Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
…Мужчына ў акуратным мундзіры, са звычайным, трохі азызлым, добразычлівым тварам булачніка сядзеў на звычайным драўляным крэсьле з абшарпанай сьпінкай. Газета даўно была прачытаная і адкінутая ў кут, яна ляжала на падлозе, бездапаможная, як вязень, які страціў прытомнасьць. І мужчына проста бязмэтна пазіраў на сьцяну, усю ў прожылках трэшчын, выбоінах і вычварных пісягах. Пры ўяўленьні — а ў мужчыны хапала ўяўленьня — у гэтых узорах можна было ўгледзець розныя дзівосныя карціны. Напрыклад, вавёрак, якія скачуць па кедрах. Альбо прыгажунек у сетчатых панчохах, якія дружна падкідваюць ногі на сцэне нэпманаўскага рэстарану. Альбо мітынг… Напэўна, чалавек з тварам булачніка часьцей за ўсё ўяўляў мітынг. Ці яшчэ лепей — як конармія перасьледуе белых. Шашкі сьвішчуць, расьсякаюць целы, цячэ кроў, і не блакітная яна зусім, белагвардзейцы падаюць пад капыты…
Якія яшчэ фантазіі могуць быць у начальніка аддзела па барацьбе з нацыянал-фашызмам таварыша Касіянава?
А можа, ён проста перажывае, што ў маленькага сына Кімушкі — ангіна, і трэці дзень трымаецца тэмпература? Бо таварыш Касіянаў — клапатлівы бацька і добры муж… І з годнасьцю выконвае сваю цяжкую, але неабходную працу ў гэтых брудных сьценах, і заслужыў, каб дома яго чакала гарачая вячэра, пастаўленыя ў вітальні пантофлі і ласкавы жончын пагляд…
Жонка любіць акуратнасьць. Сама калісьці была прыслугай. Цяпер патрабуе ад сваёй прыслугі сапраўднай працы.
Добра, што яна ніколі не пабачыць, у якіх умовах даводзіцца працаваць яе Модзіку.
Так, наўрад удасца калі-небудзь змыць са сьцяны гэтыя пацёкі.
Прыдзецца праз нейкі час атынкаваць ды пафарбаваць. У той самы практычны зялёны колер. Як мундзір. Гэтая сьцяна таксама мае права насіць мундзір.
Таварыш начальнік нецярпліва пацягнуўся. Напэўна, надакучыла сядзець. Каб курыў — дык было б чым заняцца. Але Мадэст Касіянаў клапаціўся аб сваім здароўі. Яму яшчэ шмат трэба пасьпець зрабіць.
Ён паглядзеў уніз. Староньні назіральнік здрыгануўся б, напэўна, ад гэтага відовішча. Між ножак крэсла ляжаў складзены ўдвая чалавек. Ляжаў нерухома, маўкліва. Як манекен. Але ён быў жывы — рукі, выцягнутыя наперад, паўзьверх ног, ад пакуты нават не дрыжэлі — уздрыгвалі, як ад удару токам. Адна рука была заматаная бруднай скрываўленай анучай.
Ды староньніх назіральнікаў тут не магло быць. А “мясцовых” відовішча ня ўражвала.
— Ну што, Кадура, можа, хочаш падняцца? — голас мужчыны гучаў лена і добразычліва. Складзены маўчаў, рукі яго ўсё ўздрыгвалі, калі прыгледзецца, можна было заўважыць, што гэтак жа ўздрыгваюць цягліцы на ўсім целе — рызманы мала што прыкрывалі. А варта было б прыкрыць — цела, зьбітае, худое, бруднае — выглядала страшна.
Мужчына ў фрэнчы раздражнёна крэкнуў. Мусіць, вырашыў, што і праўда трэба гада даставаць. Падобна, гаварыць ён проста ўжо ня можа.
Чалавек пад крэслам, аднак, мог гаварыць.
Але навошта? Ён даўно ўжо зьмірыўся з тым, што памрэ. Яшчэ тады, калі напісаў свой верш пра буру і мерцьвякоў. Не, ня супраць савецкай улады. За што яму, вясковаму хлапчуку, якому, каб не рэвалюцыя, не ва універсітэце вучыцца, а кароў век пасьвіць, — жадаць канца савецкай уладзе? Але набрыдзь усялякая, навалач, усё сапсавала. Свабоду далі — цяпер забіраюць. У кулакі палову вёскі запісалі. І краіну напалам падзялілі, каб лепшым яе кавалкам адкупіцца ад суседскага злога сабакі. Мову “наркамаўкай” скалечылі. Хто праз сто гадоў здагадаецца, што ў сьпявучым беларускім слове “сьнег” стаяў мяккі знак?
Бура зруйнавала хаты, прагнала жывых, а мерцьвякі, крыжы над якімі паваліліся, вызваліліся ад палону зямлі і ўзялі ўладу. І назвалі сваё ўладараньне краінай шчасьця.
Ён ведаў, што кожнае слова набліжае да сьмерці. Але ня мог не пісаць. Ён ніколі ня мог не пісаць.
Таму і быў невыносны — так казалі ўсе.
Бацькі, якія спадзяваліся, што адзіны сын падтрымае гаспадарку. А ён усё кінуў і ўцёк на рабфак — босы, з адзіным багацьцем у торбачцы — кніжкай “Дудка беларуская”.
Дзяўчаты... Кожная хацела няхітрага: каханьне-вясельле-дзеці-дом — і, гэта зноў жа значыць, гаспадарку. Ён пісаў ім вершы, цьвіло каханьне, потым — расчараваньне, сьлёзы, дакоры… З гэтага ён таксама высноўваў вершы, як павук высноўвае павуту з уласных вантробаў.
І выкладчыкі педуніверсітэта абураліся — далі магчымасьць самародку паступіць без іспытаў, закрываем вочы на прагулы і запоі — хоць бы які залік здаў. Сябры сьмяротна крыўдзіліся на забойчыя заўвагі. Мог сказаць : “Не пішы ты, браце, вершаў. Ня ўмееш. Лепей ідзі ў школку, дзяцей вучыць.” Або ўвогуле — “Ты пралятаеш, як фанера над Парыжам”.