Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула

Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:

Два новыя раманы Людмілы Рублеўскай : “Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію” і “Сутарэнні Ромула” атрымалі шырокі розгалас у грамадстве. Іх звязвае тэма сталінскіх рэпрэсій супраць беларускай творчай інтэлігенцыі, а таксама тое, што дзеянне адбываецца і ў сучаснасці, і ў мінулым, раскрываючы тэму гістарычнай памяці. Прозе Л.Рублеўскай уласцівы псіхалагічная глыбіня, эпічнасць, філасофскі роздум і напружаны сюжэт, а таксама спроба сфармуляваць беларускую нацыянальную ідэю. За раман “Сутарэнні Ромула” ў 2011 годзе пісьменніца стала лаўрэатам прэміі імя Францішка Багушэвіча.
1 ... 35 36 37 38 39 40 41 42 43 ... 213
Перейти на страницу:

— І хто пра гэта даведаецца? Хто паверыць? — мякка папытаўся Ка­сіянаў. — Асабліва калі ёсьць людзі, якія ўсім раскажуць, што ты — шпіён і здраднік. Дарэчы, зараз я пазнаёмлю цябе з такім чалавекам.

Ахоўнікі пацягнулі вязьня ў суседні пакой.

За сталом, ганарліва адкінуўшы галаву на высокую сьпінку крэсла і схаваўшы рукі пад стол, у чорным паліто, зашпіленым да падбароддзя, сядзеў прафесар хіміі Валяр’ян Скаловіч.

Кадура моўчкі глядзеў на прафесара. Гарбаты нос, цені вакол прыжмураных вачэй, фанабэрыстыя вусны, неахайныя валасы… Рэзкае, непрыгожае аблічча.

Скаловіча многія не любілі. Расказвалі пра яго ўсялякія пачварныя гісторыі. Згвалціў, забіў, чужую працу прыўлашчыў… Ну і, вядома, стукач.

Але пра самога Кадуру таксама расказвалі ўсялякае. І таксама не любілі.

І яшчэ: Зьмітро ні разу ня бачыў, каб суровы прафесар да кагосьці падлагоджваўся, усьміхаўся, калі гэтага не хацелася, гаварыў тое, што чакаюць. Затое казаць непрыемнае майстар. Самавар, пабыўшы трохі ў кампаніі прафесара, мог закіпець сам па сабе. Ну дык і Кадура на такое здатны.

Сапраўдныя падлюкі так сябе не паводзяць.

Касіянаў нешта балбатаў над вухам пра тое, колькі ворагаў дапамог выкрыць Скаловіч, як ён нават уласных сяброў і студэнтаў не шкадуе. Нават, мусіць, перастараўся. Вось і Кадуру ледзь не прымусіў арыштаваць.

Зьмітрок моўчкі глядзеў на прафесара. Той не адвёў позірк, толькі скрывіў вусны ў горкай усьмешцы.

Кадура дакладна ведаў, што тут нічога ня робіцца выпадкова. Мадэст Касіянаў вывярае кожную дробязь. Што яны чакаюць ад гэтай сустрэчы са Скаловічам? Каб ён, Зьмітрок, узьненавідзеў прафесара? Дзіўна… “Сваіх” так не падстаўляюць.

— Давай, падыдзі да яго. Ня бойся. Ведаеш, Кадура, можа, ты ня так ужо і вінаваты. Ты ж таленавіты паэт. Табе трэба пісаць, друкавацца, аздабляць сваім талентам савецкую ўладу. А з-за гэтага чалавека, з-за ягонай падазронасьці, ты пазбаўлены такога лёсу. Мы — што, мы — хірургі, выдаляем з цела дзяржавы пухліны, нарасты, гнілыя часткі. А здаровыя тканкі пакідаем. Разумееш, пра што я кажу, паэт?

Кадура хітнуў галавою.

— Значыць, па-вашаму, я — гніль.

Касіянаў незадаволена скрывіўся — вязень яшчэ можа разважаць. Кепска.

— Гэта вырашылі напачатку ня мы, а гэты чалавек, Скаловіч. З-за яго ты тут апынуўся… Уяві: твае вершы, паэзія, а паміж імі і табой — гэты мярзотнік. Ня хочаш нічога сказаць яму? Ну, давай жа… Мы ня будзем супраць, калі ты з ім пагаворыш як мае быць. Скажу табе па сакрэце — мы ведаем, што прафесар загубіў і зусім нявінных людзей, сваіх сяброў. Яны загінулі з-за яго даносу. Праўда, Скаловіч?

Хімік па-ранейшаму маўчаў, толькі апусьціў вочы, і цені на ягоным твары зрабіліся яшчэ глыбейшымі. А Касіянаў асьцярожна паклаў на край стала, бліжэй да Кадуры, пісталет і салдацкую дзягу з жоўтай масянжовай спражкай. Вось яно што…

Зьмітро падняў на Касіянава налітыя крывёю, запухлыя вочы.

— Месяц таму вашы падначаленыя паставілі побач мяне і Петрака… Распранутымі. І прымушалі, каб мы сьцябалі адзін аднаго дзягамі. Пятрок згадзіўся… Я — не. І… ён біў мяне… Але вінаваціць беднага Петрака — усё роўна што вінаваціць дзягу. Чуеш, Скаловіч, — Кадура павярнуўся да чалавека ў чорным паліто. — Дзяга не вінаватая.

Прафесар яшчэ больш скрывіў вусны і прахрыпеў, нібыта нешта сьціскала яму горла:

— Не… разумнічайце, Кадура. У вас… усё роўна… не атрымліваецца.

Зьмітро раптам усьвядоміў, што горла прафесара сапраўды нешта пераціскае… Ды ён жа проста галавой варухнуць ня можа. І рукі недарэмна пад сталом… Вось сволачы, зноў падстава...

А Касіянаў шыпеў над вухам сваё:

— Апраўдайся перад савецкай уладай! Улада ўсё даруе. Яна твая маці. Пакарай гэтага нягодніка, які падмануў тваю маці.

Адчайная весялосьць раптам ахапіла ўсю істоту Кадуры — весялосьць сьмяротніка. Ён закінуў галаву і зарагатаў страшным, хрыплым сьмехам.

— Маці, бля! Ну і дзеткі ў гэтай маці! Ты гаўно, Касіянаў! Ты пралятаеш, як фанера над Парыжам!

Апошняя фраза захлынулася пад ударамі.

Кадура ўпаў… І яму пашанцавала тым страшным шанцаваньнем, якое магло здарыцца тут — яго скронь патрапіла якраз на кут стала з цяжкога цёмнага дрэва.

…Даліла, задыхаючыся, глядзела на мёртвае цела.

Зноў — тыя самыя персоны, той самы кабінет… І зноў — труп. Што за лялькавод тузае за ніты ў гэтай пакутлівай гульні?

Касіянаў лаяўся. Нават твар ягоны страціў падманлівую азызласьць і мяккасьць, вочы, у сіраты пазычаныя, пасьвятлелі ад злосьці.

Мёртвае цела вынесьлі з пакою, накрыўшы выбеленай накрухмаленай прасьціною.

1 ... 35 36 37 38 39 40 41 42 43 ... 213
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)