За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
Гаспадар запрасіў ix у суседні пакой, i Алекса зноў здзівіўся — на абрусе, пасланым на нізенькім століку, ляжалі мяккія ляпёшкі, на медных падносах чырванелі ўжо знаёмыя плады, сок якіх, кіславаты i вязкі, спатольвае прагу i прымушае кроў хутчэй бегчы па жылах, а таксама лечыць пры паслабленні ўнутры. Здавалася, што i плады гэтыя, i арэхі, i белыя, няроўныя, нібы кавалкі ссохлай мукі, салодкія прысмакі, i кавалкі мяса ўзніклі тут па волі чараўніка, бо не чуваць было ні крокаў, ні руху — нічога, што выдавала б прысутнасць каго іншага.
Яны селі за стол, i да самага вечара Нігмат расказваў гаспадару i двум яго верным сябрам, за якімі было паслана, пра сваё падарожжа. Тыя пілі салодкае, густое, вязкае віно, са смакам елі i з такім жа смакам слухалі, час ад часу ўздымаючы ўверх рукі i цокаючы ў знак вялікага здзіўлення. Алекса заўважыў — дзверы суседняга пакоя былі прыадчынены, i нешта каляровае, з белымі тонкімі павевамі мільгацела там. Аднаго разу ён нават убачыў чорныя, вясёлыя i трохі здзіўленыя дзявочыя вочы i маршчыністую руку, якая адцягвала вінаватую далей ад чужых мужчынскіх позіркаў. Несумненна, жанчыны, якія жылі ў гэтым доме, таксама слухалі прыгоды Нігмата i Алексы, бо аднаго разу, калі хлопец расказваў, як уцякалі ад пракажоных, адтуль данеслася выразнае: «Вай-вай!» Гаспадар павярнуў галаву ў бок воклічу, твар яго нахмурыўся, i ўсё адразу сціхла.
Слухаць тут любілі — даўно сонца страціла сваю сілу i садзілася за вялізнае дрэва на двары, а прысутныя ўсё сядзелі i пыталіся. A хіба полацкі князь не любіў гаворкі з прыезджымі людзьмі, не цікавіўся, як i што адбываецца ў далёкіх краях, не здзіўляўся незнаемым звычкам i парадкам?
Алекса слухаў аб сваіх прыгодах, але ўласнае, тое, дзеля чаго ён прабраўся сюды, рызыкуючы жыццём, падступала да горла, патрабавала неадкладнасці i яснасці. Што з Бярозай, дзе яна? А можа, перавёз яе купец у шшае месца, можа, i ў жывых няма ўжо яе, і, магчыма, самога Абдурахманбека?!
Нігмат не сказаў аднаго — што прывяло сюды Алексу. I ніхто не йытаўся пра тое. Захоча госць — скажа. Не — такое яго жаданне. I так шмат цікавага расказвае малады майстра Нігмат!
Госці разыходзіліся за ноўнач, расчырванелыя ад віна i вясёлыя. Хлопцаў жа адвялі ў пакой, i там, на тоўстых коўдрах, разасланых уздоўж сцяны, Алекса заснуў амаль ужо на досвітку, хаця стомленае цела прасіла сну. Ляжаў, гледзячы на акно, дзе паволі рухаліся зоркі, адкуль дзьмуў цёплы вецярок. Можа, гэты вецер калыша i над Бярозай цяжкія, вышытыя шаўковымі i залатымі нітамі палотны, кранаецца яе вуснаў, варушыць мяккія валасы. Ён ледзь стрымліваўся, каб не падняцца, не выйсці на сонныя вуліцы гэтага вялікага незнаёмага горада з блакітным маўзалеем i глінянымі агароджамі, з ружовымі кветкамі ў дворыках i нямоўклымі рэчачкамі ўздоўж дарог, i не пайсці шукаць двор купца — шукаць па біццю сэрца, па той невядомай сіле, якая штурхае i кліча чалавека туды, куды рвецца яго душа. Ён быў упэўнены, што знайшоў бы той дом. Але розум пярэчыў, i Алекса думаў, што сапраўды нельга рызыкаваць сабою i Нігматам зараз, калі так блізка мэта. Можа, i сапраўды лепей ісці аднаму? Але Нігмат не адпускаў яго. Цяпер ён спаў моцна, часам мармытаў у сне. Нешта цёплае паднялося ў душы Алексы — гэты хлопец таксама хацеў дадому, ён жа дыхаў роднай зямлёй, паветрам! I ўсё ж не пайшоў адразу да сям'і, да братоў i маці, а дапамагае Алексу — дапамагае насуперак усяму, да чаго прывык з дзяцінства...
Ён нарэшце заснуў, i Нігмат расштурхаў яго з цяжкасцю.
— Хопіць спаць! — сказаў весела, i чорныя вочы яго смяяліся. — Калі б шах закаханы Меджнун спаў так, як ты, пра яго ніколі б не склалі столькі песень! Магу ўзрадаваць цябе: паважаны Абдурахман тут, у горадзе, i яго любімая жонка Бадзія таксама.
— Бадзія? — няўпэўнена перапытаў Алекса.
— Ну так, яна, твая белавалосая прыгажуня! Пра якую варта было б напісаць цудоўную газель! Але падзішах паэтаў Рудакі даўно памёр, дый мы, нявольнікі Алаха, далека стаім ад знакамітых людзей, i не пра нас пішуцца бейты i рубаі!