За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
Скончыўся саратан, i ў ix сапраўды былі грошы, каб купіць месца ў караване i сесці на вярблюдаў. Усё ж ехаць лепей, чым цягнуцца пешшу: прайшлі тыдні — i яны дабраліся да Бухары.
Хлопцы ішлі па горадзе, запоўненым крыкамі гандляроў i воклічамі ваданосаў. Алекса азіраўся па баках i адтаго часта спатыкаўся. Вочы яго прагна упіваліся у акружаючае, але зрок ад мностваў уражанняў стамляўся. Мільгацелі гліняныя агароджы з разьбянымі дзвярамі, высокія, на тонкіх драўляных калонах гандлёвыя двары, рынкі, дзе чырванелі, сінелі, стракацелі нябачаныя гародніна i садавіна.
— Маўзалей Самані,— з гонарам паказаў Нігмат на чатырохкутны будынак, багата ўпрыгожаны блакітнымі пліткамі i залатым узорам роспісаў.
Маўзалей ззяў у промнях ранішняга сонца, як дзівосная цацка. Алекса ажно заплюшчыў вочы.
— Маўзалей — гэта што? — запытаўся ён.
— У гэтым маўзалеі пахаваны хан i яго блізкія,— растлумачыў Нігмат.
— Пахаваны? Тут, у палацы? — здзівіўся Алекса. Спыніўся, паглядзеў яшчэ раз на вялізны будынак, уздыхнуў:
— Цяжка яму тут ляжаць. Каменне нябось на грудзі лягло. У нас валатоўкі, курганы. Там нябожчыку лёГ#а дыхаецца. А то бывае, у нас паляць мёртвага, але ўжо радзей. Апошнім часам болей хаваюць у зямлі.
— У нас таксама паляць. Тыя, хто пакланяецца Агню, але яны — няверныя, такія, як i ты,— сказаў Нігмат.— Я думаю, ты яшчэ ўбачыш сілу Алаха i зразумееш, што твая вера няправільная. Але ты мой пабрацім, i сілай не буду цябе прымушаць, хаця тут,— наглядзеў па баках,— тут мне гэта было б зрабіць лягчэй, чым там,— ён кіўнуў галавой назад.
— Дык ты што... пагражаеш мне? — Алекса натапырыўся, рука яго сціснулася ў кулак.
— Ты мой госць,— ухіліўся ад адказу Нігмат.— Я ж не Айшма, не злыдзень, які крыўдзіць падарожных. Не бойся.
— Я i не баюся,— Алекса расціснуў кулакі, пайшоў далей.
Неўзабаве яны скіраваліся ў ціхую вулачку, дзе моцна запахла кветкамі, яшчэ нечым, падобным да руты. Яны ішлі да бухарскага ўмельца, што калісьці сябраваў з бацькам Нігмата i разам працаваў з ім.
Зеляніна прабівалася на дрэўцах, што выглядалі з-за дворыка, каля невялічкай глінянай сценкі цвілі ружовыя кветкі. Нігмат пастукаў у дзверы.
Яны расчыніліся не адразу — нехта паглядзеў у шчыліну, пасля доўга шаптаўся, i тады Нігмат гучна ўсклікнуў:
— У імя Алаха, ці ёсць тут гаспадар?
Тады дзверы імгненна адчыніліся, i высокі сівы мужчина ў паласатым цёплым халаце i пляскатай вышытай шапачцы на галаве паказаўся ў праёме.
— Я надумаў, што гэта злы дэман Аждарха ператварыўся ў сына майго сябра i стаіць на парозе. У імя Алаха вялікага, міласэрнага, скажы — гэта ты, Нігмат?
— Клянуся светлым Алахам i прарокам яго Магаметам, паважаны Атаджан, што я не Аждарха i не іншы дэман, i не дух азаткы, што збівае з дарогі падарожных. Вялікая i незвычайная гісторыя здарылася ca мной, i яна сапраўды можа служыць прытчай, якую запісваюць для сыноў i ўнукаў! склаўшы рукі на грудзях, загаварыў Нігмат,— Мы з сябрам ідзём з вялікай i цяжкай дарогі, на якой пакуль дапамагае лёс. Дапамажыце i вы, бацька іначай самыя апошнія крокі да дому стануць самымі цяжкімі.
— Уваходзьце!— сказаў гаспадар, i госці ўвайшлі на маленькі дворык, густа засаджаны кветкамі. Невялікая тэраса была ўся, да апошняга кавалка чырванаватага дрэва, упрыгожана разьбой i роспісамі. Алекса загледзеўся на бліжэйшую калону: прыхаматлівыя кветкі нібы абвівалі яе, а чырвоная фарба ўнутры кветак рабіла ix жывымі.
Гаспадар убачыў яго захапленне, але нічога не сказаў, павёў ix далей, у пакой.
Малады хлопец з тазікам руках i даўгагорлым сасудам з вадой узнік на парозе амаль імгненна.
У пакоі была тая ж адмысловая разьба — на дзвярах, на невысокім століку на шырме, што закрывала ўваход у другое памяшканне.
На сценах віселі яркія вышытыя палотны, i сонца па-асабліваму святочна лашчыла ўзоры i пералівы нітаў. Многа цярпення, многа дзён i начэй каштавала некаму гэтая работа, i Алекса падумаў пра дзяўчат — тоненькіх i палахлівых, чые кволыя рукі тварылі дзівы: нібыта ўбачыў сярод ix тую, за якой пайшоў у гэты далёкі, заліты вогненным пякельным сонцам край. Як ёй тутдыхаецца, як жывецца, ці не скалола яна свае амаль празрыстыя, далікатныя пальцы гэтай работай, вышываючы свайму чорнабародаму ўладару такія ж палотны?
— Чойшаб,— наказаў гаспадар на адно з покрываў, што хавала ўваход, прыўзняў яго. У другім пакоі гарой ляжалі ля сцен падушкі, на доўгім, вялікім дыване таксама стаяў маленькі столік. Алекса засаромеўся: відаць, задумаўся, пазіраючы на адмысловую жаночую работу праявіў залішнюю цікаўнасць. Нігмат, заўважыўшы яго збянтэжанасць, паляпаў яго па плячы, саступіў месца ля таза. Смуглявы хлапец адразу ж стаў паліваць на рукі. Алекса міжволі скурчыў далоні: рукі былі парэпаныя, з чорнымі шнарамі. Так, не вельмі пачэснага госця прымаў гаспадар Атаджан! Але нядоўга затрымаюцца яны тут. Ды,— тут жа кальнула думка,— могуць застацца i назаўжды. Небяспечная i няправедная, па меркаваннях людзей гэтай зямлі, ягоная справа! Можа, таму i Нігмат нічога не кажа гаспадару пра ix намеры, можа, Алекса сам, без нікога, зробіць тое, для чаго дабіраўся сюды? Калі нават гэта будзе апошнім у жыцці! Пасля ачомаўся. Нельга рашаць з разгону як хочацца, як прагне сэрца. Не, трэба цярпенне i яшчэ раз цярпенне!