Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула

Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:

Два новыя раманы Людмілы Рублеўскай : “Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію” і “Сутарэнні Ромула” атрымалі шырокі розгалас у грамадстве. Іх звязвае тэма сталінскіх рэпрэсій супраць беларускай творчай інтэлігенцыі, а таксама тое, што дзеянне адбываецца і ў сучаснасці, і ў мінулым, раскрываючы тэму гістарычнай памяці. Прозе Л.Рублеўскай уласцівы псіхалагічная глыбіня, эпічнасць, філасофскі роздум і напружаны сюжэт, а таксама спроба сфармуляваць беларускую нацыянальную ідэю. За раман “Сутарэнні Ромула” ў 2011 годзе пісьменніца стала лаўрэатам прэміі імя Францішка Багушэвіча.
1 ... 36 37 38 39 40 41 42 43 44 ... 213
Перейти на страницу:

— А з гэтым што? — папытаўся начальніка адзін са службоўцаў, кіўнуўшы ў бок прафесара.

— У камеру. Да сьмяротнікаў. Там, дзе з універсітэту ёсьць.

— У расход хіба? — зьдзівіўся асабіст.

Касіянаў злосна павярнуўся.

— Не заслужыў ён хуткай сьмерці, — і павярнуўся да прафесара. — Чуеш, Скаловіч? Усіх будуць страляць, а цябе — не. На цябе паляцяць чужыя мазгі, пырскі крыві… І так будзе, пакуль не зразумееш — твае выбрыкі бескарысныя. Ты ўсё роўна станеш добраахвотна дапамагаць сьледству. Рана ці позна. Сваім “я не валодаю гэтай інфармацыяй” ты нікога не падманеш. Усё роўна аддасі нам рукапіс Нічыпаровіча. Бо нікуды не падзенешся ад мінулага. Памятаеш Сяргея і Соф’ю? Што, вочы апусьціў? Не, ня выйдзе з цябе бязьвіннай ахвяры. Бо ты прадаў сяброў. Ты ж сам сабе не дараваў, праўда? І рэвалюцыя табе не даруе, пакуль ты ёй шчыра ня служыш. Таму ты станеш слухаць перадсьмяротныя крыкі. І крыкі нянавісьці ў свой бок. Але будзеш заставацца жывы. Столькі, колькі трэба.

Скаловіч фанабэрыста скрывіў вусны і прахрыпеў, умудраючыся пры гэтым захоўваць невыносна ментарскі тон:

— Вы, шаноўны, хаця я не сьпяшаўся б надаваць вам такі эпітэт, па-ранейшаму не навучыліся выказвацца лагічна. “Сколькі трэба”… Безадноснае вызначэньне, якое траціць сэнс. Трэба — каму? Вам? Мне? Партыі? І, па-мойму, толькі што эмпірычным метадам вам было даведзена, што падтрыманьне або спыненьне жыцьцядзейнасьці арганізма суб’екта лёгка выходзіць за рамкі вашага кантролю.

Касіянаў амаль адчайна завыў і кінуўся быў на “лектара”, але ў апошні момант затрымаўся, сьціснуў сківіцы, разьвярнуўся і выйшаў з кабінету хуткім крокам.

Даліла неверагодным намаганьнем узьнялася… Забіць! Касіянава трэба было забіць! Позна… Шкада, у яе ня мелася ў руках рэвальверу, як у баязьліўца Генуся. Яна б ня схібіла. Даліла павярнулася да Скаловіча. Ля таго завіхаліся нкусаўцы. Нешта адвязвалі, адкручвалі — ля шыі, на руках… Дапамагалі падняцца.

Скаловіч у сваім доўгім чорным паліто, з-пад якога віднеліся бліскучыя боты з “гармонікам”, стаяў пасярод пакою, нібыта вялізны кажан, і расьціраў запясьці рук. Яго змрочны худы твар не выказваў нічога. Можна было падумаць, што ён тут гаспадар.

Даліла раптам адчула страшэнны прыліў нянавісьці да гэтай персоны. Так, ён — таксама ахвяра. Але ж, падобна, і кат.

Што было далей — Даліла не магла распавесьці дакладна. Яна проста зразумела, што яе хвіліны Тут сыходзяць… І апошняя магчымасьць нешта выправіць — таксама.

Ужо ў зьменлівым мігценьні — быццам плёнку ў відзіку пачало “заядаць” — Даліла ўбачыла, што чорная постаць пахілілася і ўпала на падлогу. Як сьсечанае дрэва.

І аматарка горкага шакаладу кінулася да прафесара.

Па-за гульнёй-1

Вяртаць з небыцьця вас ня варта… Вядома, ня варта… Вы ў неба сплылі — і забыліся нашых балотаў, Дзе вуліцай вузкай начная праходзіла варта, Дзе крылы даюцца — ды лётаць чамусь неахвота. Сьцяну, быццам воспа, пабілі расстрэльныя кулі. Выбоіны бачна — а кроў пасплывала з дажджыма. У жоўтым пясочку паэты і каты паснулі, І шашаль да німбу залочаных зьеў херувімаў. У тэчках са справамі сьледчымі сьпіць Незалежнасьць, Між шчырых даносаў, нібыта між скураў зьмяіных. Рукою, да мура прыбітай, напішуцца вершы. І Бог Беларусь пералепіць з палепшанай гліны.

Пад нашымі нагамі, на аблезлай падлозе дому ля могілак, тварам уніз ляжаў чалавек у доўгім чорным паліто, у бліскучых новых ботах з “гармонікам” і зблытанымі цёмнымі валасамі. Даліла пераможна ўзьнялася, абапіраючыся рукой аб сьцяну.

— Цяпер… усё… скончана.

— Гэта хто, Скаловіч? — ашаломлена прамовіў Макс. — Што ты нарабіла?

— Тое, што не змаглі вы! — прагаварыла зьняможаная, але шчасьлівая Даліла. Яе зялёныя вочы зьзялі, як у амазонкі, што ўсадзіла стралу ў лыт­ку старажытнага грэка. — Я зьмяніла час. Цяпер у жніўні трыццаць трэцяга няшчасная ігруша нікога не сьцебане па твары!

— Ідыётка! — Макс відавочна не лічыў патрэбным далікатнічаць.— Як ты магла! Успомні маю лічбавую камеру ды мабільнікі! Ты ж забіла яго!

Мы ўсе схіліліся над прыхаднем з іншага часу. У мяне мімаволі вырвалася:

— Ну і сьмярдзіць!

— Ён не з салону прыгажосьці, а з турмы, — пагардліва патлумачыла Даліла.

— Прывід Эдмона Дантэса да ягонага пераўтварэньня ў графа Монтэ-Крыста, — скрозь зубы прагаварыў Генусь, датыкаючыся да непрытомнага няўпэўнена, нібыта да шкла з трэшчынай.

1 ... 36 37 38 39 40 41 42 43 44 ... 213
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)