку, вымыты, абмазаны лекамі, перабінтаваны і апрануты ў адносна новы фланэлевы халат з жоўтымі зайчыкамі на блакітным фоне (застаўся ад Разаліі Іванаўны, а нічога лепшага не знайшлі), Даліла строга, як вынік фінансавай праверкі дзяржкантролем чарговай дробнай фірмы, абвесьціла:
— Зламана два рабры. Ну, можа, і ў другіх рэбрах ёсьць трэшчыны — ня ведаю. Галоўнае, каб ныркі працавалі… Бо сьляды на сьпіне — быццам дошкай прыклаліся… Ці трубою. Там-сям невялікія нагнаеньні, гэта зажыве. Акрамя звычайных ран, ён яшчэ і пакусаны. Сабакамі цкавалі, ці што? І кіпцямі драпалі… Вялікіх унутраных пашкоджаньняў не заўважаю, хаця я ж ня доктар. Я ўкалола антыбіётык, а паколькі ў гэты арганізм антыбіётык не трапляў раней ніколі, то — спрацуе. Ну, і яшчэ… Яму патрэбная сьпецыяльная дыета. Пакуль што прынясу з працы кропельніцу… Будзем даваць глюкозу.
Я мімаволі зірнула на нашага госьця. Спалучэньне бледнага твару з кручкаватым носам і фланэлі ў зайчыкі выглядала хутчэй недарэчна, чым сьмешна.
— А калі ён усё-ткі памрэ?
Даліла паціснула плячыма.
— Дык ён жа і так памёр.
Самае галоўнае было — каб ніхто не даведаўся, што ў доме ля могілак ляжыць непрытомны чалавек без дакументаў. Суседнія дамы “прыватнага сектару”, у прынцыпе, стаялі далекавата. Даліла ні з кім з суседзяў не кантактавала — або алкашы, альбо бізнэсоўцы, што выкупілі дамкі ў згаданых алкашоў і на іх месцы збудавалі свае шыкоўныя вілы. Бізнэсоўцы амаль усе выглядалі гэткімі ўсходнімі баямі, так што ніякіх стасункаў з імі быць не магло. З дакументамі на хату ўсё даўно ўладжана — Даліла, адзіная спадчыньніца, спраўна плаціла за сьвятло, ваду, газ ды іншыя даброты, якія прадастаўляла хаце на могілках шчодрая дзяржава.
Адно выклікала непакой: пару разоў наведваліся нейкія мужчыны ў касьцюмчыках з тэчкамі пад пахамі. Распытвалі, хто прапісаны, ці адна Даліла тут жыве, ці не зьбіраецца прадаваць дамок… І нават нешта намякалі пра падазроныя абставіны сьмерці былой гаспадыні. Раён прэстыжны, цэнтр. Хата-развалюха каштоўнасьці не ўяўляе, але ж ахвочых атрымаць гэты кавалак зямлі шмат.
Каб яны яшчэ ведалі, што ў дадатак да гэтага кавалку!
А з дадаткам атрымалася цікава. Не працаваў ён. Макс спрабаваў на наступны ж дзень па зьяўленьні Скаловіча Туды прайсьці — і толькі аб сьценку стукнуўся.