Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй
- Автор: Івашчанка Анатоль
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: БНТУ
- ISBN: 978-985-525-021-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй». Краткое содержание книги:
Структурны падыход да літаратурнага твора не абмяжоўваецца адно прынцыпамі апісальнай паэтыкі, якая ўяўляе мастацкую пабудову як механічную суму шэрагу «прыёмаў», што існуюць асобна адзін ад аднаго. «Любое пералічэнне прыёмаў нічога нам не дасць (роўна як і разгляд «прыёмаў» наагул, па-за тэкстам як арганічным адзінствам), – зазначае Ю. Лотман, – паколькі, уваходзячы ў розныя структуры цэлага, адзін і той жа матэрыяльны элемент тэксту непазбежна набывае розны, часам супрацьлеглы, сэнс» [67, с. 101]. Таму, акрамя аналізу фармальнага семіятычнага плану версэтаў нас будзе цікавіць і ідэйна-тэматычны (семантычны) план, а таксама іншыя эстэтычныя пазатэкставыя фактары, а менавіта – творчая канцэпцыя як адбітак свядомаснага стану творцы. Гэтае пытанне цесна звязана з вызначэннем творчага метаду, якое закраналася ў папярэднім падраздзеле.
Ведучы гаворку пра пункціры і квантэмы, мы прапанавалі размежаванне падыходаў да эксперыментальных формаў А. Разанава, як «верш-медытацыя» і «верш-развага». Я. Гарадніцкі ў кнізе «Думка і вобраз: Праблема інтэлектуалізму ў сучаснай беларускай лірыцы» канстатуе ўзніклыя цяжкасці пры вызначэнні жанравых межаў сучаснай філасофскай лірыкі, што ўзнікаюць у выніку пашырэння жанравай дыфузіі. «Часам пад сумненне бярэцца правамернасць ужывання самога паняцця «філасофская лірыка», – адзначае даследчык [99, с. 10]. Замест гэтага паняцця прапаноўваюцца іншыя тэрміны, у прыватнасці – «паэзія думкі» В. Бялінскага. Гэтае жанравае вызначэнне падаецца прыдатным і да пэўнага пласта творчасці А. Разанава, што ахоплівае найперш версэты і вершаказы.
Цяпер звернемся непасрэдна да аналізу жанравых асаблівасцей разанаўскага версэта. У згадваным артыкуле «Эвалюцыя паэтычнай сістэмы А. Разанава» У. Верына вылучае тры асноўныя этапы, праз якія прайшла паэтычная сістэма А. Разанава: традыцыя (зборнікі «Адраджэнне» (1970) і «Назаўжды» (1974)) – пераходны этап («Каардынаты быцця» (1974) і «Шлях-360» (1981)) – «чысты эксперымент». Трэці, уласна эксперыментатарскі этап, пачынаецца, на думку даследчыцы, са зборніка «Вастрыё стралы» (1988) і працягваецца да цяпершаняга часу. Далей У. Верына зазначае: «Усе творы гэтага перыяду складаюць верлібры і версэты. Выключэннем з’яўляюцца паэмы са зборніка «Паляванне» – рыфмаваныя сілаба-танічныя» [32, c. 32].
З працытаванага вынікае, што з усіх эксперыментальных формаў – пункціры, квантэмы, вершаказы, зномы – толькі форма версэтаў вылучаецца як самастойная, а ўсё пералічанае абазначаецца адным жанравым паняццем – верлібр. Можа падацца, што пад версэтам даследчыца разумее не жанр, а толькі спосаб версіфікацыі, атаясамліваючы разанаўскі версэт і версэ, але, як пабачым, У. Верына размяжоўвае гэтыя тэрміны.
Г. Кісліцына пры разглядзе паэм і версэтаў Разанава скарыстоўвае паняцце верлібру, удакладняючы, што мае на ўвазе менавіта спосаб версіфікацыі (дэфініцыю версэта Г. Кісліцынай прывядзем ніжэй, паколькі яна тычыцца найперш зместавых адзнак гэтай формы). Пакуль жа разгледзім азначэнне верлібра, якое падае «Паэтычны слоўнік» В. Рагойшы: «Свабодны верш, або верлібр (франц. vers libre), – дысметрычны верш, у аснове рытму якога – чаргаванне вершаваных радкоў як аднатыпных інтанацыйна-сэнсавых адзінстваў. Надзвычай важнае значэнне набывае ў ім графічная разбіўка верша на радкі, вызначэнне месца міжрадковых паўз. Менавіта вершаваны радок як цэласны інтанацыйна-сінтаксічны і сэнсавы комплекс, выразна выдзелены паўзамі (а на пісьме – яшчэ і графічна), выступае ў В. у якасці асноўнай рытмічнай адзінкі...» [91, 253]. Нават фармальнага погляду на графічны выгляд версэта хопіць, каб пабачыць яго неадпаведнасць гэтай фармулёўцы, і найперш – праз адсутнасць рэгулярнай разбіўкі тэксту на радкі. Пры гэтым, можна прыгадаць творы з кнігі «Шлях-360», у якіх гэтая разбіўка была зроблена – г. зн. аўтар паралельна ўводзіць у сваю творчасць як верлібры, так і версэты (першыя ўзоры датуюцца 1980-м годам). Такім чынам, размежаванне гэтых паняткаў усё-ткі неабходнае.
Пачнем са слоў, якімі сам А. Разанаў апісвае сваю новавынайдзеную форму ў аўтарскай анатацыі да першай публікацыі версэтаў у 1983 г.: «Мне ўяўляецца, што такая форма тоіць у сабе багатыя магчымасці: у ёй могуць арганічна спалучацца і лірычнае ўзрушэнне, і фабула, уласцівая апавяданню, і філасофская сентэнцыя, і эксперыментальны свет антыўтопіі і навуковай фантастыкі...» [98, с. 9]. Працытаванае – наўпроставае ўказанне на жанравы сінкрэтызм версэта. Расійскі даследчык Ю. Арліцкі да «памежных» формаў, што ўзнікаюць у выніку ўзаемадачынення вершаванай паэзіі і прозы, адносіць версэ – «страфічную прозу, што складаецца са звышкароткіх абзацаў, якія нагадваюць звышдоўгія вершаваныя радкі» [82, с. 32 – 33]. Дарэчы, як адзін з варыянтаў версэ, згодна з іншай транслітэрацыяй, аўтар называе версэт19. «Ад вершаў такія творы, – працягвае даследчык, – адрознівае адсутнасць у іх галоўнай фармальнай прыкметы вершаванай мовы – разбіўкі тэкставага маналіту на радкі (што непазбежна для верлібра. – А. І.), а значыць – самой магчымасці «гвалтоўнага» разрыву і пераносу фразы ў наступны радок».